Шэф-рэдактар «Нашай Нівы» скрытыкаваў Праграму імя Каліноўскага, назваўшы «зьдзекам» тое, што студэнты не вяртаюцца ў Беларусь і «адкрываюць кальянныя» ў Польшчы.
Свабода паразмаўляла з «каліноўцамі» пра вяртаньне дадому, бізнэс у Польшчы і іх разуменьне пасьпяховасьці праграмы.
Антон Губскі і Павал Мурашка, уладальнікі кальяннай Kominiarz у Катавіцах
Kominiarz (камінар, трубачыст) паўстаў у Катавіцах, горадзе на поўдні Польшчы, тры гады таму. Да яго адкрыцьця спрычыніліся чацьвёра беларусаў — Павал Мурашка, яго брат Сяргей з жонкай Ганнай і Антон Губскі. Усе вучыліся або вучацца на праграме імя Каліноўскага.
«Калі мы адкрываліся тры гады таму, то адкрываліся як беларуская кнайпа. Сёньня гэтае вызначэньне застаецца нязьменным», — кажа Антон. — «Мы ствараем уражаньне пра беларусаў для палякаў і трымаем месца, у якім нашы людзі адчуваюць сябе бліжэй да хаты. Беларусы, украінцы, рускія, якія апынуліся тут, могуць адчуваць сябе ў коле сваіх, размаўляць на роднай мове, знаходзіць новыя знаёмствы».
«Іншыя каліноўцы таксама сталі часткай нашай супольнасьці. Саша Суслава заўжды ў справе і ўкладае шмат часу і сілаў у гэта месца, Ільля Шыла робіць нам сайт, Паліна Клімава намалявала карціну, а Юля Калодкіна адказвала за трансьляцыю Алексіевіч, Дзіма Галямаў рабіў першыя фотаздымкі, а Каця Данэйка наагул ахвяравала мікрахвалёўку!» — апавядае Антон.
Kominiarz знаходзіцца ў цэнтры Катавіцаў, тут дзесяткі відаў гарбаты, можна замовіць кальян ці выпіць піва. Павал працягвае:
«Госьці нашага бара бачаць ва ўладальніках беларусаў, якія прыехалі сюды і пачалі рабіць уласны бізнэс, і робяць сваю справу добра. У нас працуюць беларусы і палякі. Хто сказаў, што нельга рабіць пасьпяховыя праекты ў іншай краіне? Або гэта не паказчык посьпеху?»
У назьве няма нічога беларускага, але хлопцы настойваюць, што галоўнае сутнасьць:
«Мы рэгулярна сьвяткуем Дзень Волі, арганізуем беларускія вечары, ставім беларускую музыку, ладзілі трансьляцыю ўручэньне Нобэля Алексіевіч. Урэшце, тут вісіць наш сьцяг!»
«Сьвет зьмяняецца, і Беларусь даўно выйшла за свае межы. Мяняць краіну — ня толькі хадзіць на мітынгі ў Менску. Беларусь сёньня — гэта ў першую чаргу беларусы, у тым ліку і за яе межамі, і ад гэтага нікуды не падзецца», — кажа Павал Мурашка пра тое, чаму вяртацца — не адзіна правільны шлях.
Рыгор Астапеня, рэдактар часопіса «Ідэя»
«Падаецца, што спадар Андрэй Дынько сьвядома завастрае тэму, каб пабудзіць абмеркаваньне Праграмы Каліноўскага. І, пэўна, спроба ўдалая, калі тэма дагэтуль жыве.
Калі б спадар Андрэй не завастраў, то я б хутчэй зь ім пагадзіўся. Здаецца відавочным, што калі працуеш унутры краіны, ёсьць большыя магчымасьці яе зьмяняць. Аднак напэўна не хацелася б, каб нехта вызначаў, каму вяртацца, а каму не.
Сам я вучуся ў дактарантуры, але ўжо на іншай праграме».
Яўген Скрабутан, дырэктар кансалтынгавай агенцыі PROPUS, вярнуўся ў Беларусь
Склалася ўражаньне, што сотні камэнтатараў у інтэрнэце толькі сядзелі і чакалі, пакуль вернуцца навучаныя каліноўцы і зробяць рэвалюцыю ў краіне. Заўважце, пасьля 2006 году, калі зьехаў першы набор праграмы, грамадзка-палітычная вулічная актыўнасьць у Беларусі акурат пачала зьніжацца.
Наш народ настолькі прывык, што за яго хтосьці штосьці пастаянна павінен рабіць. Людзі ў Зэльве аргумэнтуюць свой няўдзел у сталічных акцыях тым, што менскіх там два мільёны — няхай яны ходзяць. Менскія, у сваю чаргу, спадзяюцца на апазыцыю ці каліноўцаў. У выніку прадпрымальнікі нібы абвяшчаюць страйк, а яго рэалізацыю і ўдзел скідваюць на лідэраў апазыцыі. І потым іх жа крытыкуюць, што нічога не атрымалася. Настаўнікі фальсыфікуюць выбары, чыноўнікі бяруць хабар, міліцыянты пішуць ілжывыя пратаколы, а вінаватыя нібы каліноўцы. Варта проста ў адзін дзень усім разам перастаць гэта рабіць, і адразу жыцьцё зьменіцца — гэта ж так проста!
«Мы захопім польскі рынак за тыдзень-два»
Хто ж кажа пра здраднікаў, якія аселі ў Польшчы, той ня бачыць далей свайго носа. Дзякуючы гэтым «здраднікам» практычна ў кожным польскім горадзе беларус-каліновец мае ўласны дом — ці ня так вучыла жыць старая беларуская казка пра новыя боты ў пачатковых клясах? А гэта аграменная сетка партнэраў і магчымых прадстаўніцтваў для беларускага бізнэсу з нашых людзей. Калі беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы навучацца рабіць якасны тавар, які адпавядае эўрапейскім стандартам і мае адпаведныя сэртыфікаты, паверце, мы захопім польскі рынак за тыдзень-два. Хто ж як ня тысяча "каліноўцаў" больш за ўсіх мае сяброўскіх кантактаў у Польшчы – пры спрыяльных умовах гэта спатрэбіцца для стварэньня польска-беларускіх прадпрыемстваў і прыцягненьня заходніх інвэстыцый у краіну. Можа, яно і не відаць, але ў гэтым кірунку праца ідзе.