Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашае пакаленьне скончыць ганаровую справу — будаўніцтва незалежнай краіны», — «каліноўцы», якія вярнуліся


Глеб Сандрас
Глеб Сандрас

Калі паўставала польская стыпэндыяльная праграма імя Каліноўскага для адлічаных за палітычную дзейнасьць беларускіх студэнтаў, некаторыя выказвалі асьцярогу, што большасьць стыпэндыятаў ня вернецца ў Беларусь. Свабода паразмаўляла з тымі, хто вярнуўся.

Дакладных лічбаў праз 10 год няма, але кіраўніца камітэту «Салідарнасьць» Іна Кулей сьцьвярджае, што 70% стыпэндыятаў вяртаецца ў Беларусь. Гэта сотні чалавек. Калі мы рыхтавалі гэты тэкст, нам удалося пагутарыць з двума дзясяткамі «каліноўцаў», якія жывуць і працуюць у Беларусі.

Глеб Сандрас

Мне прапаноўвалі паехаць на Праграму яшчэ ў 2006 годзе, калі яна была створаная. Тады я заканчваў гімназію, і існавала рэальная пагроза не паступіць у ВНУ праз палітычную дзейнасьць. Але на той момант мне было ўсяго 18, і я ня быў гатовы ехаць навучацца за мяжу. Таму Праграма была для мяне запасным варыянтам, калі б праз «чорныя сьпісы» я ня трапіў ва ўнівэр. Але ж я паступіў на бюджэтнае аддзяленьне гістфаку БДУ і далей прымаў актыўны ўдзел у палітычнай дзейнасьці. Канчаткова паступаць на Праграму я вырашыў пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў Менску. І вось улетку наступнага году я зьехаў у Польшчу.

«На маім наборы была дзяўчына, якая ня ўдзельнічала ў аніводнай акцыі і слаба разумела беларускую мову»

Тое, што на Праграму трапляюць «левыя» людзі — абсалютная праўда. Натуральна, такіх людзей значна менш, чым палітычных. Напрыклад, на маім наборы была дзяўчына, якая ня ўдзельнічала ў аніводнай акцыі апазыцыі і ўвогуле слаба разумела беларускую мову. Яна нават казала, што трапіла на Праграму «па блату». Ведаю, што некаторыя спрабавалі самі надурыць кіраўніцтва Праграмы: адзін хлопец схлусіў, што скончыў школу, а пасьля яго выгналі з ВНУ за палітыку, не аддаўшы атэстату. Насамрэч ён скончыў 9 клясаў школы й паступіў у каледж, адкуль яго выгналі за непасьпяховасьць. Калі ж з Варшавы патэлефанавалі ва ўнівэрсытэт, каб папрасіць скан атэстата, то на абодвух канцах дроту ўсе былі вельмі зьдзіўленыя. Памятаецца, як нейкія дзяўчаты хацелі скардзіцца на дрэнныя ўмовы ў інтэрнаце... Кастусю Каліноўскаму, бо думалі, што ён кіраўнік Праграмы.

«Людзі не засталіся кінутымі дзякуючы такой унікальнай праграме»

Добра ці кепска, што ёсьць такая праграма — гэта дзіўнае пытаньне. Кепска тое, што ў Беларусі шмат людзей выгналі з навучальных установаў за палітычныя погляды, якія адрозьніваюцца ад дзяржаўнай ідэалёгіі. Прычым ня толькі з ВНУ і ССНУ, а нават са школ. І тое, што гэтыя людзі не засталіся кінутымі дзякуючы такой унікальнай праграме, безумоўна, добра. Іншае пытаньне — хто як выкарыстаў магчымасьць навучаньня ў Польшчы. Шмат хто «вылецеў» з Праграмы яшчэ пасьля першай сэсіі — асабліва з 244 каліноўцаў першага набору. Хтосьці сьпіўся, хтосьці «стырчаўся», але гэта ня рэдкасьць сярод усіх студэнтаў незалежна ад праграмы, нацыі і краіны. Хтосьці эміграваў у іншыя краіны Эўропы й нават Штаты, хтосьці адкрыў у Польшчы свой бізнэс, а хтосьці вандруе аўтастопам па сьвеце... Колькі людзей, столькі і гісторый.

Пачуцьцё еднасьці і прыналежнасьці да «каліноўцаў» калі і ёсьць, то яно вельмі слабое. Гэта шмат у чым абумоўлена тым, што наборы паміж сабой ніяк не інтэграваліся, акрамя штогадовых традыцыйных зьездаў стыпэндыятаў. Плюс тое, што ўсе вучыліся ў розных гарадох. Асабіста я шмат з кім сябраваў і да Праграмы, шмат з кім пазнаёміўся ўжо ў Польшчы й сябрую па сёньняшні дзень.

«Апошні набор — з 6 чалавек, два зь якіх ужо калісьці былі ўдзельнікамі Праграмы»

Ня думаю, што яна яшчэ патрэбная. Колькасьць рэпрэсіяў у дачыненьні да студэнтаў значна зьменшылася. І гэта пацьвярджае апошні набор з 6 чалавек, 2 зь якіх ужо калісьці былі ўдзельнікамі Праграмы. Гэта, між іншым, было адной з прычын яе прыпыненьня. Але, на мой погляд, яе можна было б рэфармаваць, а не закрываць. Напрыклад, даць стыпэндыі ўдзельнікам, якія адвучыліся ў межах Праграмы 5 год і хочуць паступіць у дактарантуру.

«Маёй першапачатковай місіяй было скончыць вучобу і вярнуцца на Радзіму»

Пасьля заканчэньня вучобы я працаваў: спачатку карэспандэнтам на навінным сайце, пасьля ад памочніка бармэна дайшоў да бар-мэнэджэра. Я ўжо даўно цікавіўся майстэрствам стварэньня кактэйляў, але ўсё неяк адкладаў гэта ў доўгую скрыню...

У Беларусь я зьбіраўся вярнуцца пасьля абароны дыплёму — у 2013 годзе. То бок маёй першапачатковай місіяй было скончыць вучобу й вярнуцца на Радзіму, бо ўсё ж тут сямʼя й сябры. Але каханьне зацягнула. Увогуле думаў, што за пару год пасьля майго адʼезду ў Беларусі ўсё ўладкуецца, але яна ўсё больш і больш набліжалася да эканамічнага дна. Гэта таксама паўплывала на тое, што я яшчэ год вагаўся. Але нарэшце вярнуўся.

У плянах — працаваць. Толькі вось вартую працу з добрым заробкам знайсьці ў часы крызісу цяжка. Тым больш у Салігорску. Тут, па вялікім рахунку, два выйсьці: альбо на «Беларуськалій», што амаль немагчыма нават з сувязямі, альбо ніяк. Пераканаўшыся ў першым, шукаю працы ў Менску.

Яўген Бойка

Яўген Бойка
Яўген Бойка

Я трапіў на праграму Каліноўскага, пабыўшы студэнтам Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Клясыка жанру: палітычная дзейнасьць за Мілінкевіча — Плошча — грамадзкая дзейнасьць — выключэньне. Далей можна было спрабаваць аднавіцца на платнае ці падаць дакумэнты на праграму Каліноўскага з пэрспэктывай вучыцца ў Польшчы. Выбраў пэрспэктыву. Ані разу не пашкадаваў.

На Праграму траплялі розныя хлопцы й дзеўкі. Былі тыя, каму навучаньне не давалася й не далося. І ня дзіва. Такая праграма рэалізоўвалася ўпершыню, не было вялікага досьведу, як арганізаваць увесь працэс, у тым ліку адбіраць «каліноўцаў» — думаю, з гэтай прычыны трапляліся часам і неадпаведныя кандыдатуры. У маім наборы (трэцім) кожны кандыдат праходзіў гутарку ў польскай амбасадзе. Таму, калі траплялі «слабыя» кандыдатуры — гэта, збольшага, з абʼектыўных прычын.

«Мы змагаліся за Свабоду, а самі не зусім былі да яе падрыхтаваныя»

На пачатку вучобы ў Польшчы я даволі крытычна ставіўся да праграмы Каліноўскага і дазваляў сабе гучныя заявы на гэты конт. За некаторыя, на цяперашні розум, мне сорамна... Ведаеце, думаю, асноўная праблема праграмы Каліноўскага была ў нас саміх! Мы не заўсёды былі такімі самастойнымі студэнтамі, як гэта прынята ў эўрапейскіх унівэрсытэтах. Я дык напэўна. На гістфаку Магілёўскага ўнівэрсытэту нас загружалі рознымі канспэктамі, іспытамі, залікамі, 4–5 параў на дзень, па суботах таксама сядзі ва ўнівэры. Цябе загрузяць, пракантралююць, правераць перад сэсіяй, і нарэшце самой гэтай сэсіяй запоўняць усё тваё жыцьцё.

У Познані было ня так. 5–8 заняткаў на тыдзень! Па пары залікаў і іспытаў на паўгода. Разьвівайся, хлопча, сам, чытай кнігі, пішы навуковыя працы на любую тэму, пашырай сьветапогляд і гэтак далей. І ўсё самастойна. Вось тут, мусіць, некаторыя з нас і прагарэлі. Калі вольнага часу забагата, а сам яго запаўняць не навучыўся — тады й расслабляесься па ўсіх магчымых кірунках. Мы змагаліся за Свабоду, а самі не зусім былі да яе падрыхтаваныя. Хаця, можа, я цяпер толькі пра сябе вяду гаворку.

Каліноўцы былі з розных арганізацыяў і гарадоў Беларусі. Потым мы вучыліся па розных гарадох Польшчы. Пачуцьцё еднасьці на такой глебе цяжка высьпявае. Можа, тыя, хто штогод выбіраецца на супольныя мерапрыемствы, болей гэта адчувае. Павага такім хлопцам і дзяўчатам. Хіба нейкае няўлоўнае пачуцьцё ўсё ж такі зьяўляецца. Можа, супольнасьць каліноўцаў яшчэ паўстане і грымне на Беларусі.

Праграма, безумоўна, патрэбная. Хай маладыя беларусы едуць вучыцца ў лепшыя польскія ўнівэрсытэты. Хай лепшыя зь іх вяртаюцца і разьвіваюць родны край. На Беларусі для такіх урадлівая глеба. Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся! Ужо штосьці робім больш граматна й адэкватна, чым раней. Ідзем наперад.

«Маю цудоўную жонку і пакуль аднаго сына»

Пасьля сканчэньня вучобы я вярнуўся на Беларусь. Дапісваю навуковую працу па БСРГ. Працую ў невялікай, але прафэсійнай web-студыі. Робім якасныя web-прыкладаньні, я асабіста кантактую з кліентамі. Маю цудоўную жонку і пакуль аднаго сына. Працягваю дзейнасьць — аматарскую этнаграфічную, запісваю найлепшых у сьвеце бабулек зь іх сьпевамі, жартамі й сьветапоглядам. Таксама запісваў вуснагістарычныя ўспаміны «праведнікаў народаў сьвету» і ліквідатараў наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Адзін зь ліквідатараў, палкоўнік КДБ Аляксей Крывашэін, кіраваў Асобым аддзелам у зоне адсяленьня, напісаў добрую крытычную кнігу. Вось зараз яе выдаём. Чарнобыльская радыяцыя бліжэй да нас, чым гэта можа падавацца.

«Нашае пакаленьне скончыць ганаровую справу — будаўніцтва незалежнай краіны»

Мы каліноўцы, і бліжэйшыя пляны вядома якія. У 2006-м мы былі маладыя, думалі, што ўсё лёгка і прыгожа. Таму атрымалася рамантычна ды бесьпераможна. Тады яшчэ ня ўсё зразумелі. У 2010-м — мы былі больш цьвярозыя і збольшага бачылі, што так перамога не дасягаецца. Досьвед атрымалі калясальны. У 2015-м — мы яшчэ не былі падрыхтаваныя, дый вонкавая сытуацыя была досыць небясьпечная. Мы проста перацярпелі «зацішша».

А вось цяпер зьяўляецца і пашыраецца пэрспэктыва. Менавіта нашае пакаленьне скончыць ганаровую справу — будаўніцтва незалежнай краіны з вольным шчасьлівым народам. Вось такі цудоўны плян, калі агульна казаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG