Філёзаф Валянцін Акудовіч некалі пісаў:
«Расея не на ўсход ад зямель Беларусі, Расея — усход Беларусі. Гэта значыць, што Расея нейкім сваім контурам (як і Эўропа) натуральна знаходзіцца ўнутры нашай уласнай самасьці. Складовая частка „Расея“ ў самасьці беларусаў ёсьць як раз адзін з элемэнтаў нашага адрозьненьня. Дарэчы — у першую чаргу ад непасрэдна Расеі. Апошняе не зьяўляецца парадоксам. Аналягічна „Азія“, „азійства“ ў целе Расеі не набліжае Расею да ўласна Азіі, а аддзяляе ад яе — у экспансіянізьме і непераадольным антаганізьме».
Дадзеныя сакавіцкага 2016 году апытаньня НІСЭПД пацьвярджаюць гэтую думку Акудовіча, прычым, як тымі паказчыкамі, якія гадамі застаюцца нязьменнымі, гэтак і нечаканасьцямі.
Толькі безнадзейныя аптымісты не пагодзяцца з тым, што Беларусь цяпер перажывае эканамічны крызіс. Паводле апытаньня, так лічыць пад 90% беларусаў. Улада, не адмаўляючы гэтага, празрыста намякае на тое, што вінаватая ў гэтых нягодах не яна, а зьнешнія фактары. Такое тлумачэньне не пазбаўленае падставаў — кошты на нафту ўпалі, Расея пад санкцыямі, яе эканоміка ў заняпадзе, ну а галоўны рынак Беларусі вядома дзе.
Аднак цікава, што беларусы з гэтым перакладаньнем адказнасьці за крызіс на сьвет у цэлым і асабліва на Расею ня згодныя: 48% ускладаюць віну на ўрад, 47% — на прэзыдэнта, і толькі на 7-м месцы, пасьля парлямэнту, Эўропы, ЗША і самога беларускага народу — Расея, якую вінаваціць у крызісе толькі кожны дзясяты беларус.
Яшчэ больш паказальныя адказы на пытаньне аб тым, хто можа дапамагчы краіне гэты крызіс пераадолець. Патэрналізм беларусаў дае збой, самы папулярны адказ (37%) — «Ніхто не дапаможа, трэба спадзявацца толькі на сябе». Але хто на другім месцы? Не айчынная ўлада, на якую ўскладаюць надзеі толькі 17% апытаных, а Расея — 26%.
Расея не вінаватая ў крызісе і Расея ўратуе — на фоне драматычнага падзеньня рэйтынгу кіраўніка дзяржавы (з 36% у сьнежні 2015 году да 27% у сакавіку 2016 году) ёсьць пра што задумацца.
Чаму так, чаму надзеі ўскладаюцца на Расею, а не, скажам, на Эўропу, зь якой менавіта ў пачатку гэтага году пачалася нармалізацыя адносінаў?
Адзін з фактараў — фонавыя паказчыкі, якія сьведчаць аб культурнай і гістарычнай блізкасьці з суседнім народам. На пытаньне, да каго вы культурна бліжэйшыя, амаль тры чвэрці адказваюць — да расейцаў, і толькі чвэрць — да эўрапейцаў. Прыхільнікаў думкі, што беларусы, расейцы і ўкраінцы — «тры галіны аднаго народу» — больш за дзьве траціны, прыхільнікаў думкі, што гэта розныя народы — 29%. І гэтыя лічбы не зьмяняюцца з году ў год.
Зрэшты, вернасьць ідэалягічным формулам, магчыма, не зусім дакладна апісвае стаўленьне. Але ў апошнім апытаньні НІСЭПД задавалася пытаньне, навеянае тэкстам Віталя Цыганкова, у якім журналіст прапанаваў замяніць у школьных праграмах прадмет «расейская літаратура» на прадмет «сусьветная літаратура», так бы мовіць, паставіць расейскую літаратуру «у шэраг праз коску» — Талстой, Шэксьпір, Сэрвантэс і г. д. Прапанова практычная і ні ў якай ступені не русафобская, Цыганкоў прапаноўваў замяніць на Шэксьпіра і Сэрвантэса не Талстога — таксама, як і яны, сусьветнага клясыка, а, умоўна кажучы, Някрасава. Аднак адказы апытаных: за замену — 26%, супраць — 60%. «Усход Беларусі», як і было сказана.
Прычым, цікава, што на гэтыя адказы адносна слаба ўплывае дэмаграфія: у Менску за захаваньне «расейскай літаратуры» ў школьнай праграме — 62%, у вёсцы — 60%, сярод старых (60 гадоў і старэйшых) і сярод моладзі (18-29 гадоў) адсотак прыхільнікаў status quo ў гэтым пытаньні 62%. Нават стаўленьне да прэзыдэнта дыфэрэнцыруе адказы ня надта: сярод тых, хто давярае яму, за захаваньне прадмета «расейская літаратура» ў школьнай праграме — 62%, сярод тых, хто не давярае — 59%. Што падзяляе, дык гэта культурная ідэнтыфікацыя, сярод тых, хто бліжэй да расейцаў, за «расейскую літаратуру» 67%, сярод тых, каму бліжэйшыя эўрапейцы — 42% (пры 45% — за замену на «сусьветную літаратуру»).
Зрэшты, паўтару, што гэткія ўстаноўкі — толькі фон, яны былі прыкладна такімі самымі і раней. Аднак цяпер на іх накладваецца кантэкст жорсткага супрацьстаяньня РФ і Захаду, у якім беларусы хутчэй на баку Расеі. З нагоды адной зь першапрычынаў канфлікту — далучэньня Крыму да РФ, апытаныя вялікай большасьцю — 58% супраць 27% — падтрымліваюць вэрсію, што гэта было аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці, а не імпэрыялістычны захоп. Віну за невыкананьне заключаных у Менску у 2015 годзе мірных пагадненьняў па Ўкраіне 51% рэспандэнтаў ускладае на ўкраінскія ўлады, 24% — на Захад, і толькі 21% — на Расею.
Зрэшты, сяброўства сяброўствам, блізкасьць блізкасьцю, але цалкам з Расеяй і з расейскім народам беларусы сябе не атаясамліваюць. 45% апытаных падзялілі асьцярогу, што Беларусь можа закрануць канфлікт паміж РФ і Захадам, большасьць — 54% — пагадзіліся зь меркаваньнем, што Беларусі лепей не займаць нічый бок у вострым канфлікце паміж Расеяй і Турэччынай, доля праціўнікаў разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай вайсковай авіябазы за квартал павялічылася з 34% да 43%.
Іншымі словамі, беларусы не гатовыя салідарызавацца з усімі ваганьнямі расейскай палітыкі, асабліва калі гэта тычыцца іх непасрэдна, патрабуе ад іх краіны рашучых дзеяньняў, якія могуць прывесьці да непрадказальных наступстваў. Але культурную блізкасьць з «усходам Беларусі» гэта не адмяняе.
Дарэчы, ня выключана, што адным з фактарам, прычым менавіта культурнага парадку, які абумоўлівае надзеі пераважна на Расею, стаў эўрапейскі міграцыйны крызіс. Ужо сьнежаньскае 2015 году апытаньне НІСЭПД зафіксавала зьдзіўленьне беларусаў з нагоды палітыкі Эўропы ў гэтым пытаньні: тады на адпаведнае пытаньне пра сваё стаўленьне да палітыкі ЭЗ да мігрантаў 52% падтрымалі меркаваньне, што «трэба высылаць уцекачоў назад, не пускаць да сябе — гэтыя людзі чужыя Эўропе», і толькі траціна апытаных палічылі, што «трэба прымаць гэтых людзей — яны бягуць ад войнаў і галечы, ім трэба дапамагчы». У сакавіку 2016 году, пасьля навагодняй драмы ў Кёльне, разрыў меркаваньняў стаў яшчэ больш пераканаўчым — 60% супраць 27%. І справа тут ня толькі ў тым, што крызіс зь мігрантамі стаў для беларусаў сынонімам і паказчыкам слабасьці і нестабільнасьці Эўропы, у чым іх дакучліва пераконваюць беларускія дзяржаўныя СМІ. Гэты крызіс пагоршыў і культурны разрыў — сярэдні беларус шчыра не разумее, навошта Эўропа пускае да сябе чужых людзей, якія ствараюць ёй масу праблем.
Гэты культурны разрыў збольшага і тлумачыць, чаму надзеі на выхад з крызісу ўскладаюцца на Расію. Яна, пры ўсёй яе недарэчнай, з пункту гледжаньня беларускай масавай сьвядомасьці, няўрымсьлівасьці, зразумелая, а Эўропа ня вельмі зразумелая. Ну а на дапамогу хутчэй можна разьлічваць ад таго, хто зразумелы.
У свой час Мао Цзэдун казаў, што народ — гэта чысты аркуш паперы, на якім можна пісаць самыя прыгожыя герогліфы. «Вялікі кормчы» зьлёгку іранізаваў, сам ён быў палітыкам вельмі кітайскім. Палітыкам меншага маштабу, у тым ліку і меншага маштабу злачынстваў, варта ўлічваць кантэкст, тое, што «аркуш паперы» не зусім ужо «чысты», і што не любыя, хай нават і прыгожыя, герогліфы на ім можна пісаць.
Гэта да таго, што фэномэн «усходу Беларусі» можна абгуляць, але ня варта ігнараваць. Не, можна, вядома, але каб пісаць на гэтым «аркушы» любыя герогліфы, трэба мець руку Мао, што дадзена нямногім палітыкам, як дэмакратычным, гэтак і аўтарытарным.
Перадрук з сайту TUT.BY