Стан здароўя Надзеі Саўчанкі, прысуджанай судом у Расеі да 22 гадоў пазбаўленьня волі, цяпер стабілізаваўся, але штодня яна страчвае 400-500 грамаў вагі.
Пра гэта паведаміў у панядзелак у сацсетях адвакат ўкраінскай лётчыцы Мікалай Полазаў.
Ён адзначыў, што прысуд уступае ў сілу з 5 красавіка, а ўжо 6 красавіка яна мае намер аднавіць сухую галадоўку. Полазаў дадаў, што падаваць апэляцыю Саўчанка не зьбіраецца, і забараняе рабіць гэта адвакатам, адгаварыць яе ад галадоўкі не ўдалося.
22 сакавіка Данецкі гарадзкі суд Растоўскай вобласьці прысудзіў Саўчанку да доўгага тэрміну, прызнаўшы вінаватай у саўдзеле ў забойстве двух расейскіх журналістаў на ўсходзе Украіны. Сваю віну яна катэгарычна адмаўляе.
Ўкраінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка назваў працэс па справе лётчыцы «ганебным судзілішчам» і выказаў гатоўнасьць абмяняць Саўчанку на двух расейцаў Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ярафеева, затрыманых у зоне спэцапэрацыі ў Данбасе.