Кароткі агляд пра тое, як Дзень незалежнасьці Беларусі эміграваў на Захад, а потым вярнуўся дадому і пераўтварыўся ў Дзень Волі.
Дзень Волі ў Кангрэсе ЗША
Першы раз Дзень Волі сьвяткавалі ў 1919-м у Горадні, урачыстасьці адбываліся і ў іншых гарадах. Да 1939-га гэта магло адбывацца толькі на беларускіх тэрыторыях, якія тады належалі Польшчы. Пасьля Другой сусьветнай вайны 25 сакавіка беларусы-эмігранты адзначалі ў ЗША або ў іншых краінах Захаду. Дзякуючы намаганьням беларускай дыяспары, у многіх штатах і гарадах абвяшчаліся Беларускія дні. Не адзін год малітва за беларускі народ 25 сакавіка гучала ў Кангрэсе ЗША. Шмат гадоў прэзыдэнты Злучаных Штатаў 25 сакавіка віншавалі амэрыканскіх беларусаў з Днём абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
Вяртаньне дадому
Дарэчы, у ЗША гэты дзень беларусамі адзначаўся як дзень Незалежнасьці. Сучасная назва замацавалася ў 90-х. Тады ж, калі Дзень Волі вярнуўся ў Беларусь, — першы раз публічна сьвята адзначылі ў 1989-м.
Сьвяткавалі Дзень Волі з 80-х гадоў. Але тады моладзь зьбіралася на кватэрах ці інтэрнатах альбо езьдзіла ў лес, арганізоўвала сустрэчы ў творчых майстэрнях. Такім жа чынам адзначалі 25-га сакавіка і беларусы ў Польскай Народнай Рэспубліцы.
Першая акцыя
Яе зладзіў мастак Алесь Пушкін у 1989-м. Ён выставіў свае працы наўпрост на вуліцы, бо ў інстытуце гэта зрабіць забаранілі. Такі пэрформанс неўзабаве перарос у невялікі мітынг.
І гэта не адзіны пэрформанс Пушкіна на Дзень Волі. У 1992-м усе выглядала вось так.
Сам мастак назваў акцыю, якая адбылася ў менскім Доме літаратараў, «Свабодна і нязмушана». Але апроч аголенай жанчыны, было яшчэ 37 працаў Пушкіна.
Амаль дзяржаўнае сьвята
А вось так сьвяткавалі Дзень Волі ў цэнтры Менску ў 1993-м. Тады беларусаў віншаваў з Днём Волі старшыня Рады БНФ Язэп Сажыч і старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.
Дзень Волі і Вясна-96
Самы масавы Дзень Волі ў Беларусі быў у 1996-м. На вуліцы выйшла каля 30 тысячаў чалавек, аргкамітэт сьвяткаваньня узначальваў Васіль Быкаў. Свабода сабрала 12 фактаў пра падзеі Менскай вясны-1996.
Рэвалюцыя ў Дзень Волі
Апазыцыйны палітык і былы дэпутат Андрэй Клімаў заклікаў беларусаў выйсьці на рэвалюцыю 25 сакавіка 2005 году. Некалькі тысяч чалавек сабралася на Кастрычніцкай плошчы, сам Клімаў быў арыштаваны і асуджаны да 15 месяцаў абмежаваньня волі.
А год перад гэтым трое актывістаў, у тым ліку Вячаслаў Сіўчык, прыкавалі сябе кайданкамі да слупоў.
Дзень Волі-2006
У 2006-м на Дзень Волі ў беларусаў кідалі шумавыя і дымавыя гранаты. Пасьля мітынгу ў сквэры Янкі Купалы, сотні дэманстрантаў на чале з Аляксандрам Казуліным, кандыдатам у прэзыдэнты, рушылі ў бок турмы ў завулку Акрэсьціна ў Менску. Там знаходзіліся сотні чалавек, арыштаваных падчас разгону намётавага мястэчка на Плошчы. Людзей сустрэў спэцназ, дзясяткі былі зьбітыя і затрыманыя, у тым ліку Казулін. На волю ён выйшаў толькі праз два з паловай гады.
Масавыя затрыманьні ў 2008-м
Праз два гады калёна моладзі спрабавала прарвацца праз кардоны ў цэнтры Менску. На перакрыжаваньні вуліцы Казлова і праспэкту адбыліся сутыкненьні з АМАПам. Было затрымана і асуджана каля ста чалавек.
Гэта яшчэ адносна спакойна — у 2000-м на вуліцах Менску была вайсковая тэхніка і тыя ж сотні затрыманых.
Дзень Волі — беларускае плянэтарнае сьвята
Няма іншага дня, які сьвяткуецца беларусамі па ўсім сьвеце настолькі шырока. Мітынгі і імпрэзы адбываюцца па ўсім сьвеце, ад Таронта да Кіева.
Дзень Волі ў кіно
Тэлеканал «Белсат» зьняў дакумэнтальна-публіцыстычны фільм Уладзіміра Арлова, Юрыя Хашчавацкага і Алега Дашкевіча «Дзень Волі».