Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткаваньне 98-х угодкаў БНР адбудзецца ў цэнтры Менску


Дэмакратычная апазыцыя рыхтуецца адзначыць 98-я ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёлета прадстаўнікі палітычных партыяў і рухаў аб’ядналіся дзеля таго, каб Дзень Волі адзначыць супольнай масавай вулічнай акцыяй. Пра свой удзел у сьвяткаваньні ўгодкаў БНР заяўляюць таксама прадстаўнікі дробнага бізнэсу Беларусі. Упершыню за многія гады Дзень Волі мае адбыцца не на плошчы Бангалор, а ў цэнтры Менску.

98-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі — нацыянальнае сьвята, якое ўпершыню за апошнія гады аб’яднала дэмакратычныя сілы краіны. Лідэры і прадстаўнікі палітычных партыяў, рухаў і арганізацыяў падалі ў Менгарвыканкам супольную заяўку на сьвяткаваньне Дня Волі — 2016. І ўжо традыцыйна Менгарвыканкам унёс свае карэктывы ў прапанаваныя пляны — зьмяніў падрыхтаваны маршрут шэсьця.

Заяўнікі мелі намер сабрацца каля Акадэміі навук і прайсьці да парку Янкі Купалы. Чыноўнікі вырашылі вярнуць шэсьце на ранейшы маршрут: ад кінатэатру «Кастрычнік» да плошчы Бангалор.

Тым ня менш сьвяткаваньне адбудзецца ў цэнтры гораду, пацьвердзіў Свабодзе адзін зь лідэраў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец:

Павал Севярынец
Павал Севярынец

«Заяўнікамі вулічнай акцыі былі прадстаўнікі шэрагу палітычных партыяў і рухаў, але Менгарвыканкам „адсеяў“ тых, хто цягам году меў адміністрацыйныя спагнаньні. Да прыкладу, Аляксея Янукевіча, Міколу Статкевіча і некаторых іншых. У выніку сярод заяўнікаў засталіся Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў і некаторыя іншыя.

Тым ня менш сьвяткаваньне Дня Волі будзе супольным. Адзінае, што частка людзей ужо адгукнулася на заклік Міколы Статкевіча і прыйдзе спачатку ў парк Янкі Купалы ў 17.00, а частка людзей будзе іх чакаць каля кінатэатру „Кастрычнік“».

Сёлетні Дзень Волі пройдзе пасьля шэрагу несанкцыянаваных акцыяў у цэнтры Менску. Каля дзясятка акцыяў прайшлі без заяваў і дазволаў уладаў, прычым адносна мірна. Таму думаю, што лягічна будзе чакаць большай колькасьці ўдзельнікаў. І беларускія настроі ў грамадзтве мацнеюць, гэта бачна і па моўных курсах, і па вышыванкавых фэстах, і агулам узровень страху становіцца меншы. У кожным разе сёлета сьвяткаваньне Дня Волі ня будзе на Бангалоры, а гэта будзе падзея ў цэнтры Менску.

Пра свой удзел у сьвяткаваньні Дня Волі ў Менску заявілі прадстаўнікі дробнага бізнэсу з розных гарадоў Беларусі: Барысава, Сьветлагорску, Ліды і іншых месцаў. Гаворыць прадстаўнік індывідуальных прадпрымальнікаў у Менску Аляксандар Макаеў:

Аляксандар Макаеў
Аляксандар Макаеў

«Прадпрымальнікі, не дамогшыся сваіх патрабаваньняў, будуць працягваць масавыя вулічныя акцыі ў гарадах Беларусі. Таму ў сьвята ўсяго беларускага народу, у Дзень Волі, прадпрымальнікі таксама маюць выйсьці найбольш масава, каб заявіць пра свае правы і адсьвяткаваць Дзень Волі. Мы цалкам падтрымліваем прапанаваны сцэнар — гэта ўскласьці кветкі да помніка Янку Купалу, а таксама прайсьці да „Кастрычніка“, каб там узяць удзел у мітынгу. Бо праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў застаюцца, і іх трэба вырашаць, у тым ліку і ўдзелам вось у такіх масавых вулічных акцыях».

Тым часам Моладзь БНФ заклікала грамадзкасьць наведаць месцы пахаваньняў і ўскласьці кветкі лепшым прадстаўнікам беларускай нацыі.

Вечарыну, прысьвечаную Дню Волі і 10-м угодкам Менскай вясны-96, напярэдадні праводзіць рух салідарнасьці «Разам», паведаміў Свабодзе адзін зь лідэраў руху Вячаслаў Сіўчык:

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык

«Напярэдадні, 24 сакавіка, у сядзібе партыі БНФ мы праводзім вечарыну, прысьвечаную Менскай вясьне 1996 году. Бо менавіта з акцыі Дня Волі і пачалася тая вясна, якая паспрыяла, каб Беларусь была незалежнай і сёньня.

Я вельмі спадзяюся, што сёлетняе сьвяткаваньне пройдзе ўрачыста і годна і таксама на вуліцах Менску. Гэта найбольшае сьвята для беларусаў, і з прапановы Міколы Статкевіча мы ўскладзем кветкі да помніка нашаму прароку і ідэолягу стварэньня БНР Янку Купалу. Пасьля пяройдзем да месца дазволенага збору, і спадзяюся, што ўлады ня будуць замінаць гэтым урачыстасьцям. Запрашаю ўсіх неабыякавых беларусаў далучыцца да сьвяткаваньня Дня Волі».

Як паведамляюць у аргкамітэце, удзельнікі сьвяткаваньня Дня волі — 2016 запатрабуюць ад уладаў прызначыць 25 сакавіка дзяржаўным сьвятам беларускай незалежнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG