Здароўе Надзеі Саўчанкі сапраўды не выклікае сур’ёзных асьцярогаў, аднак не зразумела, на якой падставе расейская Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў (ФСВП) робіць высновы аб яе стане, паколькі ў ізалятары мэдык толькі мерае ёй тэмпэратуру цела і артэрыяльны ціск. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў адвакат Марк Фэйгін.
Здавальняючы стан здароўя сваёй падабароннай ён патлумачыў тым, што яна добраахвотна прымае пэўную «арганічную вадкасьць, якая ўводзіцца галадоўнікам па сыстэме ФСВП». Аднак, па словах Фэйгіна, зрабіць больш пэўныя высновы пра здароўе ўкраінскай лётчыцы можна будзе, «толькі калі яе ўнутраныя органы абсьледуе сур’ёзны спэцыяліст».
Раней у чацьвер «Інтэрфакс» са спасылкай на мэдыцынскае кіраўніцтва ФСВП паведаміў, што галадоўка Саўчанка не нясе сур’ёзных рызыкаў яе здароўю. У ведамстве заявілі, што ў турэмных мэдработнікаў ёсьць усе ўмовы для аказаньня ўкраінскай лётчыцы любой мэдыцынскай дапамогі.
Данецкі гарадзкі суд Растоўскай вобласьці ў аўторак прысудзіў Надзею Саўчанку да 22 гадоў калёніі агульнага рэжыму, прызнаўшы яе вінаватай у дачыненьні да забойства двух расейскіх журналістаў пад Луганскам летам 2014 гоуа. Па абвінавачваньні ў незаконным перасячэньні расейскай мяжы ўкраінскай лётчыцы прызначаны штраф. Саўчанка прысуд не прызнае. Падчас судовага працэсу яна некалькі разоў абвяшчала сухую галадоўку. У аўторак яна заявіла пра намер абвясьціць чарговую галадоўку 6 красавіка — у дзень уступленьня ў сілу вынесенага ёй прысуду.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў працэс па справе Саўчанкі «ганебным судзілішчам». Ён паведаміў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін раней абяцаў вярнуць асуджаную на радзіму. «Надышоў момант выканаць гэтае абяцаньне!» — заявіў украінскі лідэр. Ён дадаў, што ўзамен Кіеў гатовы перадаць Расеі двух расейскіх вайскоўцаў, «затрыманых за ўдзел ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны».
У Крамлі заявілі, што рашэньне па пытаньні аб выдачы Ўкраіне ці абмене Надзеі Саўчанкі можа прыняць толькі Пуцін.
У аўторак ўкраінская лётчыца была прысуджаная да 22 гадоў пазбаўленьня волі.