Пікет адбудзецца з 18 да 19 гадзіны на стадыёне мікрараёну «Паўночны» — адной зь дзьвюх вызначаных мясцовымі ўладамі пляцовак для масавых акцыяў.
Адзін з арганізатараў акцыі, сябра партыі БНФ, праваабаронца ПЦ «Вясна» Сяржук Русецкі:
«Мы хацелі праводзіць на Цэнтральным стадыёне Бярозы, які хаця б сваім уваходам выходзіць на галоўную вуліцу Леніна. Але ўлады прапанавалі нам стадыён Паўночнага гарадка, на краі гораду, менш людны ў гэты час. А з другога боку, у гэтым мікрараёне побач са стадыёнам некалькі шматпавярховых дамоў. У заяве мы пісалі, што меркаваная колькасьць удзельнікаў — да 10 чалавек. Але ж могуць быць удзельнікі пікета, а могуць быць і тыя людзі, якія проста падышлі да акцыі», — распавёў Сяржук Русецкі.
Мінулы дазволены пікет у Бярозе адбыўся 27 ліпеня 2015 году і быў прымеркаваны да ўгодкаў прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі. Тады, распавёў Сяржук Русецкі, міліцыянты налічылі заплаціць больш як 4 мільёны за абслугоўваньне акцыі дзясяткам супрацоўнікаў. Аднак бярозаўскія праваабаронцы абскардзілі ў МУС такую высокую, на іх думку, суму, і яе зьменшылі амаль напалову.
25 сакавіка, кажа Сяржук Русецкі, паводле дамовы зь міліцыянтамі на пікеце будзе ўжо меней супрацоўнікаў — усяго 4.