Някляеў: З-за тэрактаў я ня змог пакрытыкаваць палітыку Эўразьвязу

Беларускія палітыкі распавялі Свабодзе пра свае ўражаньні ад Брусэля пасьля тэрактаў.

Дэлегацыя беларускіх палітыкаў у складзе Анатоля Лябедзькі, Аляксея Янукевіча, Уладзімера Някляева, Міколы Статкевіча, Віталя Рымашэўскага, Ірыны Вэштард, Юрася Губарэвіча, Сяргея Калякіна і Тацяны Караткевіч сёньня вяртаецца з Брусэля ў Менск. З-за таго, што брусэльскі аэрапорт Zaventem да гэтага часу не працуе, палітыкі паедуць у Амстэрдам, адкуль вылецяць рэйсам «Белавія» ў Менск.

Аляксей Янукевіч

«У Брусэлі вельмі мала людзей на вуліцах, бачна, што ўсе імкнуцца застацца дома. Не працуе большасьць установаў, у цэнтры зачыненыя нават бары, крамы, кавярні і рэстарацыі. Учора з абеду горад фактычна апусьцеў. У раёне, дзе знаходзяцца структуры Эўразьвязу, вельмі шмат паліцыі, узброеных вайскоўцаў, вельмі часта праяжджаюць машыны зь мігалкамі», — сказаў Свабодзе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Янукевіч адзначыў, што з-за выбухаў былі скасаваныя некаторыя мерапрыемствы ў Эўрапарлямэнце, у якіх павінна была ўдзельнічаць беларуская дэлегацыя:

«Пасяджэньні працоўнай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі „Ўсходняга партнэрства“ (Эўранэст) прайшло ў скарочаным складзе, таму што шмат хто з прадстаўнікоў Эўрапарлямэнту ня здолеў дабрацца, трапіўшы ў транспартны каляпс. На жаль, было скасаванае паседжаньне камітэту замежных спраў Эўрапейскага парлямэнту па Беларусі. Справа ў тым, што гэтае мерапрыемства было заплянаванае пасьля абеду, і яго скасавалі, калі стала вядома пра выбухі ў мэтро».

Як адзначылі ўдзельнікі дэлегацыі, сябры працоўнай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» наведаюць Беларусь падчас падрыхтоўкі да парлямэнцкіх выбараў-2016.

Адзін з ініцыятараў Кангрэсу дэмакратычных сілаў Уладзімер Някляеў сказаў у інтэрвію Свабодзе, што з-за тэрактаў ня змог выступіць з жорсткай крытыкай палітыкі Эўразьвязу, якая апошнім часам скіраваная на збліжэньне з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі:

Уладзімер Някляеў

«Безумоўна, тое, што адбылося ў Брусэлі, — гэтыя тэрарыстычныя акты, кроў, сьмерці — істотна паўплывалі на ход паседжаньня працоўнай групы па Беларусі ды і на саму хаду абмеркаваньня беларускіх праблемаў. Зразумела, што ў сувязі з тэрактамі нашыя праблемы рэзка зьменшыліся ў сваіх маштабах. Але адразу паўстала пытаньне вайны ва Ўкраіне, вайны ў Сырыі і іншыя глябальныя праблемы, якія сьвету трэба вырашаць сёньня. Таму беларускае пытаньне адышло на другі плян. Тым ня менш, яно засталося, таму што ні гэтыя падзеі, ні нейкія іншыя ня могуць нам засланяць нашае жыцьцё. Добра, што застаецца разуменьне таго, што так, як ёсьць у нас, не павінна быць.

Я зьбіраўся даволі жорстка выступіць адносна палітыкі зьменаў праз збліжэньне, якую праводзіць Эўразьвяз. Таму што яна спрыяльная пакуль толькі для рэжыму Лукашэнкі. Але адчуў, што псыхалягічны стан тых, хто мусіць нас пачуць, ня вельмі стасуецца з танальнасьцю такіх заяваў. З таго, што ўдалося абмеркаваць, — праблема выбараў у Беларусі, праблема ціску ў дачыненьні да дэмакратычнай супольнасьці, праблема затрыманьняў і штрафаў».