Станіслаў Шушкевіч быў адзіным з 12 кіраўнікоў дзяржаваў, які не папрасіў загадзя даслаць папярэднія пытаньні для размовы. Сказаў, што гатовы адказаць на любое пытаньне.
Пераважную большасьць інтэрвію для праекту «Расея і я» я запісвала ў офісах былых кіраўнікоў дзяржаваў, якія былі ім былі гарантаваныя паводле закону. Былыя прэзыдэнты мелі сакратароў, памочнікаў, ахову. Дзейныя палітыкі запрашалі мяне ў камфортныя штаб-кватэры іх партый, іхнія фатографы і сакратары рыхтавалі для мяне архіўныя фотаздымкі для аздабленьня відэа.
Станіслаў Шушкевіч, які паставіў свой подпіс пад гістарычнымі Белавескімі пагадненьнямі аб скасаваньні СССР, запрасіў мяне ў сваю кватэру на колішнім праспэкце Машэрава. Як мне падаецца, там мала што зьмянілася з пачатку 1990-х гадоў, калі Шушкевіч быў першым кіраўніком незалежнай Беларусі. Толькі што кніг стала болей. У калідоры заўважаю знакаміты велатрэнажор, які падаравалі Шушкевічу падчас візыту беларускай дэлегацыі ў ЗША ў 1993 годзе. Выглядае, што яшчэ працуе.
Станіслаў Станіслававіч — гасьцінны і дабразычлівы гаспадар. Прапаноўвае мне і апэратарам слодычы і гарбату, якую заварвае на свайму рэцэпту. Ахвотна паказвае падарункі і сувэніры ад розных кіраўнікоў сьвету.
Мы вырашаем запісваць інтэрвію ў кабінэце першага кіраўніка Беларусі. Тут кніжныя шафы да столі і стары пісьмовы стол, да ягога колішні старшыня беларускага парлямэнту сам прымацоўваў спэцыяльныя палічкі для працэсара і прынтэра. 81-гадовы Шушкевіч шмат гадоў працуе на кампутары, добра засвоіў розныя кампутарныя праграмы, як спрактыкаваны фотааматар сам апрацоўвае фотаздымкі на кампутары. Дарэчы, і кнігу «Маё жыцьцё, крах і ўваскрошаньне СССР» напісаў цалкам сам, адрозна ад былога калегі Вячаслава Кебіча, які меў брыгаду літаратурных дапаможнікаў для напісаньня кнігі «Спакуса ўладай».
Станіслаў Станіслававіч з лёгкім сумам расказвае, што з-за хваробы быў вымушаны адмовіцца ад цыклю лекцый за мяжой, дзякуючы якім ўжо шмат гадоў жывуць ён і ягоная сям’я. Калі мы запісвалі інтэрвію, пэнсія Шушкевіча складала менш за адзін даляр. Станіслаў Станіслававіч гаворыць пра гэта спакойна і па-філязоўску.
«Палітычная карэктнасьць — гэта доля адукаваных людзей... Я заўсёды ўспамінаю акадэміка Ліхачова, расейскага інтэлігента, які казаў на зьезьдзе народных дэпутатаў СССР: „Можна прыкінуцца навукоўцам, можна прыкінуцца інжынэрам, можна прыкінуцца гандляром, але нельга прыкінуцца інтэлігентам“. Дык вось наш прэзыдэнт — ён ня можа быць інтэлігентным чалавекам па прыродзе. Таму ён паступае самым бессаромным не інтэлігентным чынам. Я не зьняважуся да таго, каб у яго нешта прасіць. Пакуль я здаровы, я магу зарабляць сабе на жыцьцё і маю шмат запрашэньняў, дзе магу працаваць. Але не ў Беларусі. У Беларусі мне забаронена працаваць. Калі я здаровы, у мяне праблемы няма, але калі ў мяне ёсьць праблемы са здароўем, я задумваюся над тым, што трэба нешта мець у Беларусі. Пакуль я нічога ня маю».
Навуковец, які стаў кіраўніком дзяржавы. Лідэр незалежнай краіны, які не ўпусьціў дзьве магчымасьці — вывезьці ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі і дэ-юрэ канстатаваць, што Савецкі Саюз спыніў сваё існаваньне. Палітык, якога адны катэгарычна не прымаюць, а другія аддана падтрымліваюць. Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, якому дагэтуль помсьціць Аляксандар Лукашэнка. Гістарычная постаць, якая ўвасабляе сабой іншую Беларусь.
Такім я пабачыла першага кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча. А вось ягоныя адказы на пытаньні для праекту Свабоды «Расея і я» прапаную кожнаму ацаніць самаму.