Кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі лічыць групу кампаніяў «Сэрвалюкс», створаную Яўгенам Баскіным, адной з самых пасьпяховых прыватных арганізацыяў у Беларусі.
Паводле эканаміста, фармальнай падставай для затрыманьня бізнэсоўца магла стаць нясплата падаткаў, як гэта было ў выпадку зь Юрыем Чыжом. Зьняволеньне Баскіна, мяркуе Пётар Мігурскі, можа прывесьці да банкруцтва «Сэрвалюкса», што адаб’ецца на стане сельскай гаспадаркі Беларусі.
Эканаміст кажа: дзейнасьць кампаніі Баскіна сьведчыла пра тое, што найбліжэйшым часам яна магла стаць вядучым прадпрыемствам па вырабе мяса птушкі і манапалізаваць гэтую вытворчасьці ў Беларусі.
«Зразумела, „Сэрвалюкс“ — прыватная камэрцыйная арганізацыя. На прадпрыемствах кампаніі сучаснае абсталяваньне і тэхналёгіі, якія з посьпехам выкарыстоўваюцца, — заўважае экспэрт. — Калі ж Баскін напраўду затрыманы, значыць, ня ўсё было ў яго ў парадку са сплатай падаткаў. Іншых прычын для затрыманьня я ня бачу. Дапускаю, што створаная Баскіным імпэрыя можа безь яго абрынуцца, і пасьпяховы бізнэс будзе загублены».
Наступствы «развалу» «Сэрвалюксу», кажа эканаміст, адаб’юцца на ўсёй сельскай гаспадарцы Беларусі. Калі малако, тлумачыць ён, вырабляюць адносна дробныя вытворцы, то «імпэрыя Баскіна» — іншая справа. Яна дужа адчувальная да вонкавага ўзьдзеяньня. Прадпрыемствы, якія ўваходзяць у яго кампанію, даволі вялікія:
«Абезгалоўліваньне кампаніі можа прывесьці да таго, што мільярды рублёў інвэстыцыяў, якія сёньня там круцяцца, будуць змарнаваныя. І вытворчасьці мяса птушкі будзе нанесены разбуральны ўдар. Мо для эканомікі Беларусі гэта будзе ня дужа адчувальна, але для сельскай гаспадаркі наступствы будуць вельмі нэгатыўныя», — мяркуе Пётар Мігурскі.
Каб ня скласьці кампанію Баскіну-Чыжу, астатнім трэба хутчэй бегчы плаціць падаткі
«Тут трэба разглядаць з двух бакоў. Так, з дапамогай Баскіна ці таго ж Чыжа можна паправіць фінансавую сытуацыю — скажам так, на месяц. А вось тое, што зьнішчаецца цэлая галіна — гэта нашмат больш сур’ёзна. Яшчэ раней фактычна было абяскроўлена віцебскае прадпрыемства „Ганна“: на сёньня там зьнізілася прыбаўленьне ў вазе на 10 грам, па году — гэта сотні тон мяса. Тое ж самае будзе і зь бізнэсам Баскіна, бо асабліва ніхто ня будзе напружвацца наконт эфэктыўнасьці гэтага бізнэсу. Па вялікім рахунку, фірма абезгалоўленая. Ключавыя фігуры, якія займаліся рэалізацыяй гэтага праекту (прычым даволі пасьпяховага, бо і віцебская „Ганна“, і магілёўскі „Пятруха“ былі самымі эфэктыўнымі вытворцамі ў сваёй галіне), нэўтралізаваныя. Птушкагадоўля ў Беларусі ня тое што зьнішчаная, але будзе зьведзеная да мінімуму. Першыя наступствы для спажыўцоў — дарагая птушка ў крамах, колькасьць яе пры гэтым будзе зьмяншацца».
Пакуль што дзяржава ўзялася за заможных прыватнікаў. Але, можа, такія публічныя пасадкі — сыгнал і для гаспадарнікаў дзяржаўнай сфэры? Ці варта ім таксама напружвацца ў чаканьні непажаданых наступстваў? Пётар Мігурскі амаль перакананы: страціць наседжанае месца нашмат прасьцей, чым за яго ўтрымацца:
«Так, пакуль кантралёры ўзяліся за прыватнікаў. Але ў тым жа Магілёве ёсьць даляравыя мільянэры, якія кіруюць дзяржаўнымі прадпрыемствамі і якіх нібыта не чапаюць. Ня буду называць прозьвішчы, пералічваць гэтыя ўстановы, бо будзе з майго боку неэтычна. Іх не чапаюць, даюць працаваць. Але я ўпэўнены, што надыдзе час, і пачнуцца арышты і сярод гэтых людзей, бо эканоміка ў загоне, ідзе зьнішчэньне цэлых галінаў. У прыватнасьці, сельскай гаспадаркі. Таму амаль перакананы, што ўсё ня скончыцца толькі Баскіным і Чыжом. Сытуацыя будзе, як кажуць, у разьвіцьці».
Што найперш трэба зрабіць іншым удзельнікам нефармальных «топаў» мясцовых багацеяў, каб пазьбегнуць лёсу сваіх калегаў-мільянэраў Чыжа і Баскіна? Галоўная парада ад Пятра Мігурскага:
«Найперш, трэба сплаціць усе падаткі. Таму што, не выключаю, і Чыж, і Баскін дзесьці „гулялі“ з падатковай сыстэмай, рознымі шляхамі недаплачвалі падаткі. Я, напрыклад, іншага тут ня бачу. Бо нельга проста адвольна ўзяць і збанкрутаваць імпэрыю Баскіна. Значыць, павінна быць нейкая прычына, зачэпка, хай нават фармальная. Бо не сакрэт, што самае страшнае злачынства перад дзяржавай — гэта прыхоўваньне прыбыткаў. Таму ўсе астатнія зараз напружацца і хуценька пабягуць плаціць падаткі. Што ў маштабах краіны будзе мець станоўчы эфэкт».
Яўген Баскін — адзін з самых пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі. Створаная ім група кампаніяў «Сэрвалюкс» вядомая пад брэндамі «Петруха», «Братья Гриль», «Кувшинка». У яе склад уваходзяць птушкафабрыкі, мяса- і малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы, камбікормавыя заводы.