Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумесных праектаў у Чыжа і Баскіна не было, — экспэрт


Яўген Баскін
Яўген Баскін

Складальнік рэйтынгу самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі Вадзім Сяховіч распавёў Свабодзе пра асаблівасьці бізнэс-імпэрыі «птушынага караля» Яўгена Баскіна.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, кіраўнік кампаніі «Сэрвалюкс» Яўген Баскін і чацьвёра ягоных падначаленых былі затрыманыя ў Магілёве.

Яўген Баскін уваходзіць у бізнэс-эліту Беларусі. У рэйтынгу 200 самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі, які рэгулярна складае інтэрнэт-партал «Ежедневник», ён цяпер займае 6-е месца.

Пра асаблівасьці бізнэс-імпэрыі «птушынага караля» Яўгена Баскіна Свабода пагутарыла са стваральнікам рэйтынгу «Ежедневника» Вадзімам Сяховічам.

— Баскін — прадстаўнік маладой хвалі бізнэсу. Ён шосты ў топе самых пасьпяховых бізнэсмэнаў Беларусі — гэта ўжо сьведчыць пра тое, што чалавек сур’ёзны. Выпускнік Магілёўскага машынабудаўнічага інстытуту, у 1994 годзе пачаў з гандлю. Вельмі ўдала на пачатку 2000-х гадоў паўдзельнічаў у прыватызацыі прадпрыемстваў, якія занятыя ў вытворчасьці кармоў і мяса птушкі. У яго цяпер адна з найбуйнейшых кампаніяў у СНД — ён займае 8-е месца пасьля ўкраінскага «Міронаўскага хлебапрадукта» і шасьці расейскіх фірмаў. На беларускім рынку ён наагул № 1 — у яго 30% на рынку бройлераў.

У яго вельмі высокатэхналягічны бізнэс, шмат замежных спэцыялістаў, апэрацыйны дырэктар — галяндзец. Гэта значыць, вельмі прыстойны, сур’ёзны бізнэс.

— У яго былі агульныя праекты зь Юрыем Чыжом?

— Не, яны наагул практычна не перасякаліся. Адзінае, што мінулым летам ён на вясельлі сына Чыжа быў. Дый не магло ў іх быць сумесных праектаў. Чыж ніколі не займаўся птушкай, хоць прозьвішча ў яго птушынае.

— Якія былі самыя буйныя праекты Баскіна ў апошнія гады?

— Самы буйны праект — прыватызацыя ў 2013–2014 годзе пры падтрымцы мясцовых уладаў Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыкі. Гэта быў адзін зь яго прамых канкурэнтаў, канкурэнтаў яго «Сэрвалюкса» — яны 1–2 месца дзялілі. Такім чынам, калі ён прыватызаваў Смалявіцкую фабрыку, ён стаў найбуйнейшым вытворцам у Беларусі мяса птушкі. Цяпер яго кампанія далёка апярэджвае ўсіх астатніх канкурэнтаў. Апошнім часам ён інвэставаў у пашырэньне гэтай фабрыкі ў Смалявічах. А акрамя таго, ён у мінулым годзе выйшаў на рынак малака — ён набыў малочны завод у Смалявічах, пачаў будаваць буйную сучасную фэрму. Вывеў некалькі брэндаў на рынак — «Кувшинка», LANDERS. То бок ён дывэрсыфікаваў свой бізнэс.

— Бізнэс Баскіна ў апошнія гады дэманстраваў станоўчую дынаміку?

— Безумоўна. У яго была магілёўская фабрыка, якую ён спачатку ўзяў у арэнду, а потым выкупіў у дзяржавы і мадэрнізаваў. Потым прыватызаваў магілёўскую гандлёвую сетку «Задняпроўе». Потым прыватызаваў буйны завод па вытворчасьці камбікармоў у Аршанскім раёне. Купля Смалявіцкай птушкафабрыкі стала апошняй буйной зьдзелкай.

У яго быў праект у Смаленскай вобласьці, ён падпісаў са смаленскімі ўладамі пагадненьне пра будоўлю там фабрыкі, але гэта было да таго, як ён купіў Смалявічы. Потым ён усё-ткі вырашыў укладаць інвэстыцыі ў Беларусь, а не ў Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG