Крымінальную справу Міхалевіча прыпынілі, але не закрылі. Ён ужо ў Празе

Алесь Міхалевіч

Кандыдат у прэзыдэнты 2010 году, былы палітвязень Алесь Міхалевіч лічыць, што ўлады, не закрыўшы справу, хочуць захаваць рычагі ціску на яго.

«Я лічу, што ўлады ня хочуць цалкам зьняць супраць мяне абвінавачваньні. Яны хочуць ня проста захаваць твар, а захаваць магчымасьць мне пагражаць і на мяне ўплываць. То бок фактычна „падвесіць“ мяне, каб я баяўся актыўна дзейнічаць», — заявіў ён Свабодзе.

Алесь Міхалевіч атрымаў апавяшчэньне, што папярэдняе сьледзтва па ягонай справе прыпынена 9 сакавіка 2016 году. Аўтаматычна была адмененая падпіска пра нявыезд. Але палітык застаецца ў статусе абвінавачанага паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў), і справа можа быць адноўлена ў любы момант. Прычым у такім стане сытуацыя можа захоўвацца досыць доўга.

«Такі стан абмежаваны толькі тэрмінам маёй крымінальнай справы, а гэта 10 гадоў. А мая справа афіцыйна вядзецца 9 месяцаў: то бок 3 месяцы да майго ад’езду — потым яна была прыпынена, і тэрмін даўнасьці разам зь ёю — і цяпер яшчэ паўгода. Таму ў такім статусе я маю ўсе пэрспэктывы хадзіць 9 гадоў і 3 месяцы», — сказаў Міхалевіч.

Алесь Міхалевіч быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 году. 19 лютага 2011 году яго адпусьцілі са сьледчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе, а 28-га ён правёў прэс-канфэрэнцыю, на якой расказаў пра катаваньні ў СІЗА.

У сакавіку 2011 году Міхалевіч таемна выехаў зь Беларусі, патлумачыўшы гэта пагрозай «рэальнай фізычнай расправы», і празь некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

У верасьні 2015 году экс-кандыдат у прэзыдэнты вярнуўся ў Беларусь.