Сайт праекту «Расея і я»
Экс-прэзыдэнт Малдовы Пэтру Лучынскі быў маім першым былым прэзыдэнтам. У праекце Свабоды «Расея і я».
Калегі з малдоўскай службы Свабоды падказалі мне ягоны мабільны. Пэтру Лучынскі адразу зацікавіўся праектам, і ўжо праз тыдзень я — ў Кішынэве, ва ўтульнай рэзыдэнцыі былога прэзыдэнта ў цэнтры гораду. Пакуль апэратары выстаўляюць камэры, я разглядаю кніжныя шафы ў ягоным кабінэце, я дакладней кнігі па-расейску, якія займаюць каля чвэрці ягонай бібліятэкі — збор твораў Дастаеўскага, Пушкіна, аўтарытэтныя слоўнікі расейскай мовы...
Біяграфія і геаграфія Лучынскага ўражваюць. У 50 гадоў ён увайшоў у вышэйшае кіраўніцтва Савецкага Саюзу, быў членам Палітбюро, сакратаром ЦК КПСС, а калі Малдова стала незалежнай дзяржавай, некалькі гадоў быў паслом Малдовы ў Расеі. Усяго Пэтру Лучынскі працаваў у Расеі на розных пасадах каля 12 гадоў. Своеасаблівым вынікам сталі ягоныя кнігі «Закладнікі» і «Апошнія дні СССР», перакладзеныя на многія мовы, якія сталі ўжо бібліяграфічнай рэдкасьцю. За савецкім часам Лучынскі тры гады быў другім сакратаром ЦК Кампартыі Таджыкістану, дзе яго дагэтуль добра памятаюць і згадваюць добрым словам. Чатыры гады Лучынскі быў кіраўніком парлямэнту Малдовы, і з 1996 па 2001 год — прэзыдэнтам.
Пэтру Кірылавіч вельмі ўсьцешаны, што ў вялікім праекце Свабоды першае інтэрвію — менавіта зь ім. Ён жадае мне посьпеху з наступнымі гутаркамі, кажа, што будзе зацікаўленым гледачом сэрыі «Расея і я».
76-гадовы былы прэзыдэнт — дасьведчаны і абаяльны суразмоўца. У дэталях памятае, як праз добрыя асабістыя кантакты з лідэрамі Расеі даводзілася хутка вырашаць складаныя пытаньні. «Я толькі абраны, але яшчэ не заступіў на пасаду. 30-га сьнежня „Малдовагаз“ атрымлівае тэлеграму „Газпрома“ — адключаем газ за нявыплату. Дрэнна плацілі, трэба сказаць, — згадвае Пэтру Кірылавіч. — Я знайшоў Чарнамырдзіна, зь якім мы разам працавалі калісьці ў ЦК, і кажу: „Такая сытуацыя пад Новы год. Разьбярэмся?“ Ён кажа: „Добра, што ты мне патэлефанаваў, таму што тут як раз „Газпром“ у мяне цяпер“. Вы можаце сабе ўявіць, каб на Новы год адключылі газ? Была такая ж гісторыя з Барысам Мікалаевічам. У мяне браў інтэрвію Андрэй Каравулаў, як вы цяпер. — усьміхаецца Лучынскі. — І ў гэты час патэлефанаваў Барыс Мікалаевіч — я яго шукаў і ён ператэлефанаваў. Гэта праблема дзьвюх хвілінаў, калі не сказаць адной хвіліны».
Цяпер Лучынскага найперш непакоіць, што «апошнім часам у Расеі завяліся людзі — прыхільнікі размаўляць з астатнім сьветам — найперш гэта адчуваем мы, былыя савецкія рэспублікі, — з пазыцыі сілы, з пазыцыі старэйшага брата». Былы ідэоляг і вопытны палітык Лучынскі не называе імёны, але да гэтай тэмы ў размове вяртаецца зноў і зноў.
Ён добра ведае Беларусь, як пэрыяду СССР, так і цяперашнюю. Зьвяртае ўвагу, што за савецкім часам партыйнае кіраўніцтва, як Беларусі, так і Малдовы, размаўляла па-расейску. Добра памятае, якія праблемы мелі знакавыя беларускія пісьменьнікі з партыйнымі ўладамі. Пра Лукашэнку як пра былога калегу — толькі добрыя словы, гэта своеасаблівы кодэкс прэзыдэнтаў. Праўда, пасьля тактоўна пералічвае перавагі, якія мае былы прэзыдэнт: «Я магу выказаць зь любой нагоды тое, што я думаю, я магу адмовіцца ад нейкага візыту, ад нейкай просьбы, я магу езьдзіць куды заўгодна, раблю менш памылак, чым калісьці рабіў, я не паўтараю іх...».
Былы партыйны ідэоляг, падчас кіраваньня якога быў узяты курс на інтэграцыю Малдовы ў эўрапейскую супольнасьць і аддаленьне ад СНД. Прэзыдэнт, які лічыць сябе прамалдоўскім, прарасейскім і праэўрапейскім палітыкам. Малдаванін, які напісаў кнігу «Малдова і малдаване», у якой нароўні са станоўчымі якасьцямі вельмі крытычна апісаў адмоўныя рысы сваіх суайчыньнікаў. Філёзаф, які шукае адказы на вечныя пытаньні ў сваёй кнізе «Жыцьцё і сьмерць», якую напісаў, прааналізаваўшы шматлікія эпітафіі на могілках. Былы прэзыдэнт, да якога па-ранейшаму сотні людзей зьвяртаюцца з просьбамі і пытаньнямі. Суразмоўца, зь якім ужо напачатку гутаркі адчуваеш, нібы вы знаёмыя шмат гадоў.
Такім я пабачыла другога прэзыдэнта Малдовы Пэтру Лучынскага. А вось ягоныя адказы на пытаньні для праекту Свабоды «Расея і я» прапаную кожнаму ацаніць самаму.