Інстытут антыкрызісных кіраўнікоў існуе ў нашай краіне каля дзесяці год. Адмыслоўцы гэтай сфэры займаюцца распрацоўкай праграмаў па выплаце запазычанасьцяў, ліквідацыі альбо фінансавым аздараўленьні для неплатаздольных прадпрыемстваў, якія вымушаныя распачаць працэдуру банкруцтва. І працы для іх з гадамі становіцца толькі болей.
Старшыня Асацыяцыі антыкрызісных кіраўнікоў Сяргей Пінчук распавядае Свабодзе, што антыкрызісны кіраўнік — цэнтральная фігура ў працэдуры банкруцтва:
Сёньня мы вядзем агулам каля дзьвюх з паловаю тысяч спраў аб банкруцтве. Прычым колькасьць такіх спраў расьце, але колькасьць кіраўнікоў не павялічваецца.
— Ён акумулюе вакол сябе ўсе тыя праблемы, якія ў канчатковым выніку даводзіцца перажываць неплатаздольным прадпрыемствам на шляху або да эканамічнага аздараўленьня, або да канчатковай ліквідацыі. На сёньня ў краіне працуюць каля двухсот антыкрызісных кіраўнікоў, іх колькасьць час ад часу вагаецца. Спэцыялістамі ў гэтай сфэры могуць быць як фізычныя асобы, гэтак і юрыдычныя. І сёньня мы вядзем агулам каля дзьвюх з паловаю тысяч спраў аб банкруцтве. Прычым колькасьць такіх спраў расьце, але колькасьць кіраўнікоў не павялічваецца.
— Ратаваць прадпрыемства ці ліквідаваць — хто ў выніку прымае непасрэднае рашэньне?
— Антыкрызісныя кіраўнікі зьяўляюцца на прадпрыемстве ў той момант, калі там акумулюецца столькі праблемаў, што іх проста немагчыма вырашыць нейкімі іншымі прававымі аспэктамі. І антыкрызісныя кіраўнікі мусяць прааналізаваць, ці варта рабіць нейкія спробы санацыі, ці ёсьць для гэтага рэсурсы ў прадпрыемства. Але якую б пазыцыю і прапанову ні распрацаваў наш спэцыяліст, яе надзвычай уважліва разглядваюць крэдыторы, а пазьней яе яшчэ мусіць зацьвердзіць і гаспадарчы суд.
Таму гэта досыць складаны мэханізм, які пільна ўзважваецца. Ёсьць, напрыклад, сытуацыі, калі распрацоўваўся плян санацыі, але справа завяршалася, наадварот, ліквідацыяй. Але часьцей за ўсё прымаюцца менавіта тыя прапановы, якія распрацоўвае антыкрызісны кіраўнік, бо гэта спэцыяліст, які аргумэнтуе свае рашэньні. Апрача гэтага, дасьведчанасьць, падрыхтоўка рэдка ставіцца пад сумнеў.
— Казалі, банкрутаў цяпер вядзецца каля 2500. Гэта шмат ці мала для нашай краіны?
Ці не палову ад усіх прадпрыемстваў па ўсёй краіне легальна, юрыдычна можна хоць зараз накіроўваць на працэдуру банкруцтва.
— Калі ацэньваць фармальныя акалічнасьці для накіраваньня справы ў гаспадарчы суд аб банкруцтве, то з поўнай перакананасьцю магу сказаць, што ці не палову ад усіх прадпрыемстваў па ўсёй краіне легальна, юрыдычна можна хоць зараз накіроўваць на працэдуру банкруцтва. Такая ў нас эканамічная сытуацыя, такое ў нас становішча на вытворчасьці.
Але фактычна працэдуры банкруцтва закранулі толькі тыя прадпрыемствы, якія ўжо сапраўды — «усё, ня могуць больш працаваць». Таму, з аднаго боку, тая колькасьць спраў, якая цяпер вядзецца, гэта вельмі мала. А зь іншага боку — гэта максымум. Чаму? Бо нават для тых, хто проста ня бачыць болей магчымасьці працаваць і жадае распачаць працэдуру банкруцтва, не хапае антыкрызісных кіраўнікоў.
Справа ў тым, што паводле заканадаўства аб банкруцтве колькасьць спраў на кожнага спэцыяліста абмяжоўваецца. І таму арганізацыя, якая жадае зьвярнуцца ў эканамічны суд, не заўсёды можа знайсьці антыкрызіснага кіраўніка, які б змог прадстаўляць яе інтарэсы.
— Ці ёсьць нейкія рэгіёны, дзе банкрутаў болей?
— Банкруты ёсьць паўсюль у краіне, без выключэньняў. Геаграфічнае разьмеркаваньне банкрутаў адлюстроўвае сытуацыю ў краіне, бо 50% эканомікі сканцэнтравана ў Менску, а астатнія 50% разьмяркоўваюцца па рэгіёнах. І адпаведна разьмяркоўвацца вядзеньне спраў аб банкруцтве.
— А калі параўноўваць па форме ўласнасьці, прыватных кампаніяў ці дзяржаўных прадпрыемстваў болей сярод банкрутаў?
У нашай краіне проста безьліч вельмі дробных прадпрыемстваў і фірмаў, якія не вядуць гаспадарчай дзейнасьці, але маюць запазычанасьці ў выглядзе нясплочаных падаткаў, альбо ў дзяржаўныя фонды.
— Па намінальнай колькасьці пераважаюць прыватныя прадпрыемствы. Бо для таго, каб накіраваць заяву аб банкруцтве, прыватніку дастаткова толькі свайго рашэньня. Па-другое, у нашай краіне проста безьліч вельмі дробных прадпрыемстваў і фірмаў, якія не вядуць гаспадарчай дзейнасьці, але маюць запазычанасьці ў выглядзе, напрыклад, нясплочаных падаткаў, альбо ў дзяржаўныя фонды. Таму дзяржаўныя ўстановы падаюць у суд на гэтыя прадпрыемствы.
А што да дзяржаўных прадпрыемстваў, то сёньня гэта ўжо досыць буйныя і вядомыя заводы ды фабрыкі. Але кожная справа, якую мы вядзем, — зусім адрозная ад папярэдніх альбо будучых. Варта памятаць, што, між іншага, гэтыя справы датычаць і будучыні значнай колькасьці людзей — працаўнікоў.
— Прагучала, што эканамічная сытуацыя досыць складаная. Ці прагназуеце вы рост колькасьці банкрутаў бліжэйшым часам?
— Колькасьць банкрутаў ужо вырасла. Калі ў мінулыя гады ў нас было каля 2000 спраў, то цяпер іх налічваецца 2500. А гэта ўжо рост на чвэрць, і ёсьць тэндэнцыя да павелічэньня. Паводле майго назіраньня, з чэрвеня летась штодзённа зьвяртаюцца людзі з патрэбай распачаць працэдуру банкруцтва. А такога, дарэчы, ніколі не было. Ні ў 2009 годзе, ні нават у 2011 годзе. Хоць крызісы ў тыя гады сапраўды былі надзвычай цяжкія. Але іх не параўнаеш з тым крызісам, што мы маем цяпер.
Цяпер проста сыплецца вялізная колькасьць буйных, моцных прадпрыемстваў, якія раней ніколі ня мелі праблемаў з запазычанасьцямі перад банкамі ці з выплатамі заробкаў.
Стала сапраўды горш. Мала таго, калі падчас ранейшых крызісаў галоўным чынам цярпелі дробныя прадпрыемствы, то цяпер проста сыплецца вялізная колькасьць буйных, падаецца, моцных прадпрыемстваў, якія раней ніколі ня мелі праблемаў з запазычанасьцямі перад банкамі ці з выплатамі заробкаў. Мы бачым, што многія заводы вымушаныя скарачаць працоўны тыдзень, пераходзіць на чатыры дні. А гэта, вядома, спроба ашчадзіць, абмежаваць выдаткі, у тым ліку і на заробкі. Бо няма замоваў, няма абароту і паступленьня сродкаў.
Праблема ж у тым, што любое прадпрыемства ў такім рэжыме зможа працаваць, ці нават існаваць, толькі пэўны пэрыяд. Але так ня можа цягнуцца бясконца. Таму, калі сытуацыя з рынкам, попытам, якасьцю і продажам ня зьменіцца, то мы будзем іх чакаць да сябе, бо іншага выйсьця няма, такая аб’ектыўная рэчаіснасьць. У нашай краіне існуюць мэханізмы дзяржаўнай падтрымкі, крэдытаваньня, у тым ліку і на выплату заробкаў. Але ж, як кажуць, на ўсіх запасаў ня хопіць.
Паводле тых прагнозаў, якія мы чуем, і прагнозы гэтыя гучаць нават з вуснаў афіцыйных асобаў, можна чакаць сур’ёзнага росту колькасьці заяваў аб банкруцтве. Таму нават у зьменах да закону аб банкруцтве, якія рыхтуюцца, мяркуецца, што зьнята абмежаваньне па колькасьці спраў на аднаго антыкрызіснага кіраўніка. Мы проста не набяром неабходнай колькасьці спэцыялістаў, якія прафэсійна і якасна будуць працаваць у гэтай галіне. А працы ў нас сапраўды стане больш, і мы абавязаны яе выканаць.