Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падрыхтаваў плян выратаваньня эканомікі


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка 23 лютага падпісаў указ № 78 «Аб мерах па павышэньні эфэктыўнасьці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь».

«Нарастаньне нэгатыўных зьяваў у сусьветнай эканоміцы, скарачэньне попыту на нашых традыцыйных экспартных рынках, рэзкае падзеньне коштаў на нафту і сыравінныя тавары, геапалітычная нестабільнасьць прывялі да пагаршэньня ўмоваў зьнешняга гандлю Рэспублікі Беларусь», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.

Ва ўказе адзначаецца, што ў сучасных умовах неабходныя «своечасовыя меры» па забесьпячэньні эканамічнай бясьпекі, сацыяльнай стабільнасьці і г. д. «Рэалізацыя на практыцы ўнутраных рэзэрваў разьвіцьця патрабуе ініцыятыўнай і эфэктыўнай працы кіраўнікоў прадпрыемстваў, прыняцьця вэртыкальлю ўлады рашучых і сыстэмных мераў», — гаворыцца ва ўказе.

У якасьці такіх «рашучых і сыстэмных мераў», у прыватнасьці, Савету міністраў прапануецца: забясьпечыць прыбытковасьць працы прадпрыемстваў і зьнізіць сабекошт прадукцыі ня менш чым на 25%, разьвіваць «добрасумленную канкурэнцыю» на ўнутраным рынку, нарасьціць і дывэрсыфікаваць экспарт, забясьпечыць «рацыянальнае імпартазамяшчэньне», нарасьціць золатавалютныя рэзэрвы «да эканамічна бясьпечнага ўзроўню » і г.д. Акрамя таго, прапануецца выпрацаваць прапановы па прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці на прынцыпах «празрыстасьці, апэратыўнасьці і эфэктыўнасьці».

Ва ўказе сфармуляваныя і больш канкрэтныя задачы. Напрыклад, Саўмін разам зь мясцовымі органамі ўлады павінен забясьпечыць штогадовае павелічэньне колькасьці працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы на 50 тысяч чалавек.

Кіраўнікам мясцовых органаў загадана «арганізаваць тлумачальную працу з насельніцтвам для папулярызацыі прадпрымальніцкай дзейнасьці». На старшыняў райвыканкама будзе таксама ўскладзеная пэрсанальная адказнасьць за дзейнасьць стратных сельскагаспадарчых арганізацыяў.

Акрамя таго,зь 1 сакавіка плянуецца павялічыць бюджэт пражытачнага мінімуму, узмацніць мэханізм дзяржаўнай адраснай сацыяльнай падтрымкі грамадзян, а таксама ўкараніць зь 1 кастрычніка безнаяўныя жыльлёвыя субсыдыі.

Камэнтары незалежных эканамістаў чытайце пазьней на нашым сайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG