Артэфакты разладу: хто мае права на скарбы зямлі беларускай?

Прыватная калекцыя Руслана Верамея

Руслан Верамей, калекцыянэр-нумізмат, аматар прыборнага пошуку скарбаў, адгукнуўся на публікацыі Свабоды на тэму прэзыдэнцкага ўказу № 485, які мае ўпарадкаваць дзейнасьць у археалягічнай галіне і ўдасканаліць мэтады аховы гістарычных аб’ектаў і артэфактаў.

Дакумэнт ужо выклікаў бурную рэакцыю сярод пошукаўцаў-аматараў і калекцыянэраў, нелегітымізаваная дзейнасьць якіх аўтаматычна падпадзе пад адміністрацыйную і нават крымінальную адказнасьць. Даем допіс Руслана Верамея, у якім ён прапануе кампрамісныя рашэньні. Сёньня Свабода апублікавала таксама допіс археоляга Максіма Чарняўскага.

Руслан Верамей

Лепей дрэнны мір, чым добрая вайна

Для пачатку канструктыўнага дыялёгу (які вельмі патрэбны, але на які так неахвотна ідуць афіцыйныя гісторыкі, археолягі, музэйныя супрацоўнікі ды прадстаўнікі ўладаў, якія павінны дбаць аб захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі) паміж аматарамі гісторыі і прафэсіяналамі трэба хаця б часова скласьці «зброю» і выслухаць адзін аднаго.

Цалкам зразумелае жаданьне гісторыкаў захаваць спадчыну любым коштам, нават пры дапамозе радыкальных захадаў. І зразумелая іх антыпатыя да людзей, якія зь імі па гэтым пытаньні маюць разыходжаньні ў разуменьні цяперашняй сытуацыі. Пратэст аматараў даўніны і калекцыянэраў таксама можна зразумець — адным указам іх робяць злачынцамі.

У кожнага з бакоў знойдуцца наконт указу № 485 свае аргумэнты і контраргумэнты. Кожны бок будзе бараніць сваю пазыцыю. Бескампрамісна. Безапэляцыйна. Але трэба ўсё-ткі глядзець на рэчы аб’ектыўна, з улікам рэаліяў жыцьця.

Аб’ектыўна і без эмоцыяў

Усё, што знаходзіцца ў зямлі, належыць дзяржаве. З гэтым цяжка спрачацца, бо так запісана ў Канстытуцыі. Гэтаксама цяжка спрачацца і са сьцьвярджэньнем, што большасьць мэталічных аб’ектаў, якія цяпер знаходзяцца ў гэтай зямлі, пад узьдзеяньнем хімічных угнаеньняў ды інш. бліжэйшым часам ператворацца ў непазнавальныя ад карозіі кавалкі мэталу. Так паказвае практыка. Калі хтосьці сьцьвярджае, што «пяць стагоддзяў праляжала і яшчэ паўстагодзьдзя праляжыць», то ён або хлусіць, або паказвае сваю некампэтэнтнасьць.

Калекцыя Руслана Верамея

Нельга не пагадзіцца і з тым, што з пункту гледжаньня археалягічнай навукі верхні пласт зямлі, які стагоддзямі перамешваецца плугамі, не ўяўляе цікавасьці для археолягаў, бо немагчыма прывязаць знаходку да пэўнага гістарычнага пласта.

Адначасова трэба адзначыць, што любая знаходка на пераараным полі, хоць і не дазваляе дакладна зьвязаць яе зь іншымі знаходкамі ў пласьце, але пры гэтым дае ўскосную інфармацыю пра тое, што там было. Шматлікасьць знаходак XV стагодзьдзя будзе сьведчыць пра тое, што пад пераараным пластом могуць быць і іншыя знаходкі гэтага пэрыяду. Некранутыя плугам і хіміяй. Дастань «верхнія» знаходкі — і пра «ніжнія» можаш аніколі і не даведацца.

Некаторыя скажуць, што мы пераймаем досьвед дзяржаваў (у тым ліку суседніх), дзе мэталапошук пад забаронай. Але пры гэтым ня кажуць, што ў гэтых краінах на археалягічныя працы сродкаў выдзяляецца альбо шмат, альбо вельмі мала. Ня кажуць і пра краіны, якія паставілі аматараў пошуку на службу афіцыйнай археалёгіі.

Можна на заканадаўчым узроўні забараніць шукальнікам карыстацца мэталадэтэктарам. Але ці зьнізіць гэтая забарона колькасьць пашкоджаных археалягічных помнікаў? Хіба толькі ў межах статыстычнай хібнасьці. Цяпер шмат кажуць пра рэвалюцыйнасьць указу № 485, маўляў, нічога такога не было, а цяпер мы стварылі. Гэта няпраўда. І ў Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэньнях, і ў Крымінальным кодэксе былі і застаюцца артыкулы, якія тычацца аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Але ці шмат «чорных капальнікаў» затрымалі? Мізэр. Дый сярод гэтага мізэру пераважная большасьць была затрымана не ў працэсе пошуку, а за захоўваньне боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і зброі. А курганы й гарадзішчы як раскопваліся, так і раскопваюцца. Законы чамусьці не працавалі і не працуюць. І гэта адбываецца не таму, што законы дрэнныя.

У законах пазначаны фармулёўкі, якія дазваляюць прыцягваць да адказнасьці любога капальніка, які наносіць шкоду археалягічнаму ці гісторыка-культурнаму аб’екту (пашкоджаньне, пагроза пашкоджаньня ці зьнішчэньня, нават ёсьць указаньні пра пакараньне за шкоду аб’ектам, якім МОЖА быць прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці!). Гэтага недастаткова? Бяда ў тым, што ў міліцыі шмат спраў больш важных, чым гойсаць па палях за капальнікамі. Дый так званыя ахоўныя зоны вакол аб’ектаў часта ігнаруюцца. Або іх стараюцца зрабіць як найвузейшымі, каб больш зямлі засталося на сельскагаспадарчыя патрэбы. Калі гісторыкі ствараюць ахоўную зону за некалькі мэтраў ад межаў аб’екта, то ня трэба дзівіцца таму факту, што вакол аб’екта ходзяць шукальнікі. Калі пасевы збожжавых і бульбы важнейшыя за гістарычную спадчыну, то варта задумацца, як гэтая спадчына цэніцца і захоўваецца.

Аўтары закона падкрэсьліваюць, што ўказ № 485 абароніць нашу гістарычную спадчыну. У ідэале, можа, і абараніў бы. Але ва ўмовах рэчаіснасьці гэта адназначна прывядзе да вывазу гэтай самай спадчыны за межы краіны. Падкрэсьлю, шукальнікаў затрымлівалі вельмі мала. А капаюць яны шмат. Калі знаходкі нельга будзе рэалізоўваць у межах краіны, яны будуць рэалізоўвацца за яе межамі. І гэта бясспрэчны факт, колькі б ні даказвалі адваротнае гісторыкі і археолягі. Цяпер шмат намаганьняў прыкладаецца, каб вярнуць на радзіму тое, што калісьці было вывезена. Або камусьці хочацца, каб гэтай вывезенай спадчыны стала яшчэ больш?

Калі нельга перамагчы, трэба арганізаваць і ўзначаліць

Разумеючы, што ўсе прапанаваныя ніжэй мерапрыемствы адразу рэалізаваць будзе нельга, падзелім справу па арганізацыі захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны на некалькі этапаў. Яны могуць рэалізоўвацца як пасьлядоўна, так і паралельна.

Спачатку трэба ўсё-ткі падзяліць аматарскую археалёгію на адгалінаваньні, бо ўсіх залічыць да «чорных капальнікаў», як бы таго ні жадалі манапалісты ад археалёгіі (Ігар Марзалюк, Ігар Чарняўскі, Вячаслаў Даніловіч, Вадзім Лакіза, Вольга Ляўко ды іншыя), прынцыпова памылкова. Секчы з пляча проста, але наўрад ці гэта прынясе плён. Ня кожны шукальнік — злачынца. Беларускае заканадаўства даўно мае адпаведныя артыкулы і ў Адміністратыўным кодэксе, і ў Крымінальным, нават ёсьць Закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь». Але зь нейкай прычыны яны ў галіне аховы нашай спадчыны ня дзейнічаюць.

Для захаваньня нашай гісторыі сытуацыю трэба браць пад кантроль: арганізаваць і ўзначаліць!

Першы этап. Арганізацыя

1. Стварыць пры Інстытуце гісторыі НАНБ Археалягічную камісію, якая будзе займацца аналізам выяўленых артэфактаў, іх сыстэматызацыяй, улікам і пры неабходнасьці ацэнкай.

2. Стварыць пры Археалягічнай камісіі Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне (РГА) аматараў мэталапошуку. Гэтае РГА будзе весьці ўлік шукальнікаў, праводзіць адпаведнае навучаньне і зьбіраць складкі з чальцоў або выдаваць адпаведныя ліцэнзіі на пошук (археалягічную выведку), фармуючы з атрыманых фінансавых сродкаў Археалягічны фонд. Фактычна так арганізавана супраца аматараў археалёгіі і афіцыйнай археалёгіі ў Вялікай Брытаніі. Прыкладна гэтаксама ў нас арганізавана праца «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Грошы, сабраныя з чальцоў, можна будзе выкарыстоўваць для фінансаваньня археалягічных прац, набыцьця новых артэфактаў для музэяў, аховы помнікаў (рэальнай аховы — камэрамі відэаназіраньня, як у лясных гаспадарках, а не фармальнай — шыльдай «Ахоўваецца дзяржавай»).

3. Замацаваць правілы пошуку з выкарыстаньнем мэталадэтэктараў ды іншых прыладаў і адказнасьць за іх парушэньне. Замацаваць патрабаваньне абавязковай фіксацыі месца знаходкі артэфакта і перадачу яго Археалягічнай камісіі, альбо мясцовым органам улады для перадачы Археалягічнай камісіі. Можна разгледзець і варыянт электроннай вэрсіі паведамленьня, калі знаходка відавочна ня мае культурна-гістарычнай каштоўнасьці — галоўнае зафіксаваць, што і дзе было знойдзена.

4. Археалягічная камісія будзе праводзіць аналіз знаходак і выдаваць экспэртнае заключэньне пра іх каштоўнасьць. Калі знаходка ўяўляе каштоўнасьць, інфармацыя пра яе будзе ўносіцца ў адпаведную базу дадзеных, доступ да якой будуць мець усе музэі Беларусі, з прапановай набыць дадзены экспанат у свой фонд. Мажліва прадугледзець і дармовую перадачу ў музэйны фонд з выплатай «прэміяльных» за знаходку. Калі ж знаходка не патрэбная музэям або не ўяўляе каштоўнасьці, яе можна вярнуць з адпаведным дакумэнтам аўтару знаходкі. Няхай яна стане экспанатам прыватнай калекцыі.

Гэтыя чатыры пункты выдатна апісваюць элемэнтарную арганізацыю супрацоўніцтва паміж афіцыйнай навукай і аматарамі. Так адбываецца ў Вялікай Брытаніі, дзе праца аматараў пастаўлена на службу афіцыйнай археалёгіі. Чаму ж у нас так нельга зрабіць? Хіба гэтая арганізацыя супрацоўніцтва патрабуе большых выдаткаў, чым дзясяткі камісіяў на ўсіх узроўнях (як гэта прадугледжана ўказам № 485)? Не. Яна нават будзе на самаакупнасьці і дасьць магчымасьць за пазабюджэтныя сродкі фінансаваць археалягічныя раскопкі і ахову помнікаў! Да таго ж паводле інфармацыі пра знаходкі можна будзе плянаваць новыя экспэдыцыі ў раней невядомыя мясьціны, рабіць новыя навуковыя адкрыцьці. Аматары правядуць выведку, прафэсіяналы правядуць раскопкі. Што ж у гэтым дрэннага? Хіба лепей проста забараніць?

Другі этап. Абарот

Набыцьцё і продаж прадметаў нашай спадчыны трэба таксама ўзяць пад дзяржаўны кантроль. Шматлікія інтэрнэт-аўкцыёны ды іншыя інтэрнэт-пляцоўкі цяпер дазваляюць рабіць гэта адвольна і бескантрольна. На фоне таго, што шмат якія знаходкі не ўяўляюць істотнай каштоўнасьці для музэйных калекцыяў, але каштоўныя для аматараў даўніны і прыватных калекцыянэраў, існуе патрэба ў арганізацыі абароту такіх артэфактаў. Чаму не зрабіць гэта праз такія ж інтэрнэт-аўкцыёны, як гэта робіцца цяпер, з адлічэньнем пэўнага працэнту грошай у Археалягічны фонд? Калекцыянэры будуць мець магчымасьць папаўняць свае калекцыі, Фонд атрымае дадатковыя сродкі для фінансаваньня археалягічных прац. Чым такі варыянт дрэнны? Есьці, як кажуць, ня просіць, а карысьць прыносіць!

Трэці этап. Цывілізаваны кантроль

На гэтым этапе трэба будзе заняцца трыма важнымі пытаньнямі: рэгістрацыяй прыватных калекцыяў, улікам мэталадэтэктараў і рэальнай аховай помнікаў.

Барбарскі мэтад рэгістрацыі прыватных калекцыяў, замацаваны ўказам № 485, трэба ўсё-ткі перагледзець. Ён выклікае шмат пытаньняў і мае шэраг супярэчнасьцяў, пра што ўжо ня раз пісалася. Але гэта, трэба прызнаць, сапраўды неабходна. Гісторыя — як мазаіка, выкінь некалькі элемэнтаў — і карціна будзе няпоўная. Але й жорсткімі мэтадамі дзейнічаць нельга, каб калекцыі не сышлі «ў цень». Калі дзяржава мае патрэбу ў інфармацыі, то нельга гэта рабіць шляхам прымусу і пагрозаў канфіскацыі. Тут таксама трэба наладжваць супрацоўніцтва. Афіцыйная навука павінна быць хаўрусьнікам, а не патэнцыяльным ворагам.

Нельга абмінаць і бескантрольнае валоданьне мэталадэтэктарамі. Усе яны павінны быць пастаўлены на ўлік у Міністэрстве культуры. Адначасова і продаж іх павінен быць з пастаноўкай на ўлік. Бескантрольны ўвоз з-за межаў Беларусі таксама трэба абмежаваць. Павінен быць парадак, каб уладальнік прыбора адчуваў адказнасьць за дзеяньні, якія патэнцыяльна могуць нанесьці шкоду гісторыі Бацькаўшчыны, і ведаў, што за такія дзеяньні яго чакае няўхільнае пакараньне.

Ахова помнікаў таксама павінна быць наладжана на належным узроўні. Гэта можа быць і ўсталяваньне камэраў, і пашырэньне вакол помнікаў ахоўных зон ды зон з абмежаваньнямі на раскопкі, і інфармаваньне мясцовых уладаў пра плянаваныя пошукавыя мерапрыемствы, і нават археалягічная паліцыя. На дадатак можна шырэй ствараць на мясцовых узроўнях добраахвотныя таварыствы па ахове помнікаў, якія б адсочвалі і сытуацыю з захаваньнем помнікаў, і маглі праверыць дакумэнты ў выпадковага шукальніка з прыборам.

У нас такога ніколі не было. Хіба не было? Ёсьць!

З 1994 году ў Беларусі афіцыйна дзейнічае грамадзкае аб’яднаньне «Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» (ад лацінскага Victoria cruenta — «Перамога, заваяваная крывёю»). Клюб «Віккру» афіцыйна супрацоўнічае зь дзяржаўнымі органамі і грамадзкімі арганізацыямі, моладзевымі аб’яднаньнямі, у тым ліку замежнымі грамадзянамі і арганізацыямі, а таксама з 52-м асобным спэцыялізаваным пошукавым батальёнам. У склад клюба «Віккру» ўваходзяць пошукавыя атрады «Віккру», «Віккру-Мінск», «Памяць», «Рэха вайны», «Абэліск», «Спадчына». У выніку пошукавых прац клюба «Віккру» знойдзены дзясяткі невядомых раней пахаваньняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, паднятыя і ўрачыста перапахаваныя 220 байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, вызначаны імёны 24 зь іх.

Сутнасьць працы клюба «Віккру» — аналіз архіўных матэрыялаў, пошук з выкарыстаньнем мэталадэтэктараў на месцах баявых дзеяньняў. Пры выяўленьні пахаваньняў альбо парэшткаў асобных байцоў у працу ўключаецца 52-гі пошукавы батальён.

Значыцца, пры жаданьні і пэўнай арганізацыі ўсё-ткі можна супрацоўнічаць? Або пошукі на месцах баявых дзеяньняў больш бясьпечныя, чым аматарская археалёгія?

Замест эпілёга

Прапанаваная мадэль арганізацыі супрацы можа шмат каму прыйсьціся не даспадобы: і афіцыйным чыноўнікам, і некаторым аматарам мэталапошуку.

Але пры ўсім пры тым такая мадэль дазволіць сапраўды сыстэмна падыйсьці да захаваньня нашай з вамі гістарычнай спадчыны, ня робячы злачынцаў з шукальнікаў-аматараў і калекцыянэраў. Фінансавыя выдаткі на арганізацыю такога супрацоўніцтва будуць у сотні разоў меншыя, чым на стварэньне шматлікіх камісіяў, «закручваньне гаек», штрафы, канфіскацыі ды інш. Такі падыход дазволіць кантраляваць сытуацыю і актыўна разьвіваць навуку, у тым ліку шляхам пазабюджэтнага фінансаваньня археалягічных працаў і аховы помнікаў. А зэканомленыя сродкі лепей накіраваць на мірнае разьвіцьцё краіны, навуку і культуру. Кожная капейка лішняя ня будзе. Хіба ня ў тым задача дзяржавы, каб эфэктыўна выкарыстоўваць сродкі і падтрымліваць парадак у грамадзтве?

Пытаньне захаваньня мінуўшчыны мае вельмі важнае значэньне для краіны. Але рабіць гэта праз марнатраўства бюджэтных сродкаў, раздзьмуваньне штату чыноўнікаў, раскулачваньне прыватных калекцыянэраў і ператварэньне аматараў гісторыі ў злачынцаў — гэта значыць паставіць пад пагрозу ня толькі цяперашні час, але й стварыць перадумовы для будучых праблемаў.

Застаецца толькі адно пытаньне: прыслухаюцца чыноўнікі да прапановаў ці будуць надалей трымацца веры ў беспамылковасьць сваіх дзеяньняў?