З Алай Дудаевай, якая цяпер жыве ў Швэцыі, гутарыў супрацоўнік расейскай службы Свабоды Дзьмітрый Волчак.
— Чачня ў ельцынскія гады была цэнтрам супраціву імпэрыі. Чачэнцы адбілі агрэсію падчас першай вайны і перамаглі Расею. Але цяпер менавіта Чачня стала апорай пуцінізму. Кадыраў ўсемагутны, i здаецца, нават сам Пуцін баіцца яго паставіць на месца. У чым прычыны такой перамены, як вы яе тлумачыце?
— Нельга ўвесь чачэнскі народ ўспрымаць як прыхільнікаў цяперашняга рэжыму, інакш гэты народ не супраціўляўся б дзесяткі гадоў расейскай акупацыі. Пяць чачэнскіх прэзыдэнтаў былі забітыя падчас дзьвюх расейска-чачэнскіх войнаў, лепшыя змагары загінулі, а тыя, што засталіся ў жывых, былі вымушаныя пакінуць радзіму з-за перасьледаў. І ня трэба забываць пра жахлівыя катаваньні, пра гвалт і забойствы, пра сотні канцлягераў, прычым ня толькі на тэрыторыі Ічкерыі, але і ў Маздоку, Кіславодску, па ўсім Стаўрапольлі і Паўднёвым Каўказе. Чачэнскі народ цяпер запалоханы, вымушаны проста выжываць... Тым ня менш, ўнутры народа заўсёды была распаўсюджана ня проста цяга да свабоды, а ўпэўненасьць у тым, што чачэнскі народ будзе вольны. Рэжым Кадырава зараз абапіраецца на падтрымку Пуціна, а той на Кадырава. Гэты сымбіёз будзе існаваць да таго часу, пакуль застаецца ва ўладзе Пуцін. Так што гэта ня вечна. Мяркуючы па падзеях, якія зараз адбываюцца ў сьвеце, гэта будзе нядоўга доўжыцца.
— Ці ня думаеце, што Пуцін будзе у 2018 годзе абраны яшчэ раз?
— Да 2018 года шмат што пераменіцца. Мяркуючы па крызісу, ціску эўрапейскіх санкцый, агульнаму непрыманьню вэртыкалі ўлады, пуцінскага рэжыму і пастаянных войнаў, у якіх прымае ўдзел расейскі народ, я думаю, што вялікія перамены ў Расеі адбудуцца нашмат хутчэй.
— Зараз нават кажуць, што Кадыраў — адзіны палітык, які можа стаць пераемнікам Пуціна. Можаце ўявіць такі сцэнар?
— Я думаю, гэта робіцца для таго, каб прыцішыць тых, якія не падтрымліваюць Пуціна: калі вам Пуцін не падабаецца, прыйдзе Кадыраў. Проста палохаюць Кадыравым.
— Падставы баяцца Кадырава ёсьць. Забойства Барыса Нямцова, пагрозы Касьянаву...
— Думаю, ні для каго не сакрэт, хто зьяўляецца замоўнікам забойства Барыса Нямцова, гэта ўсё тая ж барацьба за неабмежаваную ўладу перад выбарамі 2018 году. Колькі за яе ўжо было забіта найлепшых людзей Расеі проста таму, што яны маглі стаць магчымымі прэтэндэнтамі, колькі цяпер сядзіць у турмах і лягерах...
Поўны тэкст інтэрвію можна прачытаць тут.
У гадавіну сталінскай дэпартацыі чачэна-інгускага народа ўдава прэзыдэнта Чачні Джахара Дудавева, паэтка і журналістка Ала Дудаева адказала на пытаньні Радыё Свабода.