Калекцыянэр? А можа, зламысьнік?

Лёс прыватных калекцый у падвешаным стане

Прэзыдэнцкі ўказ № 485, фармальна скіраваны на ўдасканаленьне мэтадаў аховы гістарычных аб’ектаў і артэфактаў, насамрэч ставіць па-за рамкі закону дзясяткі тысяч аматараў пошуку і калекцыянэраў прадметаў даўніны.

Ініцыятары дакумэнту спасылаюцца на тое, што неабходна спыніць злачынную дзейнасьць так званых «чорных капальнікаў», якія ў пагоні за скарбамі нішчаць старадаўнія гарадзішчы і курганы. Між тым далёка ня ўсе з тых некалькіх тысяч чалавек, якія выходзяць у поле з мэталадэтэктарам, перасьледуюць менавіта такія мэты. Наадварот, як сьцьвярджаюць самадзейныя пошукавікі, яны дапамагаюць «ператрэсьці» шматразова перагорнуты верхні пласт, мала цікавы археолягам.

Апроч таго, паўстае пытаньне імавернага перагляду статусу зьбіральнікаў манэтаў і іншых артэфактаў. Згодна з указам нумізматычныя калекцыі неабходна да канца 2016 году афіцыйна зарэгістраваць у камісіях пры выканкамах, у іншым выпадку іх прадпісваецца перадаць на захаваньне ў навуковыя цэнтры. Не дазваляецца зьбіраць знойдзеныя ў зямных нетрах прадметы, узрост якіх перавышае 120 гадоў, абменьвацца і гандляваць імі. Да незаконных валютных апэрацыяў прыраўнаны продаж замежных манэтаў, якія знаходзяцца ў абарачэньні.

Удзельнікі нумізматычных суполак наракаюць на асобныя заканадаўчыя нормы, якія не ўяўляецца магчымым выканаць нават фізычна. Нібы прадбачачы канфлікт інтарэсаў, яшчэ два гады таму сябра праўленьня Беларускага нумізматычнага таварыства, сябра Беларускага грамадзкага аб’яднаньня калекцыянэраў Ільля Шталянкоў выступіў з прапановамі, якія замест цяперашняга непаразуменьня маглі прывесьці да выгаднага супрацоўніцтва. Тэзісы «Аб захаваньні помнікаў нумізматыкі ў Беларусі» былі надрукаваныя ў спэцвыпуску «Банкаўскага весьніка».

Ільля Шталянкоў, сябра праўленьня Беларускага нумізматычнага таварыства (зьлева)

Спадар Шталянкоў згодны з тым, што трэба рашуча спыняць несанкцыянаваныя пошукі на месцы вядомых ці яшчэ не адкрытых археалягічных аб’ектаў. Разам з тым ён перакананы: дзякуючы перадусім аматарам прыборнага пошуку ў верхнім пласьце зямлі выяўляецца і ратуецца ад карозіі вялізная колькасьць манэт і археалягічных артэфактаў. У іншым выпадку гэтыя тэрыторыі ўсё роўна будуць разбураныя гаспадарчай дзейнасьцю чалавека, назаўсёды пахаваўшы каштоўныя сьведчаньні мінуўшчыны.

Ільля Шталянкоў прапанаваў дзяржаўным установам, патэнцыйным спонсарам, прыватным калекцыянэрам і грамадзкім арганізацыям не падвышаць градус незадаволенасьці ў грамадзтве, а аб’яднаць намаганьні дзеля пошуку выйсьця. Вось некаторыя ідэі, якія маглі б улічыць распрацоўнікі ўказу ў працэсе яго далейшай рэалізацыі.

Манэты з прыватнага збору

— Стварыць камісію з кваліфікаваных нумізматаў і адмыслоўцаў-археолягаў для прафэсійнай ацэнкі новых знаходак і прыняцьця рашэньня пра закуп унікальных прадметаў для папаўненьня дзяржаўнага музэйнага фонду.

— Заснаваць грамадзкую арганізацыю, якая б аб’ядноўвала аматараў пошуку з мэталадэтэктарам, для абароны іхніх законных правоў і інтарэсаў пры ўмове выкананьня імі правілаў прыборнага пошуку.

— Дэкляраваць знаходкі, якія маюць высокую гісторыка-культурную каштоўнасьць, праводзіць іх прафэсійную ацэнку паводле ўсясьветных стандартаў з прыярытэтным правам дзяржавы на іх выкуп, як гэта робіцца ў Вялікай Брытаніі.

— Забясьпечыць дзяржаўнае фінансаваньне музэяў для закупу калекцыяў і асобных прадметаў, якія маюць значную гісторыка-культурную каштоўнасьць.

Манэты з прыватнага збору

— Стварыць пры музэях апякунскія рады, якія існуюць шмат у якіх краінах сьвету, для акумуляцыі і разьмеркаваньня недзяржаўных (спонсарскіх сродкаў) на набыцьцё новых музэйных экспанатаў.

— Садзейнічаць разьвіцьцю аўкцыённага ды іншага цывілізаванага гандлю антыкварыятам як аднаго са спосабаў захаваньня помнікаў нумізматыкі і іншых гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

— Заахвочваць на дзяржаўным узроўні прыватнае калекцыянаваньне як адзін з асноўных спосабаў далучэньня да матэрыяльных сьведак мінулага, што, у сваю чаргу, фармуе нацыянальную сьвядомасьць беларусаў і спрыяе захаваньню гісторыка-культурнай спадчыны.

Манэты з прыватнага збору

— Заканадаўча ўпарадкаваць увоз у Беларусь прадметаў калекцыянаваньня (дэкляраваньне бяз пошлін і падаткаў) па прыкладзе Расеі, дзе за кошт асабістых сродкаў прыватных калекцыянэраў у краіну вяртаюцца гісторыка-культурныя каштоўнасьці.

— Сфармаваць пры Нацыянальнай бібліятэцы цэнтралізаваны дзяржаўны бібліятэчны фонд па нумізматыцы і археалёгіі дзеля падрыхтоўкі кваліфікаваных нумізматычных кадраў, правядзеньня прафэсійнай экспэртызы і ацэнкі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.

Ня так даўно Свабода расказвала пра юрыдычныя нестыкоўкі, якія зводзяць на нуль жаданьне пошукавікаў ці калекцыянэраў супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі музэямі http://www.svaboda.org/content/kraina-niepatrebnych-skarbau/27517469.html.

У чаканьні дзяржаўнай рэгістрацыі

Згодна з заканадаўчымі нормамі таму хто знайшоў, дзяржава мае выплаціць салідны ганарар — нават не 25%, як было за савецкім часам, а ажно 50%. У тэорыі пытаньне павінна быць разгледжана фондава-закупачнай камісіяй музэю, і далей ідзе тэхнічная працэдура выплаты. Сам мэханізм узнагароджаньня прапісваўся ў Грамадзянскім кодэксе — альбо зь бюджэту гарвыканкаму, альбо райвыканкаму. Апроч таго, калі ёсьць уласьнік зямлі, сума дзеліцца паміж гаспадаром надзелу і тым, хто знайшоў. Але ад 2008 году тая норма з кодэксу зьнікла: пра выплату засталося, а хто павінен выплочваць — невядома.

Не дадае энтузіязму і хуткацечнасьць працэдуры рэгістрацыі прыватных калекцыяў, якую трэба завяршыць да канца 2016 году. Фармальна пастаноўка на ўлік у яшчэ нават ня створаных камісіях пры выканкамах павінна быць бясплатнай. Але пры гэтым кожны рэгістрацыйны экзэмпляр павінен суправаджацца двума фотаздымкамі. Мінімальны памер фатаграфіі ў студыях — 9×13 сантымэтраў, адпаведна, 3–4 тысячы рублёў за кожную. Калі дэкляраваць ня самы вялікі збор у тысячу манэт, толькі на дубляваныя фоты трэба патраціць да 8 мільёнаў рублёў.

Музэйныя артэфакты ці прыватная ўласнасьць?

Усьлед за тэхнічнай рэгістрацыяй паўстае пытаньне захаваньня калекцыі. У выпадку, калі экспэрты вырашаць, што нейкі экзэмпляр уяўляе гісторыка-культурную каштоўнасьць, трымаць яго ў кватэры, не абсталяванай сродкамі аховы, будзе забаронена. Гэта азначае, што камісія могуць запатрабаваць набыць сэйф, усталяваць краты на вокнах ці ўзяць кватэру на сыгналізацыю. Усё, зразумела, коштам уладальніка артэфакту.

Як кажа Ільля Шталянкоў, сутнасна ўказ № 485 правільны, бо з «чорнымі капальнікамі» змагаюцца ва ўсім сьвеце. Але дзейнасьць злодзеяў з мэталашукальнікамі была па-за законам і раней, таму нечага новага ініцыятары не прапанавалі. Затое некаторыя іншыя нормы прапісаныя настолькі двухсэнсоўна, што напалохалі ня толькі аматараў прыборнага пошуку, а і многіх калекцыянэраў. У прыватнасьці, няма зразумелай расшыфроўкі, што лічыць за археалягічны артэфакт — ці неабходна рэгістраваць толькі асобнікі, якім больш за 120 гадоў, ці абсалютна ўсё?

Апроч таго, спадар Шталянкоў сумняецца, што за такі кароткі тэрмін рэальна стварыць вялізную колькасьць экспэртных камісіяў пры гарадзкіх і раённых выканкамах. Па яго словах, столькі кампэтэнтных спэцыялістаў няма нават у музэях, ня кажучы ўжо пра адпаведныя кадры ў нетрах уладнай вэртыкалі.

Суразмоўца кажа, што права зьбіраць у людзей было заўсёды, і пазбавіць такой магчымасьці нельга ніякім указам. Пра гэта сьведчаць і нормы Грамадзянскага кодэксу, якія адназначна трактуюць: калі ты чымсьці валодаеш больш за 5 гадоў, яно становіцца тваёй уласнасьцю. Спадар Шталянкоў удакладняе, што правы калекцыянэраў, аб’яднаных у таварыствы па інтарэсах, яшчэ за дзесяцігодзьдзе да ўказу № 485 былі прапісаныя ў статутах арганізацыяў, дзе таксама гаворыцца: кожны чалавек мае права займацца калекцыянаваньнем.

Але на заканадаўчым узроўні правы калекцыянэраў выразна не прапісаныя ні ў згаданым указе, ні ў Кодэксе аб культуры, які цяпер распрацоўваецца.