Экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, сам таго ня ведаючы, падказаў мне ідэю праекту «Расея і я». Летась увесну я глядзела ягонае інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождж». Юшчанка вельмі жорстка і эмацыйна гаварыў пра Расею і пра вайну. Я мушу яго запісаць, — паабяцала я самой сабе, — але ня толькі яго, я хачу распытаць пра мінулую, сучасную і будучую Расею і іншых былых кіраўнікоў постсавецкіх краінаў.
Перамовы з памочнікамі Юшчанкі доўжыліся некалькі месяцаў. Пры канцы ліпеня я ляцела ў Кіеў, маючы толькі дамоўленасьць на інтэрвію з першым украінскім прэзыдэнтам Леанідам Краўчуком і адзін дзень у запасе. Запісаць Юшчанку — гэта быў выклік і справа гонару.
Каля восьмай вечара памочнікі Юшчанкі прызначаюць мне інтэрвію на дзясятую гадзіну раніцы наступнага дня. Напэўна, я іх усё ж «дастала» — тэлефанаваньнямі, смс, паведамленьнямі ў фэйсбуку.
Мы запісваем інтэрвію ў цэнтры Кіева ў кватэры — своеасаблівым музэі народнай культуры Ўкраіны. Тут Віктар Юшчанка сабраў велічэзную калекцыю ручнікоў, вазаў, абрусаў, карцінаў, абразоў, розных прадметаў народных рамёстваў. Маім апэратарам даводзілася быць вельмі асьцярожнымі, каб не разьбіць старажытныя вазы.
«Слава Беларусі!» Гэта першыя словы трэцяга прэзыдэнта Ўкраіны, які ўвайшоўшы, адразу вітае мяне пацалункам у шчаку. Пакуль нам чапляюць мікрафоны, Віктар Юшчанка выказвае шкадаваньне, што фармат праекту «Расея і я» не прадугледжвае, каб я задавала пытаньні па-беларуску, а ён адказваў па-ўкраінску. Віктар Андрэевіч адразу запытваецца пра першага кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча і дадае, што падчас розных канфэрэнцый у рамках клюбу былых прэзыдэнтаў ён заўсёды выбірае месца побач з Шушкевічам, паколькі яны аднадумцы.
Я нагадваю былому прэзыдэнту пра ягонае інтэрвію «Дажджу», дзякуючы якому я цяпер сяджу побач зь ім, і Юшчанка згадвае, што напачатку гутаркі ён ледзь не пасварыліся з расейскім журналістам, але потым яны добра паладзілі.
Мы запісваем гутарку, седзячы я на вялікай скураной канапе, ён — у крэсьле. У кадры — вялікі ўкраінскі сьцяг, на сьцяне партрэт Тараса Шаўчэнкі, недалёка вышытая ўкраінскім арнамэнтам карціна, праца былой зьняволенай ГУЛАГу.
У Віктара Юшчанкі своеасаблівая манера адказваць на пытаньні. Ён гаворыць грунтоўна, пашырана, з філязоўскімі развагамі. Выразныя паўзы — гэта таксама ягоны стыль. У яго прыгожы ўкраінскі акцэнт. Мы гаворым пераважна пра Расею і вайну на тэрыторыі Ўкраіны. За дзень да інтэрвію да дому Юшчанкі прыехала жанчына з Усходняй Украіны, у якой разбамбілі хату. Яму вельмі балюча, што грунтоўна ня змог ёй дапамагчы, толькі што аддаў сваю пэнсію.
Віктар Андрэеевіч, не чакаючы пытаньняў, сам пераходзіць да асэнсаваньня свайго прэзыдэнцтва: «Прэзыдэнты пакідаюць вялікі сьлед у жыцьці грамадзтва. Вельмі важна разумець, што ён хацеў, з чым прыйшоў. Што атрымалася з гэтага? Што не атрымалася? Гэта не заўсёды, і я б сказаў, далёка не заўсёды віна прэзыдэнта. Я лічыў, што заявіў новую палітыку ўкраінскай нацыі, якая ня будзе мець альтэрнатывы ў бліжэйшыя многія гады. Маю палітыку паўтораць, можа быць з меншым посьпехам, можа быць, у чымсьці з большым посьпехам».
Я завяршаю гутарку пытаньнем пра Радыё Свабода, і вопытны палітык і аратар Юшчанка ведае, як зрабіць моцны фінал. Радыё Свабода, паводле яго, ўвасабляе паняцьце праўды, ключавой праўды. І тут жа праводзіць гістарычную паралель: «Чаму мы Пуціна пераможам? Ды таму, што на нашым баку праўда. А на яго баку хлусьня. На яго баку Сатана, а з намі Бог».
Былы прэзыдэнт, чый боль цяпер — вайна, чый галоўны вораг — Пуцін і сучасная расейская палітыка. Патрыёт Украіны, які марыць пабудаваць дом-музэй Тараса Шаўчэнкі. Палітык, які стварае прэзыдэнцкую бібліятэку і архіў. Прэзыдэнт, які мог бы стаць пасьпяховым кіраўніком краіны Эўразьвязу. Лідэр, чыё імя назаўсёды застанецца зьвязаным з Аранжавай рэвалюцыяй. Такім я пабачыла трэцяга прэзыдэнта незалежнай Украіны Віктара Юшчанку.
А ягоныя адказы на пытаньні для праекту Свабоды «Расея і я» прапаную кожнаму ацаніць самаму.