Як распавёў Свабодзе лідэр грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка, падчас паседжаньня будзе разглядацца пытаньне наконт указу № 222 і ўказу № 48 аб сэртыфікатах і штрафах.
У сустрэчы павінны прыняць удзел прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, Дзяржстандарту, Вярхоўнага суду і Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, індывідуальныя прадпрымальнікі, у тым ліку Анатоль Шумчанка.
Быць у ролі слухачоў у нас вялікага жаданьня няма. Трэба ўжо прымаць нейкае рашэньне, нейкі агульны дакумэнт, што будзе прапаноўвацца ў Савет Міністраў.
«Сёньня, мне здаецца, трэба будзе паставіць пытаньне аб паўнамоцтвах рабочай групы і рэглямэнце. Таму што дагэтуль, нягледзячы на нашы прапановы і просьбы, ніхто пра гэта не казаў. Быць у ролі слухачоў у нас вялікага жаданьня няма. Трэба ўжо прымаць нейкае рашэньне, нейкі агульны дакумэнт, што будзе прапаноўвацца ў Савет Міністраў, бо маецца на ўвазе, што рабочая група будзе ўносіць у Саўмін свае прапановы. Пакуль іх дзейнасьць не спрыяе таму, каб вырашаць пытаньні прадпрымальнікаў. Можа, жаданьні ў іх ёсьць, але ці ёсьць вялікія магчымасьці? Можа, сёньня нешта зьменіцца, паглядзім», — кажа ён.
Шумчанка лічыць, што ўчорашні мітынг прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы станоўча паўплывае на перамовы з уладамі:
«Безумоўна, актыўная пазыцыя людзей заўсёды добра ўплывае на ўлады. Тут іншых ацэнак быць ня можа. Тое, што людзі ўчора прыйшлі і выказалі свой пункт гледжаньня, — гэта можна толькі вітаць. І безумоўна гэта плюс на сёньняшніх перамовах», — падкрэсьліў ён.
Прадпрымальнікі на рынках і ў гандлёвых цэнтрах не працуюць больш за месяц, бо сьцьвярджаюць, што ня могуць атрымаць належных дакумэнтаў ад пастаўшчыкоў з Расеі, дзе тавары прадаюцца без патрэбных у Беларусі сэртыфікатаў. Эканамісты мяркуюць, што праз указ № 222, які патрабуе сэртыфікатаў, дзяржава «расчышчае рынак» для гандлёвых сетак, манапалістаў і «Беллегпраму».
9 лютага Аляксандар Лукашэнка рэзка скрытыкаваў прадукцыю, якой гандлююць прадпрымальнікі, а саміх гандляроў прыраўняў да бандытаў: «Трэба разумець, што тыя, хто завозяць сюды рознага кшталту рызьзё, і нават добрай якасьці, калі б гэта было з Турэччыны, Кітаю, Расеі, і іншае — трэба разумець: усё, што мы завезьлі да сябе адтуль, мы настолькі ж загубілі сваю эканоміку, лёгкую прамысловасьць. Ня будзе яна разьвівацца. Тым больш без дакумэнтаў, без сэртыфікатаў. Слухайце! Гэта ж мы ўзаконьваем бандытызм, злачынцаў! Адных ловім, саджаем, а іншым дазваляем».