За рэзалюцыю прагаласавалі ўсе 15 сябраў Рады Бясьпекі ААН. З асуджэньнем дзеяньняў Пхеньяна выступілі некаторыя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі.
У заяве, прынятай на надзвычайным пасяджэньні Рады Бясьпекі, гаворыцца, што ў бліжэйшы час будзе разглядацца рэзалюцыя аб увядзеньні санкцыяў у дачыненьні да Паўночнай Карэі, якія стануць адказам на небясьпечныя і сур’ёзныя парушэньні Статута ААН.
Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў КНДР спыніць правакацыйныя дзеяньні і выконваць абавязацельствы перад міжнароднай супольнасьцю.
Паведамленьне пра тое, што Паўночная Карэя ажыцьцявіла запуск ракеты далёкага радыюсу дзеяньня, выклікала неадкладную рэакцыю і ўсеагульнае міжнароднае абурэньне.
Так, дзяржсакратар ЗША Джон Керы выступіў з заявай, у якой асудзіў Пхеньян за «абуральнае парушэньне рэзалюцыяў Рады Бясьпекі ААН», зьвязаных з ужываньнем балістычных ракетных тэхналёгіяў.
Дарадца ЗША па нацыянальнай бясьпецы Сьюзан Райс заявіла, што «паўночнакарэйскі запуск з выкарыстаньнем балістычных ракетных тэхналёгіяў зьяўляецца чарговым дэстабілізуючым і правакацыйным дзеяньнем і абуральным парушэньнем шматлікіх рэзалюцыяў Рады Бясьпекі ААН».
Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Пак Кын Хе ахарактарызавала запуск ракеты як «недапушчальную правакацыю».
Прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ абяцаў «зрабіць захады, каб цалкам абараніць бясьпеку і дабрабыт» народу яго краіны.
Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Філіп Хэманд назваў дзеяньні Паўночнай Карэі «выразным і наўмысным» парушэньнем шэрагу рэзалюцыяў Рады Бясьпекі ААН.
Францыя назвала запуск ракеты «бессэнсоўнай правакацыяй», заклікаўшы да «хуткага і жорсткага адказу з боку міжнароднай супольнасьці».
МЗС Расеі заявіў, што Пхеньян не прыслухаўся да заклікаў міжнароднай супольнасьці, у чарговы раз прадэманстраваўшы пагарду нормамі міжнароднага права.
У апошнія гады Паўночная Карэя неаднаразова выпрабоўвала розныя тыпы ракет.