Рассельгаснагляд заявіў, што беларускія сыры могуць выклікаць ракавыя захворваньні, таксама яны асабліва небясьпечныя пры захворваньнях сардэчна-сасудзістай і страўнікава-кішачнай сыстэм. Прычына палягае ў істотным перавышэньні дазволенай масавай долі кансэрванту Е251 у беларускіх сырах шэрагу прадпрыемстваў.
«Выкарыстаньне дабаўкі Е251 у празьмерных колькасьцях дазваляе нядобрасумленным вытворцам скарачаць вытворчы цыкль і нарошчваць аб’ёмы вырабленай прадукцыі ў шкоду яе якасьці і бясьпецы», — гаворыцца на сайце расейскага ведамства.
Пры гэтым Рассельгаснагляд заяўляе пра «сур’ёзную занепакоенасьць у сувязі з сыстэматычнымі парушэньнямі патрабаваньняў тэхнічных рэглямэнтаў беларускімі вытворцамі малочнай прадукцыі».
Як ставяцца да такіх заяваў з расейскага боку беларускія эканамісты?
Леў Марголін лічыць, што Рассельгаснагляд часта выкарыстоўваецца расейскім бокам дзеля таго, каб пры патрэбе нейкай краіне памахаць пальчыкам.
«Але цяпер мне здаецца, што ўсё ж такі дыму без агню не бывае. Якасьць абсталяваньня на беларускіх прадпрыемствах паступова пагаршаецца. А якасьць найперш харчовай прадукцыі вельмі шмат у чым залежыць ад абсталяваньня, ад кваліфікацыі людзей. Заробкі не высокія, таму высокакваліфікаваныя людзі ня хочуць там працаваць. Таму, відаць, ёсьць нейкія падставы, каб Расея рабіла такія высновы. Я ведаю выпадкі, калі ў нашай краіне людзі ад малака пакутавалі на алергію.
На прадпрыемствах ёсьць дазатар, які аўтаматычна павінен кантраляваць колькасьць розных кампанэнтаў. Але калі ён не знаходзіцца ў належным стане, то ён можа дапускаць памылкі. Ня думаю, што нехта наўмысна ўжывае большую колькасьць кансэрвантаў, каб скараціць вытворчы працэс. Найбольш верагодна, што гэта хіба абсталяваньня. Парушэньне тэхналягічных працэсаў — гэта крымінальнае злачынства, тым больш, калі гэта пагражае здароўю людзей. Таму я ня думаю, што нехта адмыслова на гэта ідзе. Прычына ў абсталяваньні.
І такіх праблем будзе ўсё больш, бо эканоміка наша, і прамысловасьць у першую чаргу, дэградуюць. Гэта бачна няўзброеным вокам».
Прафэсар Барыс Жаліба мяркуе, што у справе зь беларускімі сырамі ёсьць найперш палітыка.
«Я ня думаю, што беларускія сыры і іншая малочная прадукцыя не адпавядае патрабаваньням. Час ад часу Рассельгаснагляд робіць такія набегі на нашы прадпрыемствы. Вядома, наша малочка, нашы сыры ствараюць канкурэнцыю расейскім вытворцам. І таму праз Рассельгаснагляд абмяжоўваюць пападаньне іх на расейскі рынак. Наша прадукцыя больш танная і ня менш якасная. Гэта такая палітыка абароны сваіх вытворцаў. І шкада, што расейцы прынялі дурны закон, увялі санкцыі супраць харчоў з Захаду і зьнішчаюць прадукцыю. Гэта ў той час, калі цэны на харчы ў Расеі растуць».
Барыс Жаліба, аднак, не выключае, што прычапіцца заўсёды да нечага можна, але ж няма падставаў, каб абагульняць:
«Я паглядзеў наш экспарт, і мяне зьдзівіла, што сёньня продажы ў Расею прадукцыі нашай малочкі, сыроў большыя разы ў тры, чым продажы МАЗаў, трактароў і так далей. Таму тут галоўнае — канкурэнцыя з расейскімі вытворцамі. Таму пастаўкі абмяжоўваюць такім чынам».