Бранская міжабласная вэтэрынарная лябараторыя выявіла істотнае перавышэньне масавай долі кансэрванту Е251 у беларускіх сырах з прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на ўзмоцненым санітарным кантролі.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні ўпраўленьня «Рассельгаснагляду» па Бранскай і Смаленскай абласьцях.
«Рэфэрэнтны цэнтар „Рассельгаснагляду“ зноў выявіў істотнае перавышэньне масавай долі кансэрванту натрыю азотнакіслага Е251 у сырах, вырабленых прадпрыемствамі Беларусі. У прыватнасьці, гаворка пра партыі сыроў „Галяндзкі далікатэсны“ і „Тыльзіцкі“, вырабленых Слуцкім сыраробным камбінатам, а таксама пра сыр „Расейскі новы“ Рагачоўскага малочна-кансэрвавага камбінату», — удакладняецца ў дакладной запісцы.
Паводле інфармацыі лябараторыі, узоры прадукцыі былі ўзятыя ў пунктах папярэдняга кантролю «Чырвоная горка» і «Чырвоны камень»: «Усе грузы суправаджаліся вэтэрынарнымі дакумэнтамі, выдадзенымі кампэтэнтнымі органамі Рэспублікі Беларусь, і дэклярацыямі аб адпаведнасьці», — адзначаецца ў паведамленьні.
У сваю чаргу, беларускія вытворцы наракаюць на перадузятае стаўленьне з боку расейскіх калегаў. На адным з прадпрыемстваў, якое расейскія санітарныя органы крыху раней занесьлі ў лік «падазроных», падкрэсьлілі: цэлая дэлегацыя з Масквы тыдзень правярала якасьць прадукцыі, у выніку даўшы высокую ацэнку ўсяму асартымэнту, а літаральна празь некалькі дзён падчас праверкі на мяжы ў малочных вырабах канстатавалі наяўнасьць шкодных мікраарганізмаў.