Нямеччына ўзмацняе кантроль над міграцыяй, Швэцыя расьсьледуе гвалт над жанчынамі з боку мігрантаў

Пратэсты ў Кёльне.

Нямеччына павялічыла колькасьць мігрантаў, якім не дазваляецца празь мяжу з тэрыторыі Аўстрыі патрапіць у Нямеччыну, бо яны ня могуць прэтэндаваць на прытулак.

Напады на жанчын у шэрагу нямецкіх гарадоў, учыненыя, як мяркуецца, мігрантамі ў навагоднюю ноч, спарадзілі ціск на канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркэль, і яе палітыка «адчыненых дзьвярэй» для мігрантаў пачала мяняцца.

Колькасьць мігрантаў, якім штодзень Нямеччыны не дазваляе трапіць у краіну з тэрыторыі Аўстрыі, ўзрасла з 60 да 200 чалавек. Большасьць зь іх — аўганцы, але таксама ўраджэнцы Іраку, Ірану, Марока і Альжыру.

Узмацненьне памежнага кантролю, выбарачныя праверкі адбываюцца ў шэрагу эўрапейскіх краінаў: Швэцыя ўзмацняе кантроль на мяжы з Даніяй, Данія — зь Нямеччынай, Аўстрыя — са Славеніяй. З пачатку году Аўстрыя адправіла назад у Славенію прынамсі паўтары тысячы мігрантаў.

Тым часам, паліцыя Швэцыі распарадзілася правесьці расьсьледаваньне пасьля таго, як у СМІ зьявілася інфармацыя, што дзяўчынкі-падлеткі сталі ахвярамі сэксуальных дамаганьняў і гвалту з боку мігрантаў у мінулым годзе. Паведамляецца, што многія дзяўчынкі схавалі факты дамаганьняў, што адбываліся падчас музычнага фэстывалю ў жніўні.

СМІ паведамляюць, што група з 50 падазраваных ўдзельнічала ў нападах падчас моладзевага фэстывалю «Мы — Стакгольм», які кожны год прыцягвае тысячы наведвальнікаў, і падчас якога адзначаліся выпадкі гвалтоўных дзеяньняў сэксуальнага характару яшчэ ў 2014 годзе.

Прэм’ер-міністар Швэцыі Стэфан Лёвэн назваў тое, што здарылася, «падвойным здрадай маладым жанчынам». «Гэтыя выпадкі не былі расьсьледаваныя і апрацаваныя належным чынам, а вінаватыя не былі пакараныя. Паліцыя не інфармуе і не паведамляе пра гэтыя праблемы», — сказаў Лёвэн.