У Цурыху ў Швэйцарыі і ў Зальцбургу ў Аўстрыі былі зафіксаваныя выпадкі «навагодніх дамаганьняў» — падобных да тых, што адбыліся ў нямецкім Кёльне.
Deutsche Welle паведаміла, што выпадкі падобных сэксуальных дамаганьняў, мяркуючы па ўсім, мелі месца на найбуйнейшай у Швэйцарыі публічнай вечарыне ў навагоднюю ноч у Цурыху. У паліцыю паступіла шэсьць заяваў ад жанчын, якія сьцьвярджаюць, што яны сталі аб’ектамі рабаваньняў і дамаганьняў з боку мужчын зь цёмным колерам скуры. Такая інфармацыя паступіла ў паліцыю Цурыху ў чацьвер, 7 студзеня.
Першапачаткова ў праваахоўныя органы Цурыху паступіла 24 заявы аб фактах рабаваньня на беразе возера, аднак далейшае расьсьледаваньне паказала, што некаторыя з гэтых справаў зьвязаныя і з сэксуальнымі дамаганьнямі. У паліцыі адзначылі, што гэтыя напады нагадвалі тыя, што мелі месца ў Кёльне і шэрагу іншых гарадоў Нямеччыны ў навагоднюю ноч, аднак гаварыць пра наяўнасьць сувязі паміж імі пакуль заўчасна.
7 студзеня стала вядома аб аналягічных злачынствах і ў Аўстрыі. У паліцыю Зальцбургу паступілі заявы ад некалькіх жанчын адносна сэксуальных дамаганьняў ў навагоднюю ноч.
У Нямеччыне Кёльн ня быў адзіным горадам, дзе адбыліся падобныя інцыдэнты. У паліцыю Гамбургу паступіла 70 заяваў ад жанчын па факце сэксуальных дамаганьняў. Амаль усе выпадкі мелі месца ў раёне вядомай вуліцы Рэпэрбан, дзе знаходзіцца мноства забаўляльных устаноў. Аналягічныя выпадкі мелі месца таксама ў Бэрліне, Дзюсэльдорфе і Штутгарце. Кіраўнік МУС Нямеччыны Томас дэ Мэзьер выказаўся за дэпартацыю мігрантаў-злачынцаў.