Хлопец быў у самым цяжкім стане. Ужо на месцы аварыі лекары праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы. У яго былі зламаныя некалькі рэбраў і пашкоджаныя лёгкія. Цяпер ён знаходзіцца ў стане штучнага сну і падключаны да апарату штучнага дыханьня. Паводле лекараў, сытуацыя з гэтым пацыентам вельмі сур’ёзная.
Свабодзе ўдалося пагутарыць зь дзяўчынай, якую завуць Арына. У яе пералом левай рукі. Яна ў знаходзіцца ў трохмеснай палаце. Праблем з камунікацыяй у яе няма, бо старэйшыя лекары гавораць па-расейску. Калі яе адправяць дадому, дзяўчына пакуль ня ведае. Яна сказала, што ня можа зьвязацца з бацькамі, але спадзяецца, што інфармацыю пра яе стан бацькам перадала настаўніца.
Дзяўчына ўдакладніла, што ў аўтобусе падарожнічала кляса адной зь менскіх школаў. Два дні яны правялі ў Празе і накіроўваліся ў польскі Ўроцлаў, адкуль зьбіраліся выехаць у Менск.
Стараста вёскі Горжэчкі паведаміў Радыё Свабода, што астатнія пасажыры аварыйнага аўтобуса, якія мелі кароткі прытулак у гэтай вёсцы, зьехалі адтуль на іншым беларускім аўтобусе, які па іх прыехаў.