«Русский мир»: дыяфрагма лепш працуе з галадухі

Ціхан Чарнякевіч

У апошнія дні старога году кожны раз падпісваюцца праграмныя дакумэнты на будучыню. Аляксандар Лукашэнка, напрыклад, выдаў Загад №522 «Пра абвяшчэньне 2016 году Годам культуры».

Ягоныя ўсходнія калегі таксама не сядзелі бяз справы. 30 сьнежня Дзьмітры Мядзьведзеў зацьвердзіў праграму «Патрыятычнае выхаваньне грамадзян Расейскай Фэдэрацыі на 2016-2020 гг.», а Ўладзімер Пуцін 31 сьнежня абвясьціў Загад №683 «Пра стратэгію нацыянальнай бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі».

Улічваючы ранейшыя заявы кіраўніка РБ, што «наступны год будзе вельмі цяжкі, такога году ў гісторыі нашай краіны не было», можна выказаць меркаваньне, што і культуры беларускай у 2016-м мала што абломіцца. Выдаткі на яе, прапісаныя ў дзяржбюджэце, пастаянна скарачаюцца дый самую сыстэму культурных устаноў увесь час «аптымізуюць» і «нармалізуюць». Гэтак, паводле міністра культуры Барыса Сьвятлова, за чатыры гады колькасьць бібліятэк з 3774 скарацілася да 2874. Беручы большы адцінак часу, 2000-я, можна атрымаць іх скарачэньне ў два ці тры разы па кожным раёне. Тыя ж праблемы калоцяць і сельскія клюбы – няма грошай на рамонты, пераабсталяваньне, ды і заробкі рэдка выходзяць за лічбу дзьвесьце даляраў на месяц.

Зусім зразумела, што ў час крызысу, у які ўступае дзяржава, становішча культуры ня надта істотна зьменіцца. Прынамсі, раптоўнага росквіту ніхто не чакае: распрацоўнікі дзяржбюджэту і разьмеркавальнікі грашовых плыняў заўжды ўспрымалі яе як баляст: абавязковы і непрыбытковы (а праз гэта й малацікавы) артыкул, які хоцькі-няхоцькі трэба кожны раз прапісваць. «Год культуры» абвяшчаецца сёлета хіба таму, што зь яе можна сапраўды зрабіць танную і яркую карцінку, якою, магчыма, трохі прыкрыюцца чорныя дзіркі ў эканоміцы і стабільна-замарожаным валавым унутраным прадукце.

Ужо цяпер ясна, што «Год культуры» – чарговая шырма і сымулякр. Нягледзячы на тое, што патрэба ва ўмацаваньні культурнага пласту цяпер як ніколі важная, будуць рабіцца чарговыя адчэпныя мерапрыемствы. Іх сутнасьць міністар культуры таксама акрэсьліў у вышэйзгаданым інтэрвію: 75-годзьдзе Ўладзімера Мулявіна, 95-годзьдзе Івана Шамякіна, 120-годзьдзе Кандрата Крапівы, 125-годзьдзе Максіма Багдановіча. Юбілейныя вечарыны, сустрэчы, прэзэнтацыі, якія гарантуюць духоўна-культурны ўздым кожнаму іх наведніку.

Ужо сёньня можна прыкінуць «слупкі», на якіх будзе трымацца інфармацыйная падтрымка «Году культуры». Перавыдадзеная на крэйдавай паперы і на чысьцюткай расейскай мове кніга пра Мулявіна, якую прэзэнтуюць на студзеньскі дзень нараджэньня «песьняра»; не абмінуць і выніковае справаздачы па выданьні 23-тамовіка Івана Шамякіна, якім засыпаныя ўсе крамы «Белкнігі». Хутчэй за ўсё, сьпячэцца нейкая хваласьпеўная кніга-фаліянт і пра Крапіву – зразумела, бяз згадак пра 1930-я гады і працу па «ўдасканаленьні» слоўнікаў беларускай мовы.

Больш за ўсё мяне тут хвалюе лёс нешанцоўнага Максіма Багдановіча, чый музэй як зачынілі на капрамонт акурат напярэдадні мінулага 120-гадовага юбілею, так дагэтуль ніякай экспазыцыі не відаць. Да таго ж, за гэтыя пяць гадоў пэрсанальны музэй паэта ў Траецкім стаў філіяй, раўназначнай музэю-кватэры Броўкі, гарадзенская яго філія адсяклася на карысьць выканкамаўскага аддзелу культуры, а «Беларуская хатка», яшчэ адзін культавы багдановіцкі асяродак (вул. Рабкораўская), як мяркуецца, неўзабаве адыдзе Ўнівэрсытэту культуры. Што яшчэ можна прыдумаць для ўзрастаньня камэмарацыі Багдановіча, нават цяжка сабе ўявіць.

Тым часам, як у Менску і яго ваколіцах будуць выбіваць грошы на рамонты і ладзіць прэзэнтацыі, «братняя» Расея, відавочна, будзе змагацца за пашырэньне «русского мира». Вядомы навуковец Алег Праскурын ужо заўважыў, што ў параўнаньні зь мінулай стратэгіяй нацыянальнай бясьпекі РФ (2009 году выданьня), сьвежы апублікаваны дакумэнт стракаціць абсалютна новым для ўрадавых праграмаў тэрмінам «традыцыйныя расейскія духоўна-маральныя каштоўнасьці». Зьмест гэтага дастаткова туманнага панятку раскрываецца толькі напрыканцы загаду, у пункце 78. Уваходзяць туды, напрыклад, «калектывізм, гістарычнае адзінства народаў Расеі, пераемнасьць гісторыі нашай Радзімы». Пагрозай для гэтых самых каштоўнасьцяў, згодна з п.79 пуцінскага Загаду №683, зьяўляецца, між іншым, і «зьніжэньне ролі расейскай мовы ў сьвеце, якасьці яе выкладаньня ў Расеі і за мяжой, спробы фальсыфікацыі расейскай і сусьветнай гісторыі, супрацьпраўныя замахі на аб'екты культуры».

Пуцінскі загад, безумоўна, ёсьць вынікам умацаваньня яго рэйтынгу цягам апошніх гадоў – зьвязанага з анэксіяй Крыму, войнамі ў Данбасе і Сірыі. Умацаваны ваеннымі манэўрамі расейскі патрыятызм заявіў аб патрэбе далейшага свайго распаўсюджаньня. Ужо на ўзроўні нарматыўных дакумэнтаў. Акрамя абвешчанай і адразу заўважанай мілітарызацыі, дэкляруецца і змаганьне за расейскую мову за мяжой, прасоўваньне «пераемнасьці гісторыі» (то бок – трызьненьне Савецкім Саюзам) і забароны на залішне сьмелыя гістарыяграфічныя інтэрпрэтацыі (дзе можа ставіцца пад сумнеў правамернасьць тых ці іншых дзеяньняў імпэрска-савецкага кіраўніцтва).

Ідэалёгія «русского мира», як бачым, не зьбіраецца спыняцца на дасягнутым. І чым далей будзе падаць уніз цана расейскай нафты, тым, баюся, гучнейшыя будуць прапагандысцкія закіды і парывы – бо з галадухі лепш працуе дыяфрагма. Чым будзе адказваць Беларусь у свой «Год культуры»? Тымі ж саўкова-рабалепнымі штампамі, як і раней? Ці ўсё ж задумаемся пра альтэрнатыву?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.