«Сьвядомы беларус» і «сьвядомы ўкраінец». Ужо ня важна, хто прыдумаў першы, бо падобныя нацыятворчыя працэсы ішлі паралельна і ў Беларусі, і ва Ўкраіне. На момант 1980-х дзеячы нацыянальных рухаў папулярызавалі адносна сябе такую нефармальную саманазву, каб адрозьнівацца ад іншых суайчыньнікаў.
Урэшце атрымаўся двухбаковы, як мэдаль, таракан. Магчыма, унутры нацыянальна-арыентаваных, найперш культурніцкіх асяродкаў слова «сьвядомы» гучала нэўтральна, але многіх яно абражала. Выглядала, што астатнія ў грамадзтве – як немаўляты – несьвядомыя.
Унутры асяродкаў слова пачало губляць актуальнасьць, калі Беларусь атрымала незалежнасьць пад нацыянальнымі сымбалямі. Яшчэ нейкі час выкарыстоўвалася ў некаторых СМІ ў арыгінальным кантэксьце ажно да дзьвюхтысячных. А пасьля зьнікла з актыўнага ўжытку.
Зь іншага боку, умоўныя «беларусаскептыкі» карысталі слова «сьвядомы» ў расейскамоўных СМІ ад 1990-х у саркастычным кантэксьце. Людзі, апантаныя беларусацэнтрызмам, успрымаліся як дзівакі, невялікая група недарэкаў.
Сёньня слова «сьвядомы» часта ўжываецца ў камэнтарах на форумах інтэрнэт-пляцовак ва ўкраінізаваным варыянце – «свидомый». Што сьведчыць пра карыстальніка як «рэзыдэнта» расейскай інфармацыйнай прасторы. Менавіта там таракан жыве без супынку ўжо больш за чвэрць стагодзьдзя.
Калі на пачатку таракан быў нэўтральны альбо іранічны з абодвух бакоў мэдаля, сёньня ён рэпрэзэнтуе адзіную вэрсію, і зусім не бяскрыўднай афарбоўкі. «Нічога ў вас, "сьвідомых" не атрымаецца, ня будзе насаджэньня беларускай мовы, як вам хочацца. Мы – расейскамоўныя людзі Беларусі гэтага не дапусьцім». Падобныя камэнтары ў розных варыяцыях зьяўляюцца на сайце як радыё «Свабода», гэтак і іншых беларускіх сеціўных рэсурсаў.
Ці гэта шчырыя крыкі душы, ці тролінг прафэсіяналаў? Мяркую, маем справу з камбінаваным варыянтам, і дзе чаго больш, наўрад ці дазнаемся, пакуль выказваньні будуць ананімнымі. Тым ня менш, дыскусіі вакол традыцыйнага арнамэнту, нацыянальнай сымболікі і нават беларускага Нобэля актывізавалі ўжываньне слова «сьвядомы».
Са свайго боку прапаную збалянсаваць азначэньне, вярнуць на другі бок мэдаля выраз «сьвядомыя беларусафобы». У якасьці спосабу дэтараканізацыі.
«Сьвядомы беларусафоб» – такі вось актывіст наадварот.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.