Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў сёньня, што Беларусь і Расея дамовіліся больш актыўна разьвіваць ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва
«У мэтах умацавання рэгіянальнай стабільнасьці і бясьпекі дамовіліся актыўна разьвіваць ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва», — сказаў ён па выніках праведзеных сёньня ў Маскве перамоваў з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Як перадае БЕЛТА, ён падкрэсьліў, што Беларусь і Расея на міжнароднай арэне праводзяць узгодненую зьнешнюю палітыку.
«Мы адзначылі блізкасьць нашых краін па такіх тэмах, як урэгуляваньне ўкраінскага крызісу і барацьба зь міжнародным тэрарызмам у Сырыі», — сказаў Уладзімер Пуцін.
Паводле слоў прэзыдэнта Расеі, на перамовах абмяркоўваліся актуальныя тэмы двухбаковага і міжнароднага парадку дня.
«З улікам маючага адбыцца 21 сьнежня саміту АДКБ сфакусаваліся на пытаньнях бясьпекі і стабільнасьці на зьнешніх рубяжах арганізацыі, сумеснай барацьбы з тэрарызмам», — адзначыў Уладзімер Пуцін.
Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін у камэнтары для Радыё Свабода адзначае:
«Выглядае, што Пуцін вырашыў задобрыць свайго хаўрусьніка. Хутчэй за ўсё, будуць нейкія пастаўкі ўзбраеньня, магчыма, па льготных цэнах. Асабліва гэта верагодна з улікам сытуацыі ў Польшчы, дзе да ўлады прыйшло новае кіраўніцтва з дастаткова агрэсіўнымі антырасейскімі настроямі. Таму можна чакаць новую вайсковую тэхніку ў Беларусі. Цяпер Беларусь атрымлівае з Расеі вельмі мала новага ўзбраеньня. Наша армія каля дзесяці гадоў чакае паставак апэратыўна-тактычных комплексаў „Іскандэр-Э“, зэнітна-ракетных комплексаў „Трыюмф“, сучасных самалётаў, іншага ўзбраеньня. Але паставак няма. Расея кажа, што недаўкамплектаваная свая армія, і пастаўляе нам старыя сыстэмы канца 80-х гадоў».
Нягледзячы на тое, што на сёньняшняй сутрэчы не падымалася пытаньне расейскай вайсковай базы, Аляксандар Алесін кажа, што Пуцін чакае ад Лукашэнкі станоўчага рашэньня з гэтай нагоды:
«21 сьнежня будзе паседжаньне АДКБ. Хутчэй за ўсё, гэтае пытаньне будуць разглядаць там. Гэта такая тактыка Пуціна — сёньня прадэманстраваць супадзеньне інтарэсаў у вайсковым пляне, а заўтра запатрабаваць усталяваньня вайсковай базы».