«Ці чыталі творы беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч». Адказваюць жыхары Магілёва.
Your browser doesn’t support HTML5
— «Цынкавыя хлопчыкі» — гэта Аўганская вайна. Я маю пэўнае дачыненьне да яе. Як Васіль Быкаў пісаў пра Вялікую Айчынную, гэтак і яна — пра Аўганскую. Абодва напісалі рэальна. Адрозьненьне толькі ў тым, што Быкаў ваяваў, а яна не ваявала.
— «У вайны не жаночае аблічча». Мне гэты твор было дужа цяжка чытаць, і я адкладвала, потым зноў чытала. Я не магла прачытаць адразу ўвесь. Дужа цяжка. Там аголена скрозь усё. І жанр у яе дужа цікавы — дакумэнталістыка. За гэтым жанрам будучыня.
— Не было ў мяне такой магчымасьці азнаёміцца зь ейнай творчасьцю, але я дужа ганаруся, што ёй прысудзілі Нобэлеўскую прэмію.
— «У вайны не жаночае аблічча». Гэта адзіная кніга, якую я чытала. Мне спадабалася. Там сапраўды паказана, што людзям давялося перажыць. Тое, што ацанілі яе, вельмі прыемна.
— Я чула, што яна атрымала Нобэлеўскую, аднак нічога не чытала. І вельмі сорамна. Хачу нешта знайсьці зь ейных твораў, але нічога не знайшла. А што ейных кніг нідзе няма?
— Чытала адну кніжку «У вайны не жаночае аблічча», калі яна толькі выйшла. У савецкі пэрыяд больш асьвятляліся гераічныя тэмы. А вось гэтая, боль, бруд, яны, вядома ж, таксама былі, але не ў такім выглядзе, як у Алексіевіч. І мяне, калі шчыра, гэта адштурхнула. І больш я нічога не чытала ейнага. Дужа шмат натуралізму. Гэта дужа страшна, гэта праўдзівая карціна, але чытаць такое я не магу.
— Гэта тая, якую не пакажуць па БТ? Я ў навінах чытала пра яе. Нічога зь яе кнігаў не чыталі. Чуць, дык чулі, але не чыталі. Крыху іншую літаратуру чытаем. Але можна будзе азнаёміцца зь ейнай творчасьцю ўсё-ткі.
— Я нічога не чытала, але пра яе чула. Гонар заўжды ёсьць за землякоў. Наагул цікава было б прачытаць ейныя кнігі.
— Я нічога не чытала, але ўсе ганарацца, што беларуская пісьменьніца атрымала Нобэлеўскую прэмію. Вядома ж хочацца пачытаць. Хаця б спачатку купіць і патрымаць у руках кнігу. Паглядзець, што гэта такое.
— Нічога мы не чыталі. Вельмі прыемна стала: беларусы выйшлі на такі міжнародны ўзровень. Пакуль не шукалі ейных кніг, але будзем. Ёсьць да чаго імкнуцца. Дзецям трэба гаварыць, што Беларусь дасягнула такіх вышынь, і нават у літаратуры.