Заснавана прэмія імя Цёткі — за дзіцячую літаратуру

Беларускі ПЭН-цэнтар і дабрачынны фонд «Вяртаньне» заснавалі новую літаратурную прэмію — імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч) — за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў.

Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца кнігі, якія выйшлі ў бягучым годзе на беларускай мове, у дзьвюх намінацыях — «найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў» у прозе, паэзіі або драматургіі і «найлепшае мастацкае афармленьне кнігі» за ілюстрацыі.

У кожнай намінацыі будзе толькі адзін пераможца, які атрымае грашовы прыз, эквівалентны 2 тысячам даляраў.

Заяўкі на першую прэмію імя Цёткі прымаюцца да 31 студзеня 2016 году. Інфармацыя пра падачу заявак на ўдзел у конкурсе апублікаваная на афіцыйным сайце прэміі ciotka.by.

Апякункай прэміі абраная Алаіза Пашкевіч, вядомая як Цётка, аўтарка «Першага чытаньня для дзетак беларусаў», стваральніца першай беларускай школы ў Вільні, што запачаткавала масавую беларускамоўную адукацыю, рэдактарка часопісу для дзяцей і моладзі «Лучынка». У 2016 годзе беларусы будуць адзначаць 140 год зь яе дня народзінаў і 110 год з выхаду «Першага чытаньня».

Заснавальнікі прэміі спадзяюцца, што прэмія стане штогадовай, распавёў Свабодзе прадстаўнік аргкамітэту прэміі і сябра ПЭН-цэнтру Уладзь Лянкевіч:

«Прэмія выдаецца ў дзьвюх намінацыях. Узнагароджваецца найлепшая арыгінальная дзіцячая кніжка па-беларуску ў незалежнасьці ад жанру — гэта можа быць проза, паэзія, драма... І другая намінацыя — найлепшае мастацкае аздабленьне, будзе асобна ўзнагароджвацца мастак-ілюстратар. Інфармацыя пра журы будзе зьяўляцца недзе празь месяц, але ўжо сёньня можна сказаць, што паколькі адна намінацыя не літаратурная, а мастацкая, таму натуральна, што прысуджаць прэмію мастаку будуць не пісьменьнікі, літаратары ці крытыкі, а мастакі.

Гэта нейкі псыхалягічны бар’ер, дзіцячая літаратура ўвесь час у такім лёгкім «пралёце».

Сёньня у літаратурных колах і ва ўсёй культурнай прасторы стала відавочна, што пытаньне дзіцячай літаратуры адкрытае. Ёсьць прэмія Гедройца, за прозу даецца, прэмія «Дэбют» маладым аўтарам даецца, ёсьць «Кніга году» і яшчэ шэраг прэміяў. Ды заўсёды атрымліваецца так, што творы для дзяцей і падлеткаў разглядаюцца ў кантэксьце прэміяў, але журы пры аднолькавай якасьці твораў зробіць выбар на карысьць «дарослага» твору. Раману пра жыцьцё ў горадзе Менску, а не пра прыгоды дзяўчынкі на нейкім востраве, напрыклад. Гэта нейкі псыхалягічны бар’ер, дзіцячая літаратура ўвесь час у такім лёгкім «пралёце».

Таму было вырашана запачаткаваць асобную прэмію для дзіцячай літаратуры. Натуральна, гэта ўсё само высьпявае. Як па мне, апошнім часам больш заўважнымі робяцца маладыя бацькі, дзеткі, якія гадуюцца па-беларуску, гэта ўсё становіцца нашмат больш актуальным. Мы чуем і чытаем у інтэрнэце меркаваньні, што беларуская дзіцячая літаратура «не дацягвае» да сусьветных узораў. Так, магчыма, трэба разьбірацца, раскручваць беларускую дзіцячую літаратуру.

Я думаю, цяжка казаць пра сытуацыю зь дзіцячай літаратурай у адрыве ад моўнай і культурнай беларускай сытуацыі. У прынцыпе, чалавек, які ўсім гэтым цікавіцца, можа знайсьці досыць шмат дзіцячых кніг на беларускай мове, але гэта патрабуе спэцыяльных навыкаў, трэба прыкласьці высілкі па пошуку. Проста на вакзале, едучы да пляменьніцы ў суседні горад, калі хочацца купіць гасьцінец, не атрымаецца знайсьці ніколі беларускую кнігу. Кнігі ёсьць, яны выдаюцца, але гэта не даходзіць да шырокага чытача праз засільле расейскага кніжнага рынку. Часта людзі проста ня ведаюць пра існаваньне гэтых кніг! Праблемы існуюць, хаця пэрспэктыўныя аўтары існуюць, але існуюць у гэткім замарожаным стане».