Чатыры першыя творы пераклаў на беларускую мову яшчэ ў 1980-90 гадах тагачасны галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Мікола Сымонавіч Гіль. Зараз ён ганарыцца тым, што, як ён выказаўся, «жыцьцёвы і пісьменьніцкі подзьвіг Сьвятланы Алексіевіч набыў такі нечуваны громападобны посьпех», а сам Мікола Гіль меў дачыненьне да перакладу:
«Я вельмі рады за Сьвятлану Аляксандраўну, яна вельмі слаўны чалавек, сардэчны, шчыры. У мяне захоўваюцца такія шчырыя, мілыя надпісы, якія яна пакінула на кнігах. А зараз я ў дадатак да гэтага ганаруся, што загучалі яе кніжкі па-беларуску.
Яна не кантралявала — давала кнігу, і, калі ласка, перакладзіце. Усяго я пераклаў чатыры яе кнігі. Я больш кантактаваў з выдавецтвам і з часопісам. Яна давярала мне без усялякіх агаворак».
Першай у 1985 годзе ў выдавецтве «Юнацтва» выйшла кніга Сьвятланы Алексіевіч «Апошнія сьведкі. Кніга недзіцячых расказаў». У 1991 годзе ў «Мастацкай літаратуры» выйшла дакумэнтальная аповесьць «У вайны не жаночае аблічча», а ў выдавецтве «Беларусь» — «Цынкавыя хлопчыкі». У 1993 годзе Мікола Гіль пераклаў «Зачараваныя сьмерцю», кніга выйшла ў выдавецтве «Беларусь». Наклады ўсіх выданьняў былі невялікія, але ўсё яны выходзілі ў дзяржаўных выдавецтвах, падкрэсьлівае перакладчык Мікола Гіль:
«Дзяржаўная замова была, вядома! Выдавецтва „Мастацкая літаратура“ і часопіс „Полымя“ заключалі афіцыйныя дамовы, як і на іншыя кнігі. Але гэта ж было яшчэ за савецкім часам! Апошняй была „Чарнобыльская малітва“ ў часопісе „Полымя“ у 1997 годзе, гэта мяне Сяргей Законьнікаў папрасіў. Але гэта было яшчэ ў дзяржаўным часопісе пры Міністэрстве інфармацыі».
Праблемы і непаразуменьні з уладай і зь некаторымі героямі твораў у Сьвятланы Алексіевіч пачаліся яшчэ пасьля кнігі «У вайны не жаночае аблічча». А пасьля выхаду «Цынкавых хлопчыкаў» маці загінулых у Аўганістане салдат нават падалі на пісьменьніцу ў суд, кажа Мікола Гіль:
«Сьвятлана Алексіевіч была ня надта зручным для ўлады, ня свойскім аўтарам. Вы ж ведаеце, якія ўзьнікалі праблемы з «Цынкавымі хлопчыкамі», нават да суду даходзіла. Мы ў ЛіМе друкавалі матэрыялы з нагоды гэтых судоў. Бедныя жанчынкі, маці, зашораныя былі, замест удзячнасьці падавалі ў суд.
Я тут згодны з Алесем Адамовічам, калі ён гаварыў пра тое, што рабіла Сьвятлана Аляксандраўна: «Гэта ня проста магнітафонныя запісы, гэта ня проста дакумэнтальная літаратура, а гэта, як Адамовіч умеў гаварыць, „звышлітаратура“. Паглядзіце, які посьпех мела ягоная і „Блякадная кніга“, і „Я з вогненай вёскі“... Гэта такая жыцьцёвая плынь, што дасьць фору любой пісьменьніцкай фантазіі, выдумцы».
У 2013 годзе ў выдавецтве «логвінаЎ» вышла па-беларуску апошняя кніга Сьвятланы Алексіевіч «Час Second-Hand. Канец чырвонага чалавека». На беларускую мову яе пераклалі Валер Стралко і Ціхан Чарнякевіч.
Спадар Чарнякевіч празнаецца, што гэта была даволі складаная задача — аўтарка вельмі патрабавальная:
«Сьвятлана Аляксандраўна вельмі ашчадна ставіцца да слова, да таго, як гучыць фраза. Яна была вельмі зацікаўленая, каб па-беларуску фраза гучала гэтаксама дасканала, музычна, рытмічна, як і ў арыгінале. Было некалькі сустрэч, калі мы сустракаліся, аналізавалі пэўныя фразы, пэўныя хады, як павінны гучаць разьдзелы, бо не зусім граматычна яны гучалі па-беларуску гэтаксама, як і па-расейску. Некаторыя словы ўзгадняліся, пабудова самой фразы.
Яна добра, дасканала ведае беларускую мову і ведае, чаго яна хоча на выхадзе ад перакладчыка. Тут ёй было значна прасьцей працаваць, чым, да прыкладу, зь японскімі альбо кітайскімі перакладчыкамі. Яна магла ацаніць пераклад, нешта забракаваць, нешта ўхваліць. Была даволі напружаная, але вельмі цікавая праца».