Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрыксан: «Калі пачуў пра Нобэлеўскую прэмію для Беларусі — закрычэў»


Стэфан Эрыксан
Стэфан Эрыксан

Стэфан Эрыксан правёў у Беларусі сем год разам з жонкай і дзецьмі. Быў першым кіраўніком дыпляматычнага прадстаўніцтва Швэцыі. Вывучыў беларускую мову лепш за многіх беларусаў, пасябраваў зь пісьменьнікамі, паэтамі і музыкамі і пасьпеў заваяваць любоў грамады.

Калі ў 2012 годзе беларускія ўлады вырашылі не працягваць Эрыксану дыпляматычную акрэдытацыю, гэта азначала выгнаньне. Цяпер Стэфан Эрыксан — нобэлеўскі аташэ сёлетняй ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Ён адказны за яе знаходжаньне ў Стакгольме, паўсюль суправаджае яе і, як выглядае, надзвычай шчасьлівы сваёй пасадай.

Я ўпэўнены, што Беларусь шмат чаго можа прапанаваць Эўропе. Але галоўнае, каб беларусы самі цанілі сваё.

«Я ўпэўнены, што Беларусь шмат чаго можа прапанаваць Эўропе. Але галоўнае, каб беларусы самі цанілі сваё» , — кажа Стэфан ў інтэрвію Свабодзе ў адным з пакояў «Гранд-атэлю» ў цэнтры Стакгольма, дзе жывуць нобэлеўскія ляўрэаты.

— Вы, відаць, ужо ня дзівіцеся, калі вас называюць «амбасадарам беларускай культуры» ў Эўропе, а пасьля таго, як Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію, то і ў сьвеце. Але нашае першае пытаньне ўсё ж пра нобэлеўскую ляўрэатку, якую вы суправаджаеце на працягу Нобэлеўскага тыдня ў Стакгольме. Як Сьвятлана правяла гэтыя дні?

— Вы прысутнічалі з самага пачатку, нават прыляцелі разам зь ёю. Фактычна ўсё, думаю, бачылі. Канечне, праграма даволі цяжкая, бо шмат журналістаў хочуць сустракацца. Сёньня была прэс-канфэрэнцыя. Але я думаю, што спадарыня Сьвятлана знаходзіць сілы, каб гэта правесьці. Канечне, гэта для яе вялікая падзея, як і для нас усіх, хто прымае ў гэтым удзел.

— Вядомая афіцыйная праграма, але апроч яе хтосьці выказаў жаданьне асабіста сустрэцца са Сьвятланай?

— У праграме ёсьць абавязковая частка — гэта ўзнагароджаньне, сьвяточная вячэра пасьля яе, таксама будзе вячэра ў Каралеўскім палацы. Гэта самае галоўнае, але спадарыня Сьвятлана пагадзілася яшчэ на некаторыя пункты ў праграме. У панядзелак адбудзецца размова зь міністрам замежных спраў Швэцыі Маргот Вальстрэм. Да гэтай падзеі вялікая цікавасьць.

Будзе таксама наведваньне школы ў нашых прыгарадах, якое традыцыйна прапануецца ўсім ляўрэатам па літаратуры. Канечне адбываюцца асабістыя сустрэчы зь людзьмі, якія блізка знаёмыя са Сьвятланай. Гэта яе выдавецтва, напрыклад, фатограф Марыя Сёдэрбэрг (арганізатарка дзён беларуска-швэдзкай культуры ў Беларусі — РС.). Гэта тыя людзі, якія шмат гадоў зь ёй працуюць.

— Вось калі казаць пра шмат гадоў, то бадай не сакрэт, што Швэцыі можна прыпісаць галоўную заслугу ў тым, што Сьвятлана атрымала Нобэлеўскую прэмію. Тут варта згадаць намаганьні Швэдзкага ПЭН-цэнтра, які наміноўваў Сьвятлану на прэмію, і ўсіх тых людзей, якія былі побач. Вы маглі б распавесьці, як гэта адбывалася, колькі год заняло, хто ў гэтым удзельнічаў?

Перш за ўсё гэта заслуга Сьвятланы, бо гэта яе творы атрымалі ўвагу Нобэлеўскага камітэту.

— Перш за ўсё гэта заслуга Сьвятланы, бо гэта яе творы атрымалі ўвагу Нобэлеўскага камітэту. У сьвеце шмат прыстойных літаратараў, і нават Швэдзкая акадэмія ня можа чытаць усё, што пішацца. І шмат залежыць ад таго, што даступна на мовах, на якіх чытаюць у Швэдзкай акадэміі. Усіх пералічыць цяжка. Канечне, гэта выдавецтва і агент Сьвятланы. Яе кнігі даволі рана выйшлі па-швэдзку і выклікалі вялікі інтарэс у швэдзкіх чытачоў. Гэта зрабіла адно маленькае выдавецтва «Эрзац». Іх заслуга шмат у чым, бо яны верылі, што гэта прыстойная літаратура, што трэба яе перакладаць, і выдалі ўсе пяць кніг утопіі пра «чырвонага чалавека».

Таксама Сьвятлана два, калі не памыляюся, гады жыла ў Гётэборгу. Тады таксама склалілся добрыя адносіны са Швэцыяй. Вы таксама ведаеце, што разьвіваліся літаратурныя стасункі. Прыяжджала шмат швэдзкіх літаратараў у Беларусь. Марыя Сёдэрбэрг, у тым ліку, арганізоўвала вандроўкі. Прыяжджала ў Беларусь сябра Швэдзкай акадэміі Катарына Фростэнсан.

Тут цяжка казаць, што было самым галоўным. Натуральна, у аснове гэтай прэміі якасная літаратура, і гэта найперш заслуга Сьвятланы.

— На плошчы перад Нобэлеўскім музэем я пыталася людзей, ці ведаюць яны Сьвятлану Алексіевіч. І першы літаральна хлапец адказаў мне «так, я чытаў дзьве яе кнігі па-швэдзку». Я была вельмі ўражаная, бо калі з такім пытаньнем выходзіш на вуліцы Менску, рэдка сустрэнеш чалавека, які цэлыя дзьве кнігі Алексіевіч прачытаў. Ці стаўленьне да твораў Алексіевіч і да яе постаці ў Швэцыі адрозьніваецца ад таго, як, як вам падаецца, да яе ставяцца ў Беларусі.

Сапраўды, у Швэцыі шмат людзей чыталі яе кнігі. Ня кожны год бывае так, што абвяшчаюць нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры, і людзі ведаюць, хто гэта. Але сёлета так.

— Сапраўды, у Швэцыі шмат людзей чыталі яе кнігі. Ня кожны год бывае так, што абвяшчаюць нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры, і людзі ведаюць, хто гэта. Але сёлета так. У тым ліку міністар замежных спраў таму і захацела правесьці размову са Сьвятланай, бо прачытала яе кнігі. Нельга сказаць, што гэта масава, але шмат людзей, якія цікавіцца літаратурай, знаёмяцца зь яе творамі.

Тыя балючыя тэмы, пра якія піша Сьвятлана, для нас трохі на адлегласьці. Беларусы, былыя жыхары Савецкага саюза, перажылі гэта больш, чым мы. Але ўсё роўна працэсы, пра якія распавядае Сьвятлана, аказваюцца вельмі важнымі і для нашых людзей. Яны нас кранаюць. Нашая краіна прайшла іншы шлях. «Чырвонага чалавека» да такой ступені мы ня мелі. Але падобныя тэндэнцыі былі. Таму, думаю, тое, пра што Сьвятлана піша, для нас зьяўляецца вельмі актуальным.

— Ці ёсьць у вас тлумачэньне, чаму беларуская ўлада заняла пазыцыю ігнараваньня нобэлеўскай ляўрэаткі і самога факту наданьня ёй прэміі?

— Я бадай ня той чалавек, які можа адказаць на гэтае пытаньне. Ведаю, што большасьць беларусаў успрынялі навіну пра прэмію Сьвятланы вельмі станоўча. Гэта стала для людзей сапраўднай падзеяй. Канечне, усім, асабліва ў нашыя часы, патрэбныя добрыя навіны. Для любой краіны гэта вялікая падзея. Людзі цешацца гэтай навіне. Мяне гэта таксама вельмі радуе.

— Шмат кажуць пра тое, што Нобэлеўская прэмія для беларускай аўтаркі — гэта шанец для ўсяго сьвету, і для беларусаў найперш, паглядзець на Беларусь па-новаму. Перастаць быць «апошняй дыктатурай Эўропы», якой мы воляю лёсу ўжо нават і перасталі быць, а стаць краінай Нобэлеўскага ляўрэата. Ці зьменіцца пасьля гэтага стаўленьне да Беларусі ў сьвеце?

Для мяне гэтая ўзнагарода — доказ таго, што Беларусь зьяўляецца часткай Эўропы і астатняга сьвету.

— Перш за ўсё гэта вельмі важны момант для саміх беларусаў. Для мяне гэтая ўзнагарода — доказ таго, што Беларусь зьяўляецца часткай Эўропы і астатняга сьвету. Што тое, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі, гэта цікава і важна. Гэта крок збліжэньня Беларусі з астатнім сьветам. Бо ў чымсьці падзеі ў Беларусі разьвіваліся трохі ізалявана.

Я магу толькі казаць пра Швэцыю. Канечне, былі людзі, якія добра ведалі пра Беларусь. Мабыць, у Швэцыі нават больш, чым у сярэдняй эўрапейскай краіне. Але натуральна гэтая падзея пашырыць вядомасьць ня толькі Сьвятланы Алексіевіч. Таксама людзі будуць больш ведаць пра краіну Беларусь. Гэта сапраўды шанец для краіны стаць эўрапейскай.

Стэфан Эрыксан пра тое, як падтрымлівае валоданьне беларускай мовай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:39 0:00

— Як вы правялі гэтыя тры гады і як вам удалося ня тое што не забыцца, а нават удасканаліць беларускую мову?

— Я нікуды не падзеўся. Працягваю працаваць у швэдзкім МЗС. Ужо не наўпрост па беларускім накірунку. Але сем гадоў жыцьця — гэта даволі шмат. Таму інтарэс да таго, што адбываецца ў Беларусі, у мяне захаваўся. Дзякуючы Фэйсбуку і іншым сацмэдыям можна, так сказаць, быць часткай падзеяў, нават калі знаходзісься за мяжой.

А з мовай так атрымліваецца, што шмат беларусаў прыяжджаюць сюды. Калі ня кожны тыдзень, то кожны месяц я маю радасьць сустракацца зь беларускімі знаёмымі, сябрамі. Такім чынам імкнуся падтрымліваць мову на ўзроўні.

— Ці вы не трымаеце крыўды на Беларусь за тое, што вам давялося пакінуць яе супраць волі?

— Ведаеце, я не злапамятны. Па-расейску ёсьць такая прыказка «на обиженных воду возят». Я да канца так і не зразумеў, пра каго так гавораць, але мне падабаецца. Таму я рэдка крыўдую.

Я калі даведаўся пра ўзнагароду з прамога эфіру на пачатку кастрычніка, то закрычэў нават так, што калегі падумалі, што нешта адбылося. Для мяне асабіста вельмі прыемна, што я магу прынесьці карысьць цяпер спадарыні Сьвятлане у якасьці нобэлеўскага аташэ. Склалася такая традыцыя, што швэдзкі МЗС прадстаўляе нобэлеўскаму камітэту дыпляматаў, якія суправаджаюць ляўрэатаў падчас Нобэлеўскага тыдня. Шчыра кажучы я спачатку падумаў, што, можа, ня варта. Але калегі пераканалі, што трэба абавязкова прасіцца на такое заданьне. Зараз я не шкадую, а для мяне гэта вялікі гонар, што я магу быць карысны для Сьвятланы падчас яе знаходжаньня тут у Швэцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG