Беларускія праваабаронцы атрымалі ліст з прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі за подпісам кіраўніцы місіі Андрэа Віктарын. Гэта адказ на калектыўны ліст праваабаронцаў і палітычных актывістаў Беларусі ў абарону вязьняў, былых праваабаронцаў Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага.
«Ваша апісаньне сытуацыі вельмі карыснае для нас, бо дапамагае нам лепш зразумець сытуацыю сп. Бандарэнкі і сп. Жамчужнага.
...Мы ўважліва сочым за ходам справы і будзем прымаць рашэньне аб выбары курсу далейшых дзеяньняў у адпаведнасьці з сытуацыяй», — сказана ў адказе прадстаўніцтва ЭЗ, які атрымала Ганна Шапуцька, актывістка камітэту салідарнасьці з Бандарэнкам і Жамчужным.
На пачатку лістапада больш за 30 беларускіх актывістаў, праваабаронцаў, палітыкаў і журналістаў накіравалі ў розныя міжнародныя структуры ліст, у якім паведамілі пра становішча заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага. Абодва цяпер у вязьніцах, дзе апынуліся пад дадатковым ціскам адміністрацыі. Між тым аўтары звароту мяркуюць, што справы Бандарэнкі і Жамчужнага палітычна матываваныя і зьвязаныя зь іхняй ранейшай праваабарончай дзейнасьцю. Андрэю Бандарэнку адбываць за кратамі яшчэ больш за год, Міхаілу Жамчужнаму — больш за 5 год. Аўтары звароту папрасілі праваабаронцаў сьвету прызнаць Бандарэнку і Жамчужнага палітычнымі вязьнямі і дамагацца іх датэрміновага вызваленьня.
3 лістапада бацька Андрэя Бандарэнкі пабачыўся з сынам у Шклоўскай калёніі падчас кароткатэрміновага спатканьня.
«Сядзіць па-ранейшаму ў памяшканьні камэрнага тыпу ў адзіночцы і чакае суду, які можа прызначыць яму турэмны рэжым. У Шклоўскім судзе сказалі, што выязныя паседжаньні ў калёніі заплянаваныя на 11 сьнежня, але непасрэдна пра дзень суду над Андрэем не сказалі, маўчаць. Мяркую, хутчэй за ўсё, тады і яго будуць судзіць ды за пыл у камэры адправяць да канца тэрміну ў „крытую“ турму», — распавёў пра сына Валер Бандарэнка.
Валер Бандарэнка зьбіраецца прысутнічаць на судзе над Андрэем Бандарэнкам, хоць дагэтуль не атрымаў дазволу. «У калёніі кажуць, што патрэбны дазвол суду, а ў судзе сказалі, што ім бяз розьніцы, абы мяне ў калёнію на суд прапусьцілі. Дык каму верыць?», — кажа бацька вязьня.
Летась Андрэй Бандарэнка быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. Сваю віну праваабаронца прызнаў часткова і заявіў, што ягоная справа магла быць сфабрыкаваная. Меркаваньні беларускіх праваабаронцаў адносна справы Бандарэнкі падзяліліся. Прыкладам, пасьля суду «Вясна» заявіла, што пакараньне Андрэю Бандарэнку за злоснае хуліганства адпавядае судовай практыцы ў Беларусі. Пры гэтым у лістападзе 2015 году «Вясна» заявіла, што цкаваньне Бандарэнкі ў Шклоўскай калёніі зьвязанае зь ягонай праваабарончай дзейнасьцю, і заклікала адміністрацыю спыніць неабгрунтаваны ціск.