Ад 16 сьнежня дзейнасьць 30 крамаў сеткі прыпыненая на тры месяцы. У крамах знайшлі пратэрмінаваныя прадукты і вялікую запазычанасьць.
Міністэрства гандлю Беларусі пастанавіла прыпыніць на 90 дзён дзейнасьць крамаў сеткі «Mart Inn». Як сьцьвярджае Мінгандлю, крамы зачыняюць за «сыстэматычнае парушэньне парадку разьлікаў з пастаўшчыкамі малака, мяса, хлебапрадуктаў і іншых тавараў, рэалізацыю прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасьці і невыкананьне асартымэнтных сьпісаў».
На момант праверкі крэдыторская запазычанасьць крамаў склала 70 млрд рублёў (каля 3,9 млн даляраў), у крамах знайшлі 25 найменьняў пратэрмінаваных тавараў. Кампанія-ўладальнік сеткі крамаў, а таксама 10 службовых асобаў за 2015 год прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці, штрафы склалі больш за 120 млн рублёў (звыш 6,6 тысячы даляраў).
Сетка Mart Inn налічвае 30 крамаў, зь іх 6 у Менску. Ёй валодае літоўскае прадпрыемства Ordeta, 30% якога належаць уладальнікам сеткі крамаў Maxima і яшчэ 30% — інвэстыцыйнаму фонду Lords LB Private Equity Fund I. Mart Inn — адна зь нешматлікіх сетак крамаў, якія актыўна карыстаюцца беларускай мовай.