Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі свая «Алі-баба» ня зьявіцца, бо ў нас сорак разбойнікаў — Яраслаў Раманчук


Беларускаму інтэрнэт-гандлю пагражае павелічэньне пошлінаў праз новы парог бяспошліннага гандлю. Цяпер пошліну з заказанага па пошце тавару бяруць толькі, калі ён даражэйшы за 200 эўра.

Рада Эўразійскай эканамічнай супольнасьці падрыхтавала прапановы па новых лімітах, якія прыйдзецца прыняць і Беларусі. Падрыхтавана два варыянты.

Паводле аднаго варыянту тавары, таньнейшыя за 22 эўра, мытам абкладацца ня будуць, а вось за тавары коштам з 22 па 150 эўра будуць браць аднаразовы збор у 15 эўра. За тое, што даражэй за 150 эўра, возьмуць у казну 30% кошту ды яшчэ і збор у 15 эўра.

Другі варыянт яшчэ больш жорсткі адносна танных тавараў. З усіх заказаных тавараў коштам да 150 эўра, нават пры кошце 1 эўра, хочуць браць пошліну ў 10 эўра, а ўсё, што даражэй за 150 эўра, будзе абкладзена яшчэ і 30% падаткам.

Які варыянт будзе абраны, стане вядома пасьля 23 лістапада, калі скончыцца паседжаньне рады Эўразійскай эканамічнай супольнасьці.

Ці шмат у Беларусі людзей, якія праз інтэрнэт заказваюць тавары, праз інтэрнэт жа плацяць і атрымліваюць іх па пошце?

Пра агульныя памеры інтэрнэт-гандлю сказаць цяжка, таму што большасьць яго не кантралюецца. «Пасылкі з Кітаю — так, атрымліваем», — пацьвердзілі на Белпошце, але лічбаў не назвалі.

Шараговыя супрацоўнікі пошты кажуць пра навалу пасылак з Кітаю, краіны з другой эканомікай у сьвеце. Гэта пацьвярджае Алена, якая працуе ў 19-м паштовым аддзяленьні ў менскім мікрараёне Сухарава. Што, паводле Алены, замаўляюць найчасьцей?

«Ёсьць і вялікія пакункі, але ў асноўным заказваюць драбязу. Каму шмоткі, каму нешта да кухні, прыбамбасы да тэлефона, дзіцячыя цацкі. Вось мая дачка часта заказвае розныя тэлефонныя прылады, ад чахла да іншых рэчаў», — распавяла Алена.

На сайтах інтэрнэт-крамаў сярод тавараў, якія прапануецца набываць дыстанцыйна, сапраўды хапае тавараў недарагіх. Прыкладам, тыя ж чахольчыкі для мабільнікаў можна набыць усяго за 1–5 эўра. Паводле экспэртаў, такі гандаль у інтэрнэце ўвогуле спыніцца. Ці не перадумаюць у Беларусі дзейнічаць на шкоду спажыўцам?

«Мінгандлю не адмовіцца ад гэтай ідэі. Мы стаім на абароне ўнутранага рынку і зацікаўленыя ў тым, каб разьвіваўся наш розьнічны гандаль з нашым айчынным таварам і нашы інтэрнэт-крамы. А гэта і ёсьць якраз ахоўны мэханізм і стварэньне сумленных умоў на рынку», — казала яшчэ ў сярэдзіне году намесьнік міністра эканомікі Ірына Наркевіч. Паводле апошніх зьвестак, Беларусь і Казахстан ухвалілі прапановы па новым ліміце бяспошліннага гандлю, ня выказалася толькі Армэнія.

Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

Экспэрт у справах эканомікі Сяргей Балыкін мяркуе, што ўзгадненьне пошлін паміж Расеяй, Беларусьсю, Казахстанам і Армэніяй прынесла карысьць у гандлі некаторымі таварамі, прыкладам, электронікай. Але што да інтэрнэт-гандлю, гэта будзе шкодным.

«Для адных будзе карысна, для іншых — не. Для нацыянальных гандляроў будзе добра, а для нацыянальных спажыўцоў дрэнна. Але, на маю думку, і для нацыянальных гандляроў ды нацыянальных вытворцаў у выніку будзе дрэнна. Бо абмежаваньні ў доступе тавараў на ўнутраны рынак у вялікай пэрспэктыве таксама шкодныя. Па-першае, нашы грамадзяне страчваюць грошы, бо вымушаныя плаціць даражэй за тавары. Па-другое, гандляры і вытворцы страчваюць навыкі канкурэнтнай барацьбы на рынку. Таму лепш бы былі мінімальныя абмежаваньні ці ўвогуле б не было ніякіх».

Якія сілы стаяць за жаданьнем абкласьці фактычным падаткам інтэрнэт-гандаль? Кіраўнік фонду Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што не абышлося і без уплыву бізнэсу, блізкага да ўлады.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«У нас зноў, замест таго каб інтэграваць у сябе новыя формы гандлю, будуць лабіраваць інтарэсы тых людзей, якія ўклаліся ў гіпэрмаркеты, у гэтую структуру гандлю, за якой стаяць людзі з топ-вэртыкалі. Гэта супала з тым, што ў беларускім бюджэце павялічваюцца дзіркі. Улады загаварылі, што трэба стымуляваць легальны гандаль. Плюс таксама барацьба з чаўночным гандлем, што вельмі не задавальняе крамы кшталту такіх, як „Карона“ ці „Эўраопт“. Вось і пачынаецца выроўніваньне, як кажуць, падатковага статусу тавараў, якія купляюцца праз інтэрнэт».

Эканаміст Яраслаў Раманчук не выключае, што захады ўраду прывядуць да новых схем уцёкаў ад падаткаў і росквіту кантрабанды, а галоўнае — да страты добрых пэрспэктыў.

«Мы маглі б гэтак наладзіць справы, што праз нас бы замаўлялі тавары, як робіць вядомая кітайская крама „Алі-баба“, якая стварае канкурэнцыю нават „Амазону“ ці іншым вялікім інтэрнэт-крамам у ЗША. Але пры такім падыходзе мы сваёй „Алі-бабы“ яўна не дачакаемся, бо ў нас ў замест „Алі-бабы“ ёсьць толькі сорак разбойнікаў, якія робяць усё, каб зьнішчыць прадпрымальнікаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG