Рассельгаснагляд забараніў увоз у Расею 20 тон сьвежых агуркоў з Турэччыны. Іх везьлі ў Санкт-Пецярбург.
Як паведамляе расейскае ведамства, спэцыялісты ўпраўленьня службы па Цьвярской і Пскоўскай абласьцях выявілі неадпаведнасьць інфармацыі аб колькасьці ўпаковачных месцаў у рээкспартным фітасанітарным сэртыфікаце Беларусі і фітасанітарным сэртыфікаце краіны паходжаньня (Турэччына).
Апроч таго, была няправільна пазначана батанічная назва агурка звычайнага, паведамляе Рассельгаснагляд.
Турэцкія агуркі вернутыя ў Беларусь.
Таксама Рассельгаснагляд затрымаў тры машыны, якія перавозілі сьвежыя грушы зь Беларусі, вырашчаныя ў Марока, яблыкі, вырашчаныя ў Кітаі, і хурму з ПАР. Расейцы вінавацяць перавозчыкаў у фальсыфікацыі пячатак і подпісаў дзяржаўных інспэктараў, пастаўленых на беларускіх фітасанітарных сэртыфікатах. Транспартныя сродкі знаходзяцца на складзе Пскова, працягваецца разьбіральніцтва.
30 лістапада Рассельгаснагляд паведаміў пра дадатковыя ахоўныя меры ў дачыненьні да падкарантіннай прадукцыі, якая паступае ў Расею праз Беларусь.
Фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе адзначае «пагаршэньне сытуацыі з сапраўднасьцю фітасанітарных сэртыфікатаў, якія суправаджаюць падкарантінную прадукцыю».