Ягоны выступ заплянаваны сёньня ўвечары ў сталічным «Доме Масквы». Дзьве іншыя сустрэчы пасьля пратэстаў грамадзкасьці былі адмененыя — 15 лістапада ў канфэрэнц-залі гатэлю «Беларусь» і 17 лістапада ў кнігарні «Дом кнігі «Сьветач».
Узамен за наведваньне мерапрыемства навучэнцам нібыта абяцаныя дадатковыя выходныя. Пра гэта ў папярэднія дні ў сацыяльных сетках пісалі самі «добраахвотнікі».
Кіраўніца прэсавай службы ўнівэрсытэту Ала Баярка ў камэнтары для Радыё Свабода запэўніла, што ніякай прымусу ў дэлегаваньні студэнтаў на такога кшталту імпрэзы няма і быць ня можа. Больш за тое, сёньня на паседжаньні рэктарату гэтая тэма агучвалася асобна: «Унівэрсытэт падобнымі справамі не займаецца, нікуды студэнтаў адпраўляць мы ня будзем. Магу гэта афіцыйна вам заявіць. Сёньня на паседжаньні рэктарату пра гэта аб’явіў сам рэктар, таму гэта афіцыйная пазыцыя ВНУ.
Справа ў тым, што на пошту да рэктара Міхаіла Батуры прыйшло некалькі падобных пытаньняў і на нарадзе ён катэгарычна заявіў, што студэнтаў ніхто на гэтае мерапрыемства не адпраўляе. Калі нехта падобныя сустрэчы ў горадзе і праводзіць, то гэта асабістая справа арганізатараў. І як яны да сябе публіку на таго Старыкава будуць запрашаць — таксама іх праблемы. Прынамсі студэнты БДУІР афіцыйна туды адпраўляцца ня будуць. Калі яны па ўласнай ініцыятыве туды прыйдуць — зноў жа, іх прыватная справа, магчыма, хтосьці яго погляды і падзяляе».
Мікалай Старыкаў вядомы сваімі антыўкраінскімі і антыбеларускімі выказваньнямі, калі справа тычыцца жаданьня славянскіх народаў вырвацца з-пад расейскай апекі. Ён адзін зь лідэраў руху «Антымайдан», цалкам падтрымлівае анэксію Крыму і расейскую агрэсію ў Данбасе.