Звыш чатыры гады таму ў рэдакцыі Свабоды ўзьнікла ідэя правесьці сэрыю інтэрвію зь вядомымі рэфарматарамі посткамуністычных эканомік у Сярэдняй Эўропе. Не згадаю ўжо ўсіх абставін, у якіх мы нарадзілі гэтую ідэю, але, як сёньня мне падаецца, тады пра рэформы чамусьці загаварылі ў Беларусі. З такім кантэкстам, што, маўляў, эканамічная лібэралізацыя магчымая і ў аўтарытарнай дзяржаве, без палітычнай лібэралізацыі. Былі нават думкі, што ў дзяржаве, якая кіруецца «жалезнай рукой», рэформы праводзіць насамрэч лягчэй, чым у дэмакратыі. У гэтай сувязі мы згадалі рэфарматарскі досьвед франкісцкай Гішпаніі — я тады нават блог пра «гішпанскі эканамічны цуд» 1960-х напісаў. Але гаворка пра рэформы ў Беларусі ў 2011 як пачалася «ні з таго, ні зь сяго», так і закончылася. А воз і далей там. То бок сытуацыя ў беларускай эканоміцы і надалей залежыць ад сытуацыі ў расейскай эканоміцы і ад цэн на расейскі газ і расейскую нафту, а не ад прадпрымальнасьці саміх беларусаў.
Тады, у 2011, мне ўдалося правесьці гутаркі з двума важнымі сярэднеэўрапейскімі рэфарматарамі — Лаяшам Бокрашам з Вугоршчыны і Іванам Міклашам са Славаччыны. Ахвота рабіць далейшыя інтэрвію з рэфарматарамі (на чарзе быў Лешак Бальцаровіч з Польшчы) неяк выпарылася, калі стала ясна, што на той час нікога ў Беларусі гэтая тэма насамрэч не цікавіла.
Гутарка пра рэформы зноў пачулася ў Беларусі нядаўна, у сувязі з эканамічным форумам, праведзеным у Менску. Ігар Карней запісаў на гэтым форуме гутарку з польскім эканамістам Марэкам Дамброўскім, які ў 1989-1990 гг. быў першым намесьнікам міністра фінансаў Польшчы Лешака Бальцаровіча і разам зь ім запускаў у рух польскую «шокавую тэрапію». Мне адразу прыгадаліся мае інтэрвію з Бокрашам і Міклашам, я перачытаў іх і зразумеў, што ў беларускай сытуацыі гэтыя інтэрвію ні трохі не састарэлі, хоць былі зробленыя чатыры з паловай гады таму. Іх варта падняць з нашага электроннага архіву і паставіць на наш сайт яшчэ раз. Бо ў Беларусі час цячэ іначай, чым у астатняй Эўропе.
Мой калега Сяргей Дубавец сказаў бы, што час у Беларусі не цячэ — ён спыніўся, і ўсе мы жывем у спыненым часе. Гэтая мэтафара мне падабаецца, адно што я не пагаджаюся, што якраз усе мы жывем у спыненым часе. Маё зь Сяргеевым пакаленьне — так, безумоўна, мы апынуліся ў спыненым часе, і для нас мала што зьмянілася за апошнія 20 гадоў і, дапускаю, мала што зьменіцца за наступныя 20. Але тым маладым беларусам, якія нарадзіліся гадоў 20 ці нават 30 таму — ім час не спыніўся. Яны прыкладаюць да сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці іншую мерку — іхнае жыцьцё, так сказаць, яшчэ занадта маладое і занадта ненасытнае, каб яны маглі адчуць запаволенасьць ці нерухомасьць часу. Таму да сёньняшняй беларускай сытуацыі ў агульнасьці, як па мне, больш пасуе іншая мэтафара — «леташнія навіны».
Мы ў праскай рэдакцыі РС любім прыгадваць выпадак, калі адна наша калега, якая чытала навіны, узяла ў студыю не навіны, якія яна толькі што запісала, а раздрукаваны тэкст навінаў гадавой даўнасьці — яна памылкова адчыніла на сваім кампутары ня той файл, што трэба. Наша калега прачытала тыя старыя навіны, не падазраваючы, што чытае няправільны тэкст — проста ў гэтым жыцьці ўвесь час на сьвеце здараюцца то нейкія землятрусы, то войны, то паездкі палітыкаў, то выбары, і адзін год у нечым падобны на кожны іншы... Ня трэба і казаць, што ніхто са слухачоў РС таксама не зарыентаваўся, што яму прачыталі нясьвежыя навіны :)
Дык вось, тэма эканамічных рэформаў у Беларусі — гэта нешта накшталт такіх «леташніх навінаў». Яна гучыць час ад часу, і цяжка прывязаць гэтае гучаньне да нечага канкрэтнага, бо рэформаў як не было, так няма. Але яны, як усе мы ведаем, павінны быць, бо яны непазьбежныя. Таму, без аніякіх дакораў сумленьня, мы паднялі з нашага архіву гутаркі 2011 году з вугорскім і славацкім рэфарматарамі ды пастанавілі апублікаваць іх адразу пасьля публікацыі матэрыялу Ігара Карнея.
Лукашэнка ўжо 21 год пры ўладзе. Нагадаем, што Франсыска Франка пачаў эканамічную лібэралізацыю ў Гішпаніі ў 1959 годзе, пасьля дваццаці гадоў знаходжаньня за стырном краіны...