Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін з бацькоў польскіх рэформаў Марэк Дамброўскі распавёў, чаму «беларускі цуд» скончыўся


Марэк Дамброўскі
Марэк Дамброўскі

На нядаўнім Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Менску беларускія чыноўнікі сьмела загаварылі пра неабходнасьць карэнных рэформаў. Аднак на інаўгурацыі пры канцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка імпэт падначаленых астудзіў: ніякіх зьменаў у эканамічным курсе ня будзе.

Марэк Дамброўскі, адзін з «бацькоў» польскіх рэформаў сутыку 1989-1990 гг. (ён тады быў першым намесьнікам міністра фінансаў Лешака Бальцаровіча, аўтара «шокавай тэрапіі» ў Польшчы), кансультант шэрагу постсацыялістычных урадаў, а цяпер старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў CASE, з трыбуны і ў кулюарах згаданага форуму шчодра дзяліўся думкамі пра тое, чаму ў выпадку адмовы ад кардынальных пераўтварэньняў Беларусь так і застанецца анамаліяй у цэнтры Эўропы.

Адкуль растуць ногі ў міта пра «беларускі цуд»? Колькі яшчэ Беларусь зможа захоўвацца як анкляў нярынкавай эканомікі? Упершыню такімі пытаньнямі прафэсар Дамброўскі задаўся яшчэ на пачатку 2000-х, і праз паўтара дзясятка гадоў вымушаны паўтарыцца: чаму падобная мадэль існуе так доўга?

«У 2002 годзе мой адказ быў такі: малаверагодна, што краіна можа захавацца ў такім выглядзе і ў такой форме надоўга. Я разглядаў тры сцэнары, і ўжо першы прадугледжваў, што будзе адбывацца пэўная эвалюцыя ўнутры дадзенага палітычнага рэжыму ў бок рынкавых адносінаў. Ён часткова рэалізаваўся, хоць тэмпы гэтай эвалюцыі нашмат больш павольныя, чым я і іншыя экспэрты маглі тады чакаць. Адпаведна, паўстае пытаньне: чаму такая мадэль змагла захавацца так доўга? Ёсьць цэлы шэраг тлумачэньняў, але відавочна, што «беларускі цуд» канчаткова скончыўся падчас крызісу 2008–2009 гадоў. Так, у 2010-м быў невялікі ўздым, але пасьля тэмпы росту былі блізкія да нуля, а сёлета ўвогуле адмоўныя. Калі паглядзець на ўвесь пэрыяд трансфармацыі (а ў выпадку Беларусі – поўнай адсутнасьці трансфармацыі), краіна паказвае самы высокі сярэднегадавы ўзровень інфляцыі на ўсёй тэрыторыі былога СССР і адзін з найбольшых у сьвеце. Сёньня няшмат дзяржаваў, у якіх інфляцыя вышэйшая, чым у Беларусі».

Марэк Дамброўскі называе тры асноўныя прычыны, якім чынам Беларусі ўдалося закансэрвавацца ў сваім разьвіцьці.

Па-першае, нядрэнныя стартавыя пазыцыі пасьля распаду СССР, паколькі Беларусь аб’ектыўна была самай заможнай савецкай рэспублікай (узровень ВУП на душу насельніцтва, індэкс чалавечага разьвіцьця, тэхнічная і сацыяльная інфраструктура). Беларусь у меншай ступені пацярпела ад высокай долі абароннай прамысловасьці, тут больш былі разьвітыя рынкавыя сэктары.

Другая прычына папраўдзе ўнікальная — гэта адзіная посткамуністычная краіна, якая здолела захаваць інстытуцыянальны патэнцыял каманднай эканомікі. Тое, што звычайна называецца вэртыкальлю ўлады, але ў адносінах ня толькі да палітычнага кіраўніцтва, але і да кіраваньня эканомікай.

Трэці, найбольш відавочны фактар, — падтрымка з боку Расеі: крэдыты, ільготныя цэны на нафту і газ.

Дамінаваньне дзяржаўнага сэктару, перакананы Марэк Дамброўскі, — асноўная перашкода на шляху рынкавых рэформаў

Такім чынам, як вынікае з аналізу Марэка Дамброўскага, два дзясяткі гадоў «беларускі цуд» трымаўся збольшага на танных энэргарэсурсах, якія давала Расея ў абмен на ляяльнасьць саюзьніка. Толькі пасьля таго, як ва ўмовах абвалу цэнаў на нафту і заходніх санкцыяў за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Ўкраіны ўдвая абясцэніўся расейскі рубель, яскрава выявілася сутнасьць беларускай «эканамічнай бурбалкі»:

«Рэзка падняўся ўзровень дзяржаўнай запазычанасьці ў працэнтах ад валавога ўнутранага прадукту. І тут мы вяртаемся да старой праблемы: на самой справе асаблівасьці Беларусі ў тым, што фіскальная статыстыка не паказвае нам сапраўднай карціны. Шмат якія формы дзяржаўнай падтрымкі, дзяржаўнага фінансаваньня арганізуюцца па-за афіцыйнай бюджэтнай статыстыкай. То бок шляхам рознага кшталту квазібюджэтных апэрацыяў, якія рэалізоўваў і рэалізуе Нацбанк, банкаўскі сэктар, дзяржпрадпрыемствы, асабліва інфраструктурнага сэктару. Можна адзначыць, што гістарычна мы назіраем вялікую крэатыўнасьць у вынаходжваньні розных новых каналаў такога фінансаваньня. Таму ў дадзеным выпадку больш глыбокае статыстычнае дасьледаваньне гэтай зьявы не такое і простае. Дастаткова ўзгадаць праграму stand-by МВФ 2009–2010 гадоў, якая правалілася менавіта з-за гэтага фактару — квазібюджэтных апэрацыяў. Пры гэтым прававыя і апэратыўныя формы часта мяняліся, што ў прынцыпе ўскладняла маніторынг такой квазіфіскальнай дзейнасьці».

Дамінаваньне дзяржаўнага сэктару, перакананы Марэк Дамброўскі, — асноўная перашкода на шляху рынкавых рэформаў, пачынаючы зь мікраўзроўню. Кансэрвацыя ў плянавай эканоміцы стрымлівае канкурэнцыю і ўсталёўвае бар’еры для прыватнага бізнэсу і замежных інвэстараў:

«Сапраўды, асноўная праблема сёньняшняй Беларусі – гэта адсутнасьць рынкавых рэформаў на мікраўзроўні. То бок маем досыць лягічны набор наступстваў: дамінаваньне дзяржсэктару, мяккія бюджэтныя абмежаваньні, абмежаваньні канкурэнцыі, бар’еры ў разьвіцьці прыватных фірмаў, бар’еры для замежных інвэстараў і г.д. Так, можна адмяніць квазібюджэтныя апэрацыі і зрабіць больш жорсткай грашовую палітыку. Але аўтаматычна гэта будзе азначаць неабходнасьць закрыцьця неэфэктыўных дзяржпрадпрыемстваў. Гэта можна і трэба зрабіць, праўда, пры ўмове, што будуць знойдзеныя шляхі выхаду. У іншым выпадку, несумненна, сацыяльна-эканамічныя наступствы будуць досыць балючыя».

Выглядае, што беларускія ўлады гатовыя і надалей рабіць вялізныя ўкладаньні ў неэфэктыўныя вытворчасьці, абы ня выклікаць сацыяльнай напружанасьці ў грамадзтве. Таму і размовы пра рэструктурызацыю маральна і фізычна састарэлых прадпрыемстваў успрымаюцца ў штыкі – маўляў, лепш плаціць малыя заробкі, але максымальна заняць насельніцтва. Аднак, як кажа Марэк Дамброўскі, ёсьць багаты досьвед іншых краінаў, дзе рэформы здолелі выканаць асноўныя задачы: мадэрнізаваць вытворчасьць і пісьменна разьмеркаваць людзкія рэсурсы:

«Што я маю на ўвазе пад шляхамі выхаду? Найперш, стварыць магчымасьць трансфармацыі дзяржпрадпрыемстваў, у якіх ёсьць шанец выжыць, рэструктурызавацца. То бок — каб яны сталі прыватнымі, каб прыцягнуць туды стратэгічных міжнародных інвэстараў, якія б маглі вывесьці гэтыя прадпрыемствы на новы ўзровень. Ужо дастаткова досьведу розных краінаў як Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, так і былога СССР. Практыка паказвае, што гэты шлях можа быць вельмі надзейны.

Па-другое, патрэбная новая эканоміка. Перадусім я маю на ўвазе больш лібэральныя ўмовы для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу, які зможа абсарбаваць лішак працоўнай сілы, якая будзе вызваляцца з традыцыйнага сэктару, а таксама будзе прыцягваць іншыя рэсурсы. Гэта клясыка працэсу трансфармацыі ва ўсім рэгіёне. Такія магчымасьці трэба стварыць. Вядома, гэта прадугледжвае досыць шырокамаштабныя рэформы».

Марудзіць з прыняцьцем рашэньня, перакананы спадар Дамброўскі, ня мае сэнсу: Беларусь за два дзесяцігодзьдзі ператварылася ў эўрапейскага аўтсайдэра практычна па ўсіх паказьніках. І ня толькі эўрапейскага — нават у рамках СНД:

«Беларусь адстае практычна па ўсіх парамэтрах, пачынаючы, што называецца, з азбукі, зь лібэралізацыі цэнаў: апроч Туркмэністану і Ўзбэкістану, адстае ад усіх іншых краінаў СНД. Гандаль і валютны рэжым – тое ж самае. Малая прыватызацыя – аснова разьвіцьця рынкавай эканомікі – адставаньне нават ад Узбэкістану. Буйная прыватызацыя – карціна падобная. Кіраваньне дзяржпрадпрыемствамі і іх рэструктурызацыя — тут, у прынцыпе, уся Садружнасьць ня надта прасунутая ў гэтай галіне, так што карціна прыблізна аднолькавая. Але нават на гэтым ня вельмі добрым фоне Беларусь усё ж адстае. Што тычыцца палітыкі канкурэнцыі, то можна адзначыць наступнае: большасьць краінаў, за выключэньнем Малдовы, Расеі, Украіны, Армэніі, застаюцца далёка ззаду».

Якія высновы можна зрабіць з гэтага сьціслага эканамічнага аналізу? Марэк Дамброўскі настойвае, што рэформы Беларусі неабходныя як на макра-, так і на мікраўзроўні. Іначай адкат будзе працягвацца:

«Найперш, макраэканамічная стабілізацыя абсалютна неабходная. Гэта бясспрэчна, бяз гэтага рушыць наперад рэформы будзе складана. Пакуль няма даверу валюце, няма даверу стабільнасьці, а ёсьць высокая інфляцыя, няма станоўчага асяродзьдзя для эканамічнага разьвіцьця; яно будзе немагчымым без прарыву ў сфэры мікраэканамічных інстытуцыянальных рэформаў. Ключавая роля ў галіне макраэканамічнай стабілізацыі ў выпадку Беларусі належыць вяртаньню даверу да нацыянальнай валюты. Для гэтага, я ўжо казаў, неабходна скасаваць квазіфіскальныя апэрацыі і знайсьці трывалы якар грашовай палітыкі, якога не было. Рэжым фармальны і рэжым фактычны пастаянна зьмяняліся: нібыта быў фіксаваны курс, але ён занадта часта карэктаваўся, каб дзейнічаў курсавы якар. Ну, і мікраэканамічныя рэформы, я іх закранаў: прыватызацыя і дэрэгуляцыя эканомікі. А першы крок у кірунку адкрыцьця эканомікі – давесьці да канца працэс уступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Таксама разьвіцьцё канкурэнтнага фінансавага сэктару, што вельмі важна для рэструктурызацыі эканомікі. Прававыя рэформы ў самым шырокім сэнсе, пачынаючы ад Крымінальнага кодэксу, праз ролю пракуратуры, праваахоўных органаў, правапрымяненьня грамадзянскіх судоў. Але гэта асобная размова, якая выходзіць за рамкі нашай тэмы».

Марэк Дамброўскі. Доктар эканамічных навук, прафэсар. Адзін з заснавальнікаў Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў у Варшаве (CASE), ад 2011-га — старшыня Назіральнай рады цэнтру “CASE Украіна” ў Кіеве. Сябра Вучонай рады Інстытуту эканамічнай палітыкі імя Ягора Гайдара ў Маскве. Ад пачатку 1990-х удзельнічаў у дасьледчых і кансультацыйных праграмах CASE у Азэрбайджане, Баўгарыі, Беларусі, Босьніі і Герцагавіне, Грузіі, Эгіпце, Іраку, Емэне, Казахстане, Кіргізстане, Малдове, Манголіі, Польшчы, Расеі, Румыніі, Македоніі, Сэрбіі, Сырыі, Туркмэністане, Узбэкістане, Украіне. Займаў пасаду першага намесьніка міністра фінансаў Польшчы, быў дэпутатам польскага Сэйму, сябрам Рады грашовай палітыкі Нацыянальнага банку Польшчы. Марэк Дамброўскі — кансультант Усясьветнага банку і Праграмы разьвіцьця ААН. Сфэра навуковых інтарэсаў уключае праблемы макраэканамічнай палітыкі, глябалізацыі, фінансавых крызісаў, палітычнай эканоміі трансфармацыі, эўрапейскай інтэграцыі, ролі міжнародных фінансавых арганізацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG