На борце расейскага авіяляйнэра, які загінуў у Эгіпце, хутчэй за ўсё, адбыўся выбух, але пакуль не зразумелая яго прычына. Як паведаміла агенцтву Reuters эгіпэцкая крыніца, блізкая да расьсьледаваньня авіякатастрофы, гэта магло быць зьвязана з палівам, а магла быць і бомба. Паводле зьвестак крыніцы, цяпер экспэрты дасьледуюць склад пяску на месцы падзеньня абломкаў самалёта.
Тэлекампанія Сі-Эн-Эн паведаміла са спасылкай на амэрыканскія выведвальныя крыніцы, што ў зьбітым расейскім самалёце А-321 экстрэмістамі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» была закладзеная бомба.
У сераду ж Вялікабрытанія ня выключыла, што на борце расейскага А321 магло спрацаваць выбуховае прыстасаваньне. Паколькі новыя дадзеныя расьсьледаваньня выклікаюць такія асьцярогі, брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмэран паведаміў, што рашэньнем кабінэту прыпынены прыём самалётаў з эгіпэцкага курортнага горада Шарм-эш-Шэйх, адкуль вылецеў 31 кастрычніка загінулы над Сінаем расейскі самалёт. Экспэрты павінны праверыць усе брытанскія самалёты, гатовыя да вылету з Шарм-эш-Шэйха.
Раней у сераду эгіпэцкае падразьдзяленьне экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» зноў заявіла, што менавіта яго сіламі была ўчыненая катастрофа расейскага Airbus А321, у якой загінулі 224 чалавекі. Як паведаміла агенцтва Reuters, у запісе ў Твітэры, якім звычайна карыстаецца «ІД», зьявіўся відэазварот, у якім экстрэмісты абяцаюць хутка распавесьці ўсяму сьвету, як менавіта гэта было зроблена. Сапраўднасьць аўдыёзапісу пакуль не ўстаноўленая.
Раней падобныя сьцьвярджэньні адкінулі і расейскія, і эгіпэцкія спэцыялісты, спасылаючыся на тое, што ў дзейных на Сінаі баевікоў няма зброі, здольнай паразіць паветраныя мэты на вышыні 9000 мэтраў, на якой ляцеў самалёт.
Неафіцыйных вэрсіяў катастрофы некалькі — ад тэракту да памылкі экіпажу.