Экспэрты амэрыканскай выведвальна-аналітычнай кампаніі Stratfor не выключаюць, што найбольш верагоднай прычынай катастрофы расейскага самалёта A321 у Эгіпце стаў падрыў на борце выбуховага прыстасаваньня.
Пра гэта гаворыцца ў дакладзе агенцтва на ягоным сайце.
«Улічваючы малаверагоднасьць альтэрнатыўных сцэнароў, падаецца, што найбольш верагодным тлумачэньнем падзеньня самалёта зьяўляецца наяўнасьць выбуховага прыстасаваньня на борце», — гаворыцца ў дакладзе.
Экспэрты мяркуюць, што выбуховае прыстасаваньне магло быць у кагосьці з пасажыраў або ў багажным аддзяленьні.
У Stratfor аднак заявілі, што ня могуць цалкам выключыць верагоднасьць няспраўнасьці самалёта.
У той жа час дырэктар амэрыканскай нацыянальнай выведкі Джэймс Клэпер напярэдадні заявіў, што ЗША ня маюць пацьверджаньня вэрсіі аб магчымым тэракце супраць расейскага пасажырскага самалёта, які ўпаў на Сынайскім паўвостраве.
Раней зьявіліся паведамленьні, што баевікі эгіпэцкага падразьдзяленьня групоўкі «Ісламская дзяржава» ўзялі на сябе адказнасьць за крушэньне самалёта.
У панядзелак кіраўнік «Расавіяцыі» Аляксандар Нерадзько заявіў, што вэрсія аб зьнешнім узьдзеяньні на аэробус «не заснаваная ні на якіх рэальных фактах» і што рабіць высновы пра прычыны катастрофы самалёта заўчасна. У кампаніі «Кагалымавія» заявілі, што «адзінай зразумелай прычынай» трагедыі магло стаць «зьнешняе мэханічнае ўзьдзеяньне» на яго.
У Эгіпце зараз ідзе расшыфроўка бартавых самапісцаў.
Самалёт авіякампаніі «Кагалымавія», які выконваў рэйс з Шарм-эль-Шэйха ў Пецярбург, пацярпеў крушэньне 31 кастрычніка. Загінулі ўсе 224 чалавекі, якія знаходзіліся на борце, сярод іх чацьвёра грамадзян Украіны і адзін грамадзянін Беларусі.