Целы 114 загінулых у выніку авіякатастрофы самалёта А321 у Эгіпце даставілі з Каіра ў Санкт-Пецярбург.
Парэшткі ахвяраў даставіў самалёт МНС Расеі Іл-76. Працэдура апазнаньня цел будзе праводзіцца ў Санкт-Пецярбургу.
31 кастрычніка на Сінайскім паўвостраве ўпаў расейскі авіяляйнэр, які ляцеў з Эгіпту ў Санкт-Пецярбург. Самалёт Airbus A321 «Кагалымавія», які выконваў рэйс Шарм-эш-Шэйх — Санкт-Пецярбург празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту ня выйшаў на сувязь з дыспэтчарамі ў Ларнацы (Кіпр), самалёт зьнік з экранаў радараў.
На борце было 217 пасажыраў і 7 сябраў экіпажу. Усе яны загінулі. Сярод ахвяраў быў адзін грамадзянін Беларусі.