Паводле інфармацыі Белстату, у жніўні на 4 мільёны 480 тысяч беларусаў, якія працавалі, прыпадала 2 мільёны 757 тысяч пэнсіянэраў. А пэнсіі дзяржава выплачвае менавіта за кошт страхавых унёскаў тых, хто працуе. Таму многія адмыслоўцы кажуць, што пэнсійны ўзрост варта павялічыць. Натуральна, гэтая прапанова сярод народу непапулярная. Але ці гатовая дзяржава забясьпечыць працоўнымі месцамі людзей сталага веку?
Паводле статыстыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны за першае паўгодзьдзе 2015 году, па ўзроставых групах з 45 да 49 гадоў — 13,6% беспрацоўных, з 50 да 54 гадоў — 16,5% беспрацоўных, з 55 да 60 гадоў — 9,1% беспрацоўных. То бок у суме выходзіць, што людзі перадпэнсійнага ўзросту складаюць 38,2% сярод беспрацоўных.
Нават у службах занятасьці кажуць, што пасьля 45 гадоў знайсьці працу ў людзей шанцаў амаль няма.
Дырэктар Дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык кажа:
«Першая праблема, што найбольш уразьлівая група людзей на рынку працы — гэта людзі якраз перадпэнсійнага ўзросту. Калі паглядзець уважліва, што адбывалася зь людзьмі такога веку ў краінах, дзе рабіліся рэформы, то на пачатку такой актыўнай рэструктурызацыі беспрацоўе расло найбольш якраз сярод людзей у перадпэнсійным і першыя 5 год пэнсійнага веку. То бок гэта б’е найбольш па такіх катэгорыях людзей. А калі атрымліваецца, што дзяржава да гэтага яшчэ і падвышае пэнсійны ўзрост, яна пагаршае праблему вельмі істотна. То бок гэта людзі, якія могуць лёгка страціць працу, але зь цяжкасьцю яе знойдуць, таму што ім складана прайсьці перападрыхтоўку, ну і проста знайсьці сваё месца на рынку працы — калі чалавек прапрацаваў усё жыцьцё на адным прадпрыемстве, якое аказалася непатрэбным у новай структуры эканомікі».
Людзі перадпэнсійнага ўзросту перажываюць вялікі стрэс, што зь імі не працягнуць кантракт. Псыхіятры і псыхатэрапэўты сьцьвярджаюць, што ў людзей перадпэнсійнага і пэнсійнага ўзросту імкліва павышаецца колькасьць трывожных і дэпрэсіўных парушэньняў.
Дырэктар дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык кажа, што падвышаць пэнсійны ўзрост — гэта значыць вельмі моцна павышаць рызыку ня проста беспрацоўя, а сталага беспрацоўя, так званага структурнага беспрацоўя. То бок гэтыя людзі маюць патрэбу ў падтрымцы, якую дзяржава на дадзеным этапе аказваць адмаўляецца.
Таму калі цяпер чыноўнікі самага высокага рангу кажуць пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту, адначасова трэба казаць, якія гарантыі павінны быць забясьпечаныя тым, хто акажацца гэтымі самымі, так бы мовіць, «структурнымі беспрацоўнымі».
Калі падвысіць пэнсійны ўзрост цяпер — гэта значыць адкласьці праблему, скажам, на 5 гадоў наперад. Праз 5 гадоў будзе тая самая праблема з пэнсійным фондам
На думку эканаміста Аляксандра Чубрыка, які сур’ёзна дасьледуе рынак працы, варта на пэрыяд, калі будзе адбывацца актыўная фаза структурных рэформаў, не чапаць пэнсійны ўзрост. Тут трэба ўсё ўзважліва разьлічваць і аналізаваць.
Ці гатовае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны да пэнсійнай рэформы? Ці праводзіўся грунтоўны аналіз, ці рабіліся разьлікі, ці гатовая дзяржава забясьпечыць занятасьць жанчын пасьля 55 гадоў і мужчын пасьля 60-ці?
У аддзеле сацыяльнай абароны Навукова-дасьледчага інстытуту працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Радыё Свабода атрымала такі адказ:
«Мы праводзілі дасьледаваньні рынку працы ў цэлым, але што тычыцца пэнсійнай сыстэмы, не праводзілі».
То бок сур’ёзных разьлікаў і аналізу пакуль няма. Нават калі пэнсійны ўзрост і будзе зараз павышаны, праблему гэта ня вырашыць, лічыць дырэктар дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык:
«Калі падвысіць пэнсійны ўзрост цяпер — гэта значыць адкласьці праблему, скажам, на 5 гадоў наперад. Праз 5 гадоў будзе тая самая праблема з пэнсійным фондам. То бок я б сказаў так: калі мы падвышаем пэнсійны век, адначасова трэба даваць уцямную і зразумелую праграму рэформы пэнсійнай сыстэмы».
А гэтай уцямнай і зразумелай праграмы рэфармаваньня пэнсійнай сыстэмы ў Беларусі пакуль няма.