Паводле інфармацыі мэдыкаў, узровень першаснай захворвальнасьці на псыхічныя і паводзінныя разлады (акрамя захворваньняў, зьвязаных з ужываньнем псыхаактыўных сродкаў) у Беларусі ў 2014 годзе склаў 764,5 на 100 тысяч насельніцтва. Гэта вышэй, чым у 2005 годзе, на 30,2%.
У той жа час, паводле зьвестак галоўнага пазаштатнага спэцыяліста Міністэрства аховы здароўя Беларусі па псыхалёгіі і псыхатэрапіі Ірыны Байковай, агульная захворвальнасьць насельніцтва на псыхічныя і паводзінныя разлады за апошнія 10 гадоў павялічылася на 26,9%.
З чым зьвязаны такі рост і ці рэальныя гэта лічбы ў 30%, Свабода высьвятляла ў практыкуючых псыхатэрапэўтаў і псыхіятараў. Яны аднадушныя ў тым, што, па-першае, псыхіятрычная і псыхатэрапэўтычная дапамога стала больш даступнай. У Менску практычна ў кожнай паліклініцы ёсьць псыхатэрапэўт, у кожным райцэнтры краіны ёсьць псыхіятар. Па-другое, лекарам сталі больш давяраць, псыхафобія зьнізілася. Па-трэцяе, лекары сталі больш пісьменннымі і перасталі баяцца ставіць дыягназы.
Што да дакладнасьці агучанай спэцыялістамі Міністэрства аховы здароўя cтатыстыкі, то практыкуючы псыхіятар і выкладчык, сябра Рэспубліканскай псыхіятрычнай асацыяцыі выказаў такое меркаваньне:
«Калі б насамрэч на 30% павялічылася захворвальнасьць, гэта было б ледзьве не катастрофай. У нас у краіне няма дакладнай статыстыкі, якая зьбіраецца па першаснай дакумэнтацыі. А яна запаўняецца няправільна — я сам спрабаваў правесьці аналіз па першаснай дакумэнтацыі для сваёй кандыдацкай дысэртацыі — дакладнай статыстыкі няма.
Рост псыхіятрычных захворваньняў і паталёгіяў можа быць, бо цяпер падрастае пакаленьне, якое ў раньнім узросьце перажыло 1990-я гады і развал Саюзу, і яны менш стрэсаўстойлівыя.
Але рост псыхіятрычных захворваньняў і паталёгіяў можа быць. Бо цяпер падрастае пакаленьне, якое ў раньнім узросьце перажыло 1990-я гады і развал Саюзу, і яны менш стрэсаўстойлівыя. Але гэта чыста тэарэтычныя высновы.
Скачок любога парамэтру ў сыстэме на 30% — гэта не эвалюцыя, гэта рэвалюцыя, гэта сыстэма разьнясецца ў пух і прах. І каб такое было... Такі рэзкі рост можа быць пры грамадзянскай вайне. Тэарэтычна — ва Ўкраіне, і тое, я сумняюся. Вось у Сырыі — так, можа быць, бо там сапраўды стрэс, можна памерці, можна ўсё страціць, краіна расколатая. Там такі рост можа быць, а ў нас — наўрад ці».
Псыхіятар Ігар Сарокін, загадчык Менскага гарадзкога псыханэўралягічнага дыспансэра, пацьвярджае, што рост псыхапаталёгіяў ёсьць, але цяжка назваць адну першапрычыну росту псыхічных разладаў. Іх шмат:
«Старэе насельніцтва, і ў многіх пажылых людзей, якія застаюцца ў адзіноце, калі дзеці зьяжджаюць ці пераяжджаюць у свае кватэры, назіраецца павелічэньне трывожных разладаў, дэпрэсіўных парушэньняў.
Ну і, па вялікім рахунку, жыцьцё ў быццам бы спакойнай, не ваюючай Беларусі прымушае час ад часу задумвацца: „А што далей?“ І хаця гэтая дзяржава дэкляруе сябе сацыяльна арыентаванай, пэнсіянэрам і асобам, якія набліжаюцца да пэнсійнага ўзросту, цяжка цяпер жыць у прадчуваньні, што павысяць пэнсійны ўзрост, у прадчуваньні матэрыяльна незабясьпечанай старасьці.
Мне як практыкуючаму псыхатэрапэўту даволі часта даводзіцца сутыкацца з тым, што да нас ў стацыянар на лячэньне паступаюць людзі, якія альбо ўжо страцілі працу з-за скарачэньняў, альбо рыхтуюцца да скарачэньня. Усё гэта спрыяе таму, што павышаецца колькасьць трывожных і дэпрэсіўных парушэньняў. Хаця яна павышаецца ня толькі ў нас, а і ва ўсім сьвеце.
Беларусаў у першую чаргу непакоіць галеча і адсутнасьць працы.
Беларусаў у першую чаргу непакоіць галеча і адсутнасьць працы. Дакладней, спачатку адсутнасьць працы, а потым ужо галеча. Калі беларус ня ведае, чым яму заняцца, ён пачынае нудзіцца, настрой у яго псуецца, зьяўляецца трывога. Хтосьці спрабуе вырашыць гэта з дапамогай алькаголю, а хтосьці трапляе ў аддзяленьне нэўрозаў».
І яшчэ крыху статыстыкі. З пацыентаў, якiя зьяўляюцца iнвалiдамi па псыхічным захворваньні, каля 60% маюць працаздольны ўзрост. У 2014 годзе працавалі 5,6% ад агульнай колькасьці інвалідаў. Хаця, як сьведчаць псыхіятры, паўнавартасна працаваць могуць значна больш людзей з пэўнымі псыхапаталёгіямі. То бок псыхафобія ў беларускім грамадзтве ўсё яшчэ ёсьць, у тым ліку ў наймальнікаў і працадаўцаў.