34 мільярды рублёў не далічыліся мясакамбінаты і некаторыя гандлёвыя арганізацыі Гомельшчыны, пастаўляючы пад ціскам мясцовых чыноўнікаў сваю прадукцыю расейскім махлярам. Да сумнеўных схемаў мелі дачыненьне былыя намесьнікі старшыні аблвыканкаму Віктар Банчук і Віктар Трызна, суд над якімі распачаўся ў Магілёве.
На першых ролях у камэрцыйных схемах, празь якія з рэгіёну вывозілася мясная прадукцыя, выступалі прадстаўнікі расейскіх камэрцыйных фірмаў «Росбелагро» і «Мастер-торг» — муж і жонка Ірына і Яўген Жаравы, а таксама Дзьмітры Трызна, сын цяпер ужо былога намесьніка старшыні аблвыканкаму Віктара Трызны.
Паводле сьледзтва, празь іх Гомельскаму, Жлобінскаму ды Калінкавіцкаму мясакамбінатам, ААТ «Дыялёг-Гомель», Гомельскаму холадакамбінату і аптова-розьнічнаму цэнтру «Асарці» — прадпрыемствам холдынгу «Гомельаблгандаль» — нанесена вялікая шкода: звыш 34 мільярдаў рублёў, або паводле сёньняшняга курсу, больш як два мільёны даляраў.
Мясакамбінаты прызнаюць, што расейскія фірмы не разьлічыліся за атрыманую прадукцыю, але пацьвердзіць суму доўгу пакуль адмаўляюцца.
Намесьніца дырэктара Гомельскага мясакамбінату:
«Я пакуль гэтую інфармацыю даваць ня буду — пачаўся суд. Па выніках суду ўсю інфармацыю і атрымаеце».
Намесьніца дырэктара ня можа таксама сказаць, чаму мясакамбінат адпускаў прадукцыю без аніякай папярэдняй аплаты:
«Тут такія пытаньні, што я пакуль ня буду гаварыць. У гэтым разьбярэцца суд — ён пачаўся. Камэнтаваць гэта цяпер я не магу».
Прыкладна такія ж адказы на пытаньні прагучалі і ад фінансістаў Калінкавіцкага мясакамбінату, які таксама адгружаў у Расею мясныя вырабы без папярэдняй аплаты.
За 2013 год мясакамбінаты рэгіёну панесьлі агулам 150 мільярдаў рублёў стратаў
Расейскія бізнэсоўцы ашуквалі гомельскія мясакамбінаты ў пэрыяд са сьнежня 2012 па чэрвень 2013 году. У выніку за 2013 год мясакамбінаты рэгіёну, якія ўваходзяць у Гомельскі мяса-малочны холдынг, панесьлі агулам 150 мільярдаў рублёў стратаў. Атрымліваць мясную прадукцыю расейцам актыўна дапамагаў Дзьмітры Трызна. Высокая пасада ягонага бацькі спрыяла, каб гэту прадукцыю гомельскія мясаперапрацоўчыя і гандлёвыя прадпрыемствы адпускалі бяз грошай.
Запазычанасьць расейцамі не пагашана да гэтага часу. І паколькі не было разьлікаў, то бюджэт рэгіёну недаатрымаў багата падаткаў.
З агучанага ў судзе абвінавачаньня, складзенага сьледзтвам, вядома, што намесьнікі старшыні Гомельскага аблвыканкаму Віктар Трызна і Віктар Банчук, а таксама Алег Чэркас як генэральны дырэктар холдынгу «Гомельская мяса-малочная кампанія», будучы на кіраўнічых пасадах, сваімі дзеяньнямі спрыялі зьдзяйсьненьню злачынстваў расейскімі прадпрымальнікамі Жаравымі і Дзьмітрыем Трызнам.
Трое апошніх паўсталі перад судом паводле абвінавачаньня ў махлярстве, саўдзеле ў злачынстве, злоўжываньньні ўладаю, перавышэньні службовых паўнамоцтваў і нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу.
Па сутнасьці, такі самы «набор» крымінальных артыкулаў — і ў былога намесьніка старшыні аблвыканкаму Віктара Трызны, за выняткам нанясеньня маёмаснай шкоды.
Віктар Банчук абвінавачаны ў перавышэньні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў, Алег Чэркас — у злоўжываньні ўладай ці службовымі. паўнамоцтвамі.
Інфармацыйныя рэсурсы паведамілі, што ніводзін з абвінавачаных сваёй віны на судзе не прызнаў. Віктар Банчук прасіў суд перакваліфікаваць абвінавачваньне на халатнасьць. Муж і жонка Жаравы заявілі, што меліся разьлічыцца з гомельскімі прадпрыемствамі ў траўні 2014 году, але ня здолелі, бо іх затрымалі праваахоўнікі.
Пакуль невядома, ці зробіць суд нейкія высновы ў дачыненьні да кіраўнікоў гомельскіх мясаперапрацоўчых і гандлёвых прадпрыемстваў, якія бясплатна аддавалі мясную прадукцыю расейскім махлярам.