Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскіх карупцыянэраў будуць судзіць у Магілёве


У Магілёўскі абласны суд паступіла крымінальная справа, асноўныя фігуранты якой — былыя кіраўнікі Гомельскай вобласьці: першы намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Банчук і намесьнік старшыні Віктар Трызна.

Паводле інфармацыі, якую суд даў для СМІ, усяго ў крымінальнай справе шасьцёра абвінавачаных: два намесьнікі старшыні аблвыканкаму Банчук і Трызна, сын апошняга зь іх — дырэктар прыватнага прадпрыемства, сямейная пара з Расеі — індывідуальная прадпрымальніца і яе муж, дырэктар ТАА. Шосты абвінавачваны — былы дырэктар холдынгу «Гомельская мяса-малочная кампанія», а раней намесьнік старшыні Гомельскага райвыканкаму Алег Чэркас. Мінулым летам ён быў асуджаны па іншай крымінальнай справе на пяць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з прымяненьнем амністыі на адзін год — за злоўжываньне ўладай і яе перавышэньне.

Крымінальная справа пра гомельскіх карупцыянэраў аб`ёмная, у ёй 90 тамоў, два зь іх займае абвінавачваньне. Дэталяў яе ў судзе пакуль не разгалошваюць. Зь неафіцыйных крыніцаў, аднак, вядома, што прыватнае прадпрыемства сына намесьніка старшыні аблвыканкаму скупляла жывёлу ў калгасах і саўгасах Гомельшчыны, а пасьля перапрадавала як купленую ў прыватнікаў.

Як працавала схема і якая роля ў ёй высокапастаўленых чыноўнікаў, стане вядома, калі абвінавачаньне зачытаюць у судзе.

На дадзены момант Віктар Банчук абвінавачваецца ў перавышэньні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў, Віктар Трызна — яшчэ і ў дапамозе злачынству, махлярстве, падбухторваньні да ўчыненьня злачынства.

Сын намесьніка старшыні аблвыканкаму, дырэктар прыватнай фірмы, мае адказваць у судзе за нанесеную маёмасную шкоду без прыкметаў крадзяжу, махлярства групай асоб альбо ў буйным памеры, падбухторваньне да ўчыненьня перавышэньня ўлады і злоўжываньня ўладай.

Грамадзянка Расеі, індывідуальная прадпрымальніца, і яе муж, таксама расеец, дырэктар фірмы, абвінавачваюцца ў махлярстве, нанясеньні маёмаснай шкоды, падбухторваньні да ўчыненьня карупцыйных злачынстваў.

Былы кіраўнік холдынгу «Гомельская мяса-малочная кампанія» Алег Чэркас у гэтай справе будзе адказваць за злоўжываньне ўладай — паводле часткі 3 артыкула 424 КК.

Магілёўскі абласны суд мае распачаць разгляд рэзананснай крымінальнай справы ў кастрычніку.

Гэта ўжо ня першы выпадак, калі гомельскіх карупцыянэраў судзяць менавіта ў Магілёве.

Летась у красавіку Магілёўскі абласны суд прызнаў вінаватым у злоўжываньні службовым становішчам пры разьмеркаваньні кватэраў былога старшыню Гомельскага гарвыканкаму Віктара Піліпца і асудзіў яго на пяць гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з адміністрацыйна-разьмеркавальнай і адміністрацыйнай дзейнасьцю тэрмінам на пяць гадоў.

На пяць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму асуджаны і былы дырэктар управы капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму Ігар Адарчанка, які спрыяў Піліпцу ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Сёлета ў студзені той жа Магілёўскі абласны суд вынес вырак былому намесьніку начальніка крымінальнай міліцыі ўпраўленьня ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму Вячаславу Іваненку — ён пазбаўлены званьня палкоўніка міліцыі і адпраўлены за краты на сем гадоў за атрыманьне хабару ў буйным памеры, падбухторваньне да даваньня хабару і завалодваньне маёмасьцю шляхам падману.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG