Цэнтравыбаркам Беларусі па стане на раніцу панядзелка не атрымліваў скаргаў ад кандыдатаў у прэзыдэнты па выніках выбараў, заявіла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына ў панядзелак на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.
«Скаргаў па выніках выбараў пакуль не паступала. Традыцыйна раніцай, пасьля галасаваньня, іх і не бывае, бо тыя, хто прайграў, і іхнія каманды зьбіраюцца зь сіламі», — цытуе Ярмошыну Інтэрфакс.
Выбары прэзыдэнта Беларусі адбыліся 11 кастрычніка 2015 году. У барацьбе за вышэйшы палітычны пост краіны ўзялі ўдзел чатыры кандыдаты.
Паводле папярэдніх зьвестак ЦВК, дзейны прэзыдэнт краіны Аляксандар Лукашэнка набраў 83,49% галасоў выбарцаў, Тацяна Караткевіч — 4,42%, Сяргей Гайдукевіч — 3,32%, Мікалай Улаховіч — 1,67% галасоў выбарцаў.
Канчатковыя вынікі выбараў, як мяркуецца, будуць абвешчаныя ў пятніцу.