«У тым выпадку, калі ў Цэнтральную выбарчую камісію паступіць заява ад кандыдата ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч з просьбай прадставіць ёй дадатковы час для выступленьня па тэлебачаньні замест іншага кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, які адмовіўся ад гэтага, то выканаць просьбу прэтэндэнткі будзе даволі праблематычна», — сказала сёньня на прэсавай канфэрэнцыі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Яна патлумачыла, што праблемаў тут тры. Першае, як сказала старшыня ЦВК, — час выдзяляецца для пэўнага кандыдата, і не прадугледжана, каб гэты час перадаваўся іншаму. Па-другое, тэлевізійная праграма ўжо зьвярстаная, і ўносіць зьмены будзе таксама складана. І трэцяе, — выглядае так, што час гэтага выступу можа накласьціся на пачатак датэрміновага галасаваньня, чаго яшчэ ніколі не было ў практыцы правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў.
Лідзія Ярмошына абвергла інфармацыю пра тое, што Тацяна Караткевіч нібыта ўжо падала заяўку. Ярмошына сказала, што, магчыма, Караткевіч зьбіраецца гэта зрабіць, але да гэтага часу афіцыйнай заявы ад яе ў Цэнтравыбаркам не паступала.
Некалькі дзён таму, выступаючы перад працоўнымі, Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ў яго няма часу выступаць на тэлебачаньні і ён згодны перадаць свой ліміт часу іншым кандыдатам.
Як патлумачыў Свабодзе кіраўнік выбарчага штабу Тацяны Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў, заяўка ў ЦВК дасланая поштай: «Магчыма, яна проста не пасьпела яшчэ прыйсьці».